Дзеці – гэта шчасце

1994, 1995, 1997, 2000, 2006 — кожны гэты год для бацькоўі Федаровічаў з вёскі Ленін па-асабліваму адметны ў іх жыцці. Менавіта ў гэтыя даты ў іх сям’і нараджаліся дзеці.
Пецярых дзетак, чатыры дзяўчынкі і хлопчыка выхоўваюць Галіна Васільеўна і Юрый Максімавіч. Лічаць, што вялікае шчасце, калі ў хаце многа дзяцей. Яны мацуюць адносіны, ды і бацькам у старасці будзе да каго прыхіліцца. Дзецям таксама, калі стануць дарослымі, не будзе адзінока, усё ж родныя крывінкі. Але гэта перспектыва на будучае. Зараз жа бацька і маці стараюцца, каб іх дзеткі раслі дружнымі, працавітымі. Хаця нялёгка цяпер выхоўваць іх, асабліва ў матэрыяльным плане. Маці пакуль у водпуску па догляду за самай маленькай дачушкай. Асноўным кармільцам на гэты час з’яўляецца бацька. Таму сабраць у школу, купіць абноўкі на зіму цяжкавата прыходзіцца. Але Федаровічы не скардзяцца. Стараюцца, вобразна кажучы, выкручвацца з цяжкага становішча. Тут вельмі дапамагае ўласная гаспадарка. Галоўнымі памочнікамі па яе вядзенню бацькам з’яўляюцца старэйшыя дзеці. Кожны мае свой абавязак і імкнецца выконваць яго бездакорна. Яшчэ адной важнай крыніцай даходу для шматдзетнай сям’і служыць лес. Летнімі ранкамі можна бачыць як усе яны дружна ідуць па ягады і грыбы. Вось так і зарабляюць.
— Ніколькі не шкадую, што ў нас з мужам нарадзілася пяцёра дзяцей, — гаворыць Галіна Васільеўна. — Мы ж таксама са шматдзетных сем’яў. Як маглі бацькі выгадавалі, паднялі на ногі, далі пуцёўку ў жыццё. Вось і мы хочам, каб дзеці выраслі, вывучыліся, сталі годнымі грамадзянамі сваёй краіны. Адно дзіця ў сям’і — гэта сірата, а на свеце аднаму быць цяжка.
Галіна Васільеўна ўзнагароджана ордэнам Маці. Узнагароду лічыць як праяўленне ўвагі з боку дзяржавы да шматдзетных сем’яў, ушанаванне ёю мацярынства. Гэтаму ў нашай краіне надаецца цяпер вялікае значэнне. Моцная, дружная і працавітая сям’я — вось тая аснова, на якой грунтуецца дабрабыт кожнай дзяржавы. І Федаровічы робяць усё для гэтага.
С. БЕЛКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.