Чаму мы не размаўляем па-беларуску?

Апошнімі гадамі звужаецца кола ўжытку беларускай мовы. Асабліва ў адукацыйным плане. Што могуць зрабіць беларусы, каб іх родная мова не трапіла неўзабаве ў спіс тых, што адышлі ў нябыт? Чаму беларус з беларусам не размаўляе па-беларуску?


Многія са шчырых сыноў і дачок Бацькаўшчыны, выкладчыкаў беларускай мовы і беларускай літаратуры, слынных сыноў-пісьменнікаў Бацькаўшчыны, настаўнікаў і вучняў вясковых школ і класаў і яшчэ тысячы непералічаных сапраўдных беларусаў, — размаўляюць па-беларуску паўсюдна, штодзённа.


У нашым раёне 20 беларускамоўных школ. Для беларускай мовы ў старэйшых класах па навучальным плане адведзена дзве гадзіны і столькі ж часу -– для замежнай мовы.


На пачатку дзевяностых гадоў карціна складвалася інакш: беларуская мова была ў Беларусі адзінай дзяржаўнай. І любоў да беларускага слова прывівалася з дзіцячага садка, з першых класаў.


Кожная мова — прыгожая, бо яна свая, родная. З гэтага выказвання відавочна, што і руская, і ангельская і іншая якая — прыгожыя мовы. І кожны з народаў размаўляе на сваёй роднай мове, а мовы другіх народаў вывучае як дадатковыя. Так павінна быць і ў Беларусі: кожны з беларусаў павінен размаўляць на сваёй роднай прыгожай мове, а другія мовы вывучаць як дадатковыя (пры жаданні).


“Чаму беларус не размаўляе па-беларуску?”. Праўдай застаецца і такі факт: у пасведчанні аб нараджэнні дзіцяці бацькі пішуць „беларус” па нацыянальнасці, а самі бацькі спяваюць калыханку рускім тэкстам. Дзіця выхоўваецца ў рускамоўным асяроддзі. Потым і пытанне ўзнікае: „Чаму беларус не размаўляе з беларусам па-беларуску?”.


Верыцца, што сённяшнія вучні і студэнты імкнуцца дарасці да пачуцця самасвядомасці, пачуцця нацыянальнай годнасці і гонару за сваю прыгожую родную мову, нацыянальную культуру.


Нам можна “павучыцца” ў цыганскага насельніцтва, дзеці якога з маленства, з калыскі найперш ведаюць цыганскую мову з вуснаў сваіх бацькоў, не маючы цыганскіх школаў, падручнікаў, а беларускую, ці якую іншую, у залежнасці ад месцажыхарства, ведаюць як дадатковую.


Уразіла мяне і прызнанне маёй знаёмай (беларуска па нацыянальнасці), якая жыве сёння ў Лондане: «Нарадзілася і вырасла ў Беларусі. Па волі лёсу, нядаўна пераехала на пастаяннае месцажыхарства ў Лондан. Прыгажосць беларускай мовы зразумела і сэрцам адчула, калі стала студэнткай ГДУ імя Ф. Скарыны. Цудоўнасць, мілагучнасць беларускай мовы асабліва я адчула, калі прыехала за мяжу.”


Яшчэ адна мая сяброўка з нашага горада выйшла замуж за шведа, нарадзіла ад яго дзіця. Мяне ўразіла, што маленькі Цім жыве на радзіме бацькі, а пачынае размаўляць на дзвюх мовах: на роднай мове маці і мове бацькі. Для гэтага мая сяброўка, прыязжаючы ў Жыткавічы, набывае ў краме кніжкі на роднай мове.


Студэнты нашага факультэта і выкладчыкі асноўных дысцыплін размаўлялі паміж сабой толькі на роднай мове. І неаднаразова з намі здараліся розныя выпадкі. Аднойчы мы з сяброўкай ехалі раніцай у выхадны дзень у тралейбусе. Вырашылі размаўляць па-беларуску. Заходзім, глядзім. Людзей мала. А з тых, хто ёсць, большая частка спіць. У куточку сядзеў мужчына. Праязжалі каля лазні. Абедзьве ў адзін голас крыкнулі: “Лазня! Як даўно хацелася туды пайсці…” Мужчыну насупраць як падмянілі, зрэагаваў імгненна: “Какая эта лазня, гэта ж баня. Скока раз там был, никто там никуда не лазит. Тоже мне тут напридумывали!” Мы пераглядваемся і ўсміхаемся: “Цікава, а мы ўсё жыццё думалі, што ў лазні трэба мыцца, а не лазіць некуды”. Мужчына шырэй расплюшчвае вочы і пільна ўзіраецца — спачатку нам у твары, потым аглядвае нашу вопратку. Пасля разважліва пачынае: “Хм, вроде приличные, а как говорить — так дярэвня дярэвней!” І пыхнуў на нас рэшткамі ўчарашняга свята. Што тут скажаш у адказ? Родная мова для гэтага чалавека, напэўна, такая ж незнаёмая, як для нас — кітайская. І той, хто размаўляе не на “чыста русскай”, аўтаматычна залічваецца ў рады “негородских”…


Выйшлі мы з тралейбуса, павольна ідзем па вуліцы. Калі крыху стаміліся, вырашылі зайсці ў любімую кавярню і працягнуць свой эксперымент у прыемных поцемках. Заходзім, сядаем, да нас, як заўсёды, падыходзіць маладзенькая афіцыянтка і з мілай усмешкай прапануе зрабіць заказ. “Прынясіце, калі ласка, вось гэтую каву”, – адразу ж рэагуем мы, пры гэтым назіраем, як яе твар крыху выцягваецца, а ў вачах з’яўляюцца непаразуменне. Калі мы перапытваем, ці ўсё яна зразумела, чуем у адказ: “Ах, як вы прыгожа размаўляеце па-беларуску! Я такой добрай мовы ніколі не чула! Я таксама люблю родную мову…” Аднак калі мы запыталіся, ці размаўляе яна па-беларуску, дзяўчына, нібыта саромячыся нечага, адказала: “Не”.


На працу да мяне і калег прыходзяць розныя цікавыя людзі. Некаторыя з іх размаўляюць па-беларуску. Заўсёды прыемна пачуць родную, пявучую мову і адказаць на ёй. Але, шчыра кажучы, амаль усё маё асяроддзе размаўляе па-руску.


СЛОВА КАМПЕТЭНТНАМУ СУБЯСЕДНІКУ:


Алла Васільеўна БРАДЗІХІНА, кандыдат філалагічных навук, ГДУ імя Ф.Скарыны:


“Чаму беларусы не гавораць па-беларуску? Многія сённяшнія беларусы з’яўляюцца беларусамі толькі па пашпарце. Чуткі пра “заўчасную смерць” беларускай мовы, на мой погляд, яўна перабольшаны. Сапраўды, значная частка насельніцтва нашай краіны сваёй роднай мовай лічыць рускую (дакладней, яе мясцовы варыянт са шматлікімі адхіленнямі ад літаратурных нормаў). Прычын гэтаму шмат. У якасці асноўных я назвала б дзве. Вытокі русіфікацыі нашага грамадства трэба шукаць у XIIV стагоддзі, калі пасля трох падзелаў Рэчы Паспалітай землі Беларусі ўвайшлі ў склад Расійскай імперыі. Зрухі сацыяльна-палітычнага характару заканамерна прывялі да актыўнай асіміліяцыі насельніцтва нашай краіны і, як вынік, да змены моўна-культурнай сітуацыі.


З другога боку, падобныя праблемы перажывалі ў сваім развіцці многія народы. Так, нарвежская мова ў XIX стагоддзі была практычна мёртвая, на ёй не размаўлялі нават у вёсцы, панавала шведская. Тагачасным чэхам родную мову замяняла нямецкая. Варта нагадаць і агульнавядомую “франкаманію” рускага дваранства. Нават такая распрацаваная і папулярная ва ўсім свеце мова, як французская, сутыкнулася ў XVI стагоддзі з аналагічнымі цяжкасцямі. У сувязі з гэтым працытую радкі з маніфеста “Абарона і ўслаўленне французскай мовы” Жаашэна дзю Бэле, што на сённяшні дзень гучаць даволі дзіўна. Паэт абураўся тымі сваімі суайчыннікамі, якія “з такой стаічнай упартасцю пагарджаюць і адкідаюць, не міргнуўшы вокам, усё, напісанае па-французску”, “якія лічаць, што наша мужыцкая (французская! – А.Б.) мова няздольная да прыгожага пісьменства і інтэлектуальных трактатаў”. Разам з тым пералічаныя вышэй народы, як вядома, здолелі сцвердзіць сваю самастойнасць, захаваць сваю мову і культуру. Таму другая прычына крыецца ў ментальнасці саміх беларусаў, што было заўважана яшчэ Ф.Багушэвічам у яго славутых прадмовах.


Відавочна, што сёння беларуская мова з’яўляецца сродкам камунікацыі інтэлектуальнай эліты нашага грамадства. І ўжо толькі гэты факт дае падставы для аптымізму, надзею на захаванне роднай мовы ў чыстым, незасмечаным выглядзе, упэўненасць у тым, што мы здолеем сцвердзіць права беларускай мовы, а значыць і нацыі, на існаванне”.


М. СЛАВІНА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.