Папрацавалі ад душы

Нарэшце вясна парадавала нас цёплымі сонечнымі дзянькамі. Кіраўніцтва Перароўскага сельсавета вырашыла скарыстаць гэты дарунак прыроды з максімальнай карысцю для работы па добраўпарадкаванню мясцовых могілак і населеных пунктаў.


У адзін з такіх дзён на чале са старшынёй сельвыканкама Ганнай Вашковай работнікі сельсавета і Перароўскай базавай школы добраўпарадкоўвалі могілкі. Працавалі, як кажуць, усе ад душы. Мужчыны сякерамі высякалі хмызняк, зносілі яго ў кучы, а жанчыны венікамі і граблямі вычышчалі могілкі ад смецця. Яго за зіму назбіралася нямала. Стараліся Міхаіл Пашук, які абразаў бензапілой паваленыя дрэвы, Леанід Мінчук і Сяргей Мінчук, якія выносілі з могілак смецце. Не саступалі ім у працавітасці і жанчыны Наталля Баран, Тафіля Герман, Мікалай Пашук, Наталля Гулюта і іншыя. Усе разумелі, што на такім святым месцы для кожнага вяскоўца павінен быць заўсёды парадак.


Выконвалі работы не толькі па ачыстцы могілак, але і ставілі на іх агароджу. Рабілі гэта Дзмітрый Баран, Уладзімір Вашкоў, Мікалай Масла. Сродкі на набыццё пліт часткова выдзеліў райвыканкам. Дарэчы, пэўны ўклад унеслі ў гэтую справу і самі жыхары вёскі. Яны сабралі на агароджу больш шасцісот тысяч рублёў. На жаль, не ўсе жыхары Перарова аднесліся з разуменнем, каб навесці парадак на вясковых могілках. Але скажам: бог ім суддзя. Усё ж ніхто з нас не міне гэтага другога дома. Нездарма ж гаворыцца, што пакуль мы жывем у гасцях, а вечнае жыццё менавіта там…


І яшчэ. Сёлетні год аб’яўлены ў нашай краіне Годам роднай зямлі. І толькі мы, яе жыхары, можам зрабіць яе прыгожай і чыстай. Таму і працаваць па навядзенню парадку мы павінны ад душы.


Е. ЗАБЕЛІЧ, жыхарка в. Перароў.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.