Калі за справу ўзяліся грамадою

У савецкія часы суботнікі ўзнёсла-паэтычна называлі святам у рабочай спяцоўцы. З часам гэтая назва хаця і забылася, але традыцыя праводзіць такія мерапрыемствы захавалася. Увогуле рабіць вялікую добрую справу разам для беларусаў было заўсёды ўласціва. Яшчэ з даўніх часоў, калі некаму было цяжка, калі патрэбна было выканаць многа работы, збіралі талаку і сумеснымі намаганнямі дабіваліся неабходнага выніку. Першы сёлетні суботнік, які прайшоў напрыканцы мінулага тыдня ў райцэнтры, менавіта і засведчыў гэта.


Раніцай у мінулую суботу на гарадскіх вуліцах сустрэць чалавека з рыдлёўкай, граблямі або венікам у руках было справай звычайнай. Людзі збіраліся з гэтымі прыладамі працы, каб навесці парадак на вуліцах райцэнтра. Тым больш што і надвор’е не перашкаджала выконваць гэтую работу.


Першых гараджан, якія былі заняты добраўпарадкаваннем, ужо можна было пабачыць ля цэнтральнай бібліятэкі. Ад гэтай установы і напрацягу вуліцы Карла Маркса ў накірунку кальца вызначаны ўчастак работы на суботніку для апарата райвыканкама. Па плану яны павінны былі пасадзіць на гэтай вуліцы шэсцьдзесят дрэўцаў. За справу кіруючыя работнікі ўзяліся, так бы мовіць, без раскачкі. Мужчыны і жанчыны хутка разышліся па вызначаных для пасадкі дрэўцаў месцах і пачалі капаць ямкі. Іншыя падыходзілі да аўтамабіля, на якім падвезлі саджанцы, разбіралі іх і разносілі да гатовых ямак. Справа спорылася. За невялікі адрэзак часу больш дзесятка дрэўцаў занялі сваё месца на вуліцы. Саджалі дрэўцы і на вуліцы Сацыялістычнай. Тут было запланавана высадзіць аж чатырыста саджанцаў. Гэтая задача была ўскладзена на аддзел адукацыі, упраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне насельніцтва, КУП “Упраўленне капітальнага будаўніцтва”. Падвозку дрэўцаў, вады і ўрадлівага грунту забяспечваў КУП “Жыткавіцкі камунальнік”. І тут з заданнем справіліся паспяхова. Цэлая алея высаджана ў дзень суботніка ад мікрараёна Азёрны да кальца, што на Подаўжы.


Дружна працавалі і супрацоўнікі цэнтральнай бібліятэкі. Яны добраўпарадкоўвалі тэрыторыю ля сваёй установы: выграбалі смецце, разбівалі клумбы, бялілі фасад будынка. Намнога прыгажэй стала тут пасля таго, як папрацавалі бібліятэкары. Думаецца, яшчэ тут стане лепш, калі на клумбах закрасуюць усімі колерамі вясёлкі кветкі.


Актыўны ўдзел у суботніку прыняла і моладзь райцэнтра. Навучэнцы школ яшчэ да дня правядзення мерапрыемства нямала папрацавалі па добраўпарадкаванню горада. Наводзілі парадак не толькі ля сваіх навучальных устаноў, але і ў парках і скверах, займаліся пасадкамі дрэўцаў і кусцікаў. У дзень жа суботніка члены грамадскага аб’яднання БРСМ, настаўнікі і вучні САШ №1 працавалі ля помніка Мішу Марозу. Падтрымліваючы адзін другога жартамі, маладыя людзі старанна выконвалі ўзятую на сябе справу. Як адзначыў першы сакратар райкама арганізацыі Дзяніс Гаўрылаў, гэта толькі першы этап па добраўпарадкаванню помніка. — Зараз мы здымем старыя пліты і зробім тут клумбу, расказвае Дзяніс. — Яшчэ запланавана пакласці ля помніка новую плітку. Часткова на яе грошы зарабілі члены арганізацыі, часткова выдзелены сродкі райвыканкамам. Калі ўдасца ажыццявіць усё, сам помнік і ля яго тэрыторыі будуць намнога выглядаць лепш.


Насупраць, ля музычнай школы, таксама кіпела праца. Можна сказаць, бачыць ля гэтай установы парадак і цэлае мора кветак для гараджан стала звычайнай справай. Сёлета, як паказаў калектыў музычнай школы сваёй працай на суботніку, будзе таксама панаваць прыгажосць. І яшчэ лепей будзе выглядаць тэрыторыя ля навучальнай установы. Мужчыны разносілі грунт для будучых кветнікаў, жанчыны яго разраўнівалі, фарбавалі ўстаноўлены нядаўна знак, наводзілі парадак. Кожны работнік школы быў заняты справай.


А дзесятай гадзіне раніцы гарадскія вуліцы нагадвалі, вобразна кажучы, мурашнік. Усюды працавалі работнікі розных арганізацый: ля вытворчых аб’ектаў камбіната бытавога абслугоўвання і райваенкамата, ля паліклінікі, ля былога аддзела ўнутраных спраў, ля гандлёвых кропак, аддзела культуры. І гэты пералік устаноў, арганізацый і прадпрыемстваў можна працягваць бясконца. Таму неяк дзіўна на фоне ўсеагульнага энтузіязму гараджан было бачыць адзінока працуючую жанчыну на клумбах каля адміністрацыйнага будынка ПМК-66. Несумненна, гэта зацікавіла.


— Што ж вы толькі адна працуеце, няўжо іншыя работнікі вашай арганізацыі не выйшлі на суботнік? — пытаемся пасля вітання і прадстаўлення ў жанчыны.


— Вы што, працуюць усе на вытворчай тэрыторыі, — без прамаруджвання чуем адказ. — Тут работы няшмат, сама спраўлюся.


У праўдзівасці слоў жанчыны пераканаліся, як толькі падышлі да прахадной вытворчай тэрыторыі арганізацыі. Тут мужчыны распілоўвалі раней паваленае старое дрэва. На самой тэрыторыі ва ўсю зграбалі смецце і апалую мінулагоднюю лістоту канторскія работнікі. Наводзіўся парадак і ля іншых аб’ектаў. Работы хапала ўсім. Як ні кажы, а тэрыторыя сем з паловай гектараў. Таму ніхто не прахалоджваўся, а кожны спецыяліст стараўся выканаць той аб’ём работы, які яму вызначылі. Пабачыўшы на тэрыторыі чужых людзей, да нас падышоў сам кіраўнік ПМК. Ен толькі-што закончыў абрэзку сада.


— Даўно пара было гэта зрабіць, але з-за спраў на вытворчасці рукі не даходзілі. Аб’яўлены суботнік і паспрыяў таму, каб выканаць гэтую справу, — зазначыў Уладзімір Стахеевіч Валадзько. — Што тычыцца ўдзелу калектыва ў такім мерапрыемстве, то для нас гэта звычайная справа, як і падтрымліваць парадак на сваіх аб’ектах. Прычым, займаемся добраўпарадкаваннем не толькі сваёй вытворчай тэрыторыі, але і на замацаванай вуліцы белім дрэвы, нямала работнікаў заняты непасрэдна на сваіх рабочых месцах.


На сваіх рабочых месцах працавалі не толькі работнікі ПМК-66, але і іншых прадпрыемстваў і арганізацый раёна. У дзень суботніка такіх налічвалася амаль тысяча чалавек. Напрыклад, будаўнікі з ПМК-76. Як адзначыў кіраўнік гэтай арганізацыі, у дзень суботніка яны шчыравалі на ўзвядзенні жылых дамоў у райцэнтры і вёсцы Кольна. Канешне ж, працуюць і па навядзенню парадку на сваіх вытворчых тэрыторыях, замацаваных вуліцах.


Бліжэй да абеду многія арганізацыі ўжо справіліся з той работай, якую запланавалі выканаць на суботніку.


Апошнія штрыхі па навядзенню парадку падводзіў і калектыў магазіна “Чабарок”. Загадчыца гэтай гандлёвай кропкі Кацярына Хомчанка падрабязна расказала, што зроблена імі.


— Клумбу разбілі, падмялі, зграблі смецце, — гаворыць Кацярына Іванаўна. — Нават суседа запрасілі, каб дапамог нам у рабоце па навядзенню парадку. Вока радуе, калі ўсюды пануе чысціня.


І гэта не адзіны чалавек у горадзе, які выказаў такое меркаванне. На жаль, не ўсе прынялі ўдзел, каб пахарашэлі гарадскія вуліцы. Негатыўны малюнак давялося бачыць на вуліцы Пралетарскай. Работнікі камунальнай службы там фарбавалі агароджу. Але не ўдалося ўбачыць ні воднага гаспадара сядзібы, якім горад устанавіў гэтую агароджу, каб ён дапамагаў жанчынам з КУП “Жыткавіцкі камунальнік”. Канешне ж, такія спажывецкія адносіны з боку жыхароў заслугоўваюць толькі нараканняў. Дарэчы, варта сказаць, што камунальнай службай у дзень суботніка зроблена нямала. Яны не толькі забяспечвалі неабходнымі матэрыяламі для работы іншых арганізацый, але і самі актыўна наводзілі ў райцэнтры парадак. У самых розных месцах і мікрараёнах працавалі спецыялісты ўсіх структурных падраздзяленняў камунальнай службы. Яны разбівалі клумбы, падвозілі грунт, выконвалі іншую работу.


Плён сумесных намаганняў жыткаўчан на суботніку можна было ацаніць у той жа дзень. Ускапаныя клумбы, падмеценыя вуліцы, пабеленыя бардзюры і ствалы дрэў, падфарбаваныя фасады будынкаў і іншае — усё гэта, нібы маладзіла наш райцэнтр. І гэта не адзіная карысць ад гэтага мерапрыемства. Сваёй працай на суботніку жыхары раёна зарабілі даволі значную суму грошай. Больш пяцідзесяці мільёнаў рублёў. Гэтыя сродкі пойдуць таксама на добрыя справы: на добраўпарадкаванне аграгарадкоў і помнікаў, якія ўвекавечваюць гераізм і трагедыю Вялікай Айчыннай вайны. І яшчэ. Прайшоўшы суботнік паказаў, як многа можна зрабіць, калі за справу бярэмся разам. Згодна дадзеных аддзела эканомікі райвыканкама, у раёне ў суботніку прынялі ўдзел амаль пятнаццаць тысяч чалавек.


На здымку: старанна працавалі жыткаўчане на суботніку.


Рэйдавая брыгада “НП” у складзе С. БЕЛКІ і М. ТОЛКАЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.