Не забываюць і пра людскія патрэбы

Практычна з усімі палявымі работамі гэтай вясной працаўнікі КСУПа “Агра-Прыпяць” спраўляюцца аднымі з першых у раёне. І гэта нягледзячы на тое, што аб’ёмы на веснавым палетку ў гэтай гаспадарцы адны з самых вялікіх. Таму спрыяе моцная тэхнічная база, стараннасць механізатараў, а таксама добрая арганізацыя вытворчых працэсаў на сяўбе. Але за справамі на грамадскім палетку тут і не забываюць пра патрэбы людзей. Напрыклад, зараз вядзецца пасадка бульбы для насельніцтва. Хаця і ў самой гаспадарцы пад гэтую культуру плошчы сёлета павялічаны, але кіраўніцтвам сельгаспрадпрыемства выдзелена для людзей дзве саджалкі і тэхніка для падвозу насення.


— Бульбу садзім адначасова і на грамадскім палетку, і для людзей, — расказвае галоўны аграном гаспадаркі Мікалай П’яўка. -– Каб не было людзям крыўдна, на іх участках працуюць дзве пасадачныя машыны . Адна — на азяранскай зоне, другая — на рычоўскай. Праблем не ўзнікае. Прычым аплата за пасадку бульбы ў нас устаноўлена невялікая. Для тых гаспадароў, хто выявіў жаданне апрацоўваць буракі, выконваем работы на іх участках бясплатна. Так бы мовіць, сотка на сотку.


Праяўленне клопату пра людзей выяўляецца не толькі ў тым, што гаспадарка пасадзіць для іх бульбу. Усе рабочыя сельгаспрадпрыемства, якія задзейнічаны на сяўбе, забяспечваюцца гарачым харчаваннем. Тут таксама ёсць пэўныя змены ў параўнанні з мінулымі гадамі. — Абеды для ўдзельнікаў пасяўной гатуем у сталовай гаспадаркі. Там падабраліся вопытныя работніцы, таму ежа смачная і каларыйная, — гаворыць Мікалай Мікалаевіч. -– Пэўныя змены сёлета ўнесены ў арганізацыю падвозу абедаў на поле. Для гэтага выдзелілі яшчэ адзін аўтамабіль. Разумею так, што абед павінен быць для ўсіх у час, а не так, што аднаму механізатару яго падвязуць у адзінаццаць гадзін, другому -– значна пазней. Праблему мы знялі не толькі тым, што маем дастатковую колькасць аўтамашын для развозу ежы, а яшчэ і арганізацыяй працы. На адным палетку задзейнічаем па многу адзінак тэхнікі. Гэта дазваляе своечасова карміць механізатараў, але і таксама кантраляваць, наколькі якасна яны выконваюць работу.


Станоўча вырашаны ў гаспадарцы на час пасяўной і іншыя бытавыя пытанні. Душавыя працуюць у гаражах пастаянна. Надаецца вялікая ўвага навучанню механізатараў па пытаннях аховы працы, правілах дарожнага руху і іншых. Адкрыты і абсталяваны для гэтага цудоўны вучэбны клас прама на тэрыторыі гаража. Не зніжаюць тэмпаў на пасяўной земляробы сельгаспрадпрыемства “Агра-Прыпяць”. Вядуць сяўбу кукурузы, закладваюць культурныя выпасы, выконваюць догляд за пасевамі. Адным словам, робяць усё, каб раслінаводчая галіна парадавала восенню добрай аддачай.


С.БЕЛКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.