Гасцям будуць рады

У ліку першых у раёне, у каго з’явілася жаданне займацца агратурызмам, стала і Людміла Пятроўна Сініла. У сярэдзіне бягучага года яны з мужам Анатолем Францавічам запланавалі адкрыць сваю аграсядзібу пад назвай “Сасновы бор”. На цяперашні час сям’я Сініла вядзе актыўную падрыхтоўку да прыёму першых гасцей.


Іх сядзіба знаходзіцца ў вёсцы Лагвошчы. Дом перайшоў у спадчыну ад бацькоў мужа. Ініцыятыва ж заняцца сельскім турызмам пайшла ад жанчыны. У многім гэта абумоўлена яе месцам працы. Жанчына з’яўляецца начальнікам аддзела актыўных банкаўскіх аперацый аддзялення “Белаграпрамбанка” ў нашым райцэнтры, а гэтая ўстанова, як вядома, актыўна падтрымлівае фінансавымі крэдытнымі сродкамі развіццё экатурызму ў нашай краіне. Нават спецыяльная праграма распрацавана і рэалізуецца ў гэтым накірунку дзейнасці.


— Людзі пачалі прыходзіць да нас, цікавяцца, што патрабуецца для таго, каб узяць крэдыт на развіццё аграсядзібы, — расказвае Людміла Пятроўна. — Падумала, а чаму б і сабе не паспрабаваць, тым больш што домік у вёсцы маецца. Вось так і ўзнікла жаданне заняцца новай невядомай для сябе справай. Пакуль думаем абысціся сваімі сіламі і сродкамі. Вопыт гасціннасці маецца, даволі часта прыходзіцца прымаць у сябе радню.


Першым крокам на шляху развіцця турыстычнай дзейнасці, які зрабілі муж і жонка Сініла, стала правядзенне рэканструкцыі сваёй вясковай маёмасці: дом павінен мець усе выгоды. У ім і вада павінна быць, і санвузел, і ванная з душам. І гэта патрэбна зрабіць так, каб не згубіўся той каларыт, так бы мовіць, вясковы дух, які ўсё больш прыцягвае гараджан. Для гэтага, як сцвярджае гаспадыня, будзе і лазня ў двары, і этнаграфічны куток мясцовага побыту. Пасля правядзення рамонтных работ (яны зараз блізяцца да завяршэння) стварэнню менавіта апошняга будзе нададзена першаступеннае значэнне гаспадарамі будучай аграсядзібы. Ды і дзіцячую пляцоўку зрабіць у двары таксама запланавалі, каб прымаць турыстаў сем’ямі, і былі забавы не толькі для дарослых, але і дзяцей.


Гаспадары не трацяць надзеі, усё, што яны робяць, будзе запатрабавана. Асноўная ж стаўка будучай аграсядзібы — на экатурызм. Прыродныя краявіды, дзе размешчана сядзіба “Сасновы бор”, вельмі разнастайныя і багатыя. Рака Случ, возера Белае, якія спрадвеку славіліся сваімі рыбнымі запасамі, а яшчэ прыгожыя лясы, што раскінуліся вакол Лагвошчаў. У іх столькі штогод грыбоў і ягад. Які гараджанін адмовіцца ад спакусы прайсціся па такіх прыгожых мясцінах з кошыкам або пасядзець з вудай. А пасля адведаць кампоту з сабраных уласнымі рукамі ягад або юшкі з пайманай асабіста рыбкі. Ды і гістарычных мясцін у нашым раёне хапае. Той жа Тураў з яго старажытнымі мясцінамі не так і далёка знаходзіцца. Гаспадары гатовы арганізаваць экскурсію, калі іх госці пажадаюць наведацца туды. Ды і інфраструктура навакольных вёсак таксама будзе спрыяць адпачынку. Тут і гандлёвыя кропкі, і ўстановы культуры, і іншае.


Гэта пакуль у планах. Зараз жа сям’я Сініла, прычым не толькі бацькі, але і дзеці, стараюцца закончыць з рамонтам, каб паспець да пачатку сезону адпачынку. Ен не за гарамі. І ў тыя мясціны прыязджае немалая колькасць людзей з розных гарадоў для адпачынку. Думаецца, што для іх адкрыццё аграсядзібы будзе вельмі добрай навіной. А яшчэ Людміла Пятроўна вучыцца, як весці новую для яе справу. Даволі часта па вечарах яна заходзіць у Інтэрнет, дзе вывучае вопыт ужо дзеючых аграсядзіб краіны. Гэта таксама будзе дапамагаць развіццю сямейнай справы. Жаданне пакуль ёсць для гэтага вялікае. А яно для паспяховага правядзення любой дзейнасці — не апошняя ўмова.


С. БЕЛКО.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.