Боль Чарнобыля – боль народны

Добрая традыцыя склалася ў раённай бібліятэцы: пастаянна праводзіць для вучняў гарадскіх школ разнастайныя па тэматыцы мерапрыемствы. У сераду па запрашэнню бібліятэкараў да іх у госці завіталі рабяты з 9 класа сярэдняй агульнаадукацыйнай школы №2 райцэнтра разам са сваёй настаўніцай роднай мовы і літаратуры Галінай Краўцовай. Вельмі прыветна сустрэлі супрацоўнікі бібліятэкі Марына Шышанкова, Валянціна Ахрамовіч школьнікаў у сваёй установе. Апошняя і адкрыла ўрок, які быў прысвечаны трагічнай старонцы ў гісторыі нашага краю — чарговай гадавіне аварыі на Чарнобыльскай электрастанцыі.


Пад журботную музыку гучаць пранізаныя сумам і болем радкі, у якіх расказваецца пра гэтую страшную для нашага народа катастрофу, пра тыя беды і пакуты, што яна прынесла людзям. Памяць захоўвае гэта нават праз больш чым два дзесяцігоддзі, што прайшлі з таго часу, як узарваўся ядзерны рэактар. У гэты трагічны аповед гарманічна ўпісваліся творы беларускіх майстроў слова Анатоля Грачанікава, Віктара Яраца, Міколы Мятліцкага, Віктара Казько: на чарнобыльскую тэматыку. Іх выразна прачыталі бібліятэкары Жана Пузевіч і Таццяна Калабіна.


Скажам, што тэма Чарнобыля ў нашай літаратуры распрацавана вельмі нядрэнна. Аб гэтым сведчыла выстава кніг “Боль Чарнобыля — боль народны”, якую бібліятэкары падрыхтавалі спецыяльна для гэтага мерапрыемства. Падрабязны бібліяграфічны агляд гэтай літаратуры зрабіла загадчык аддзела абслугоўвання Марына Шышанкова. “Чарнобыль дваццаць год назад”, “Чарнобыльская малітва”, “Прайсці праз зону”, “Скарбы прыроды Беларусі” (пра палескі радыяцыйна-экалагічны запаведнік) і іншыя — гэта невялікая частка напісанага пра наступствы чарнобыльскай трагедыі. Усе кнігі маюцца ў бібліятэцы і іх можна прачытаць. Прычым многія выданні нядрэнна ілюстраваныя, што таксама дасць магчымасць больш поўна зразумець, наколькі вялікі маштаб катастрофы на атамнай станцыі для нашай краіны.


Свой уклад у тэматыку ўрока ўнёс і ўрач-валеолаг цэнтральнай раённай бальніцы Уладзімір Зінчанка. Ен падрабязна расказаў рабятам, якую шкоду наносіць радыяцыя здароўю чалавека, як зменшыць яе ўздзеянне на арганізм праз правільную арганізацыю харчавання, свайго ладу жыцця.


Боль Чарнобыля. Ен з прыходам красавіка штогод мацнее у сэрцах беларусаў. І гэты душэўны боль будзе абвастрацца яшчэ не адну сотню ці нават і болей гадоў. І як ні цяжка з ім жыць, але менавіта лячыць яго ў большасці сваёй прыйдзецца нам сваімі сіламі.


С. МІКАЛАЕЎ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.