Чалавек вялікай душы

Козел Аляксандр Іванавіч жыве ў горадзе Жыткавічы. У наш раён ён патрапіў пасля чарнобыльскай катастрофы, да выхаду на заслужаны адпачынак працаваў дырэктарам Бялёўскай сярэдняй школы. Гэта чалавек вялікай душы і адкрытага сэрца. Да чарнобыльскай трагедыі Аляксандр Іванавіч шмат гадоў аддаў сістэме адукацыі Брагіншчыны.


… Лёс не песціў гэтага чалавека. Вельмі няпроста было вясковаму хлапчуку ў цяжкі пасляваенны час атрымаць адукацыю. Але выдатныя матэматычныя здольнасці і глыбокае веданне гуманітарных навук, імкненне да ведаў перамаглі і холад, і голад, і нястачу. Як і марыў — стаў настаўнікам. І няпроста настаўнікам, а настаўнікам з вялікай літары. Добры, шчыры, таленавіты, прадбачлівы педагог, які не цураўся пазакласнай дзейнасці з вучнямі і бацькамі, актыўнай грамадскай справы. Хутка Аляксандр Іванавіч рос па службовай лесвіцы, пачынаючы з пасады намесніка дырэктара ў роднай Мікуліцкай школе, дырэктара Ільіцкай і Залескай сярэдніх школ да загадчыка аддзела адукацыі Брагінскага райвыканкама.


А затым здарылася бяда. Чарнобыль зруйнаваў спакойнае жыццё многіх людзей. У гэты час А.І. Козел працаваў дырэктарам школы ў вескавой школе недалёка ад самой станцыі. Была эвакуацыя з чарнобыльскай зоны, трагічная смерць жонкі… Тады яму здавалася, што жыццё спыніла свой ход. Праца дырэктара школы ў Бялёве вымагала жыць, імкнуўся працаваць сумленна і адказна. Праз нейкі час добраму чалавеку на Жыткаўшчыне сустрэлася цудоўная жанчына, Надзея Раманаўна Цвірко, якая літаральна прымусіла яго паверыць у жыццё. І ён, пайшоўшы на пенсію, навучыўся і цеслярыць, і ягады збіраць, вырошчваць на дачным участку не толькі традыцыйныя, але і экзатычныя культуры. Іх сям’ю ў Жыткавічах вельмі паважаюць…


Памятаюць пра Аляксандра Іванавіча і на яго малой Радзіме. Найперш — былыя вучні. Пра гэта напісала ў лісце ў рэдакцыю вучаніца А.І. Козела, а цяпер і сама настаўніца-пенсіянерка Любоў Барысаўна Майсеенка. Яна адзначыла, што будучым летам адбудуцца тры сустрэчы з выпускнікамі на Брагіншчыне, дзе госцем першай велічыні, брагінчане спадзяюцца, будзе Аляксандр Іванавіч: “…Мінулым летам ён двойчы сустракаўся з выпускнікамі Брагіншчыны. Незвычайнай была сустрэча выпуснікоў Ільіцкай сярэдняй школы — адзіная і першая за 45 год! Усе мы ўбачылі свайго педагога, вядома ж, пастарэўшым і чуб сівы стаў, і пастава не тая, але ўсё ж адкрытая ўсмешка, і ямачкі на шчоках, тонкі гумар, лагодны голас. Нягледзячы на ўзрост, ён успомніў усіх нас, пацікавіўся нават лёсам нашых братоў і сясцёр…” Любоў Барысаўна прывяла ў сваім лісце шэраг выказванняў-віншаванняў ад вучняў А.І. Козела — Юліі Мельнічэнка, Аляксандра Хіжанка, Дзіяны Рубаха, Пятра Ульянка, Мікалая Юрчанка, Андрэя Майсеенка, Мікалая Майсенка, Любові Мельнічэнка і іншых. Дзякуюць яму за сумленную працу, як, напрыклад, і Марыя Белая, выпускніца Брагінскай СШ 1964 года выпуска: “ Ад імя калектыва ветэранаў Брагіншчыны перадаю словы падзякі, удзячнасці і дабра…” І віншуюць. Бо ёсць нагода. 30 сакавіка выдатнаму педагогу (былых у гэтай прафесіі не бывае!) споўнілася 80 год!


Не можам ухіліцца ад гэтай юбілейнай падзеі і мы, жыткаўчане. Прымаем ад брагінцаў эстафету і сардэчна віншуем паважанага ветэрана педагагічнай працы Аляксандра Іванавіча Козела з дасягнутым жыццёвым парогам, пажадаем яму яшчэ многіх год жыцця і шчасця.


Падрыхтаваў У.МІКАЛАЕЎ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.