Поспех пачынаецца з кіраўніка

Будоўля была і застаецца адной з самых старажытных, цяжкіх і разам з тым высакародных спраў рук чалавечых. Меў рацыю той, хто заўважыў, што Бог толькі стварыў зямлю, а ўсё астатняе на ёй узнята мазольнымі высілкамі будаўнікоў.


— Дык і крыўдна будзе таму будаўніку, які шчыруе летам пад бязлітасным сонцам, а зімою ў сцюжу і мае мізэрны заробак, — задаю наўмысна напаўправакацыйныя пытанні начальніку ПМК-76 С.Я. Бабранку. — Кажуць, што для таго ж муляра расцэнка як была за адзін куб кладкі тры гады назад — такой і застаецца зараз…


— Паўнейшая дэзінфармацыя, — лаканічна не згаджаецца заўсёды стрыманы, разважлівы Сяргей Яфімавіч. — Расцэнкі змяняліся і ў лепшы бок, хаця, напрыклад, пры ўзвядзенні жылля ў вёсцы — адныя падыходы, а на будоўлі жылога дома кааператыва індывідуальных забудоўшчыкаў — другія. У цэлым жа той самы працавіты муляр, які сябруе з дысцыплінай і стараецца рабіць сваю справу хутка і якасна, спакойна можа дабавіць за месяц у сямейны бюджэт паўтара мільёна рублёў. Было б толькі жаданне працаваць…


Прыняўшы паўтара месяца назад кіраўніцтва перасоўнай механізаванай калонай, Сяргей Бабранок пачаў перш-наперш наводзіць у калектыве парадак і дысцыпліну, без якіх, як дом без трывалага, надзейнага падмурка, далейшага поспеху не дабіцца. Бо не ўсе прыходзілі на новабудоўлю сваечасова, працавалі поўную змену і якасна, а вось заробак іх не задавальняў і прэтэнзій да кіраўніцтва было — хоць адбаўляй. Мелі месца і факты выпіўкі.


Таму загартаваны ў будаўнічай галіне спецыяліст-прафесіянал з вялікім стажам паставіў пытанне рубам: хто хоча працаваць і атрымліваць годную зарплату, той застаецца, з астатнімі — нам не па дарозе. Не сакрэт, з некаторымі прышлося расстацца. Другія моцна задумаліся і, што называецца, узялі сябе ў рукі. Не апошнюю ролю адыгрывае і той фактар, што ў сувязі з эканамічным крызісам, які яшчэ не прайшоў свой апагей, нашы землякі-будаўнікі пакрысе вяртаюцца ў родныя мясціны з Расіі і Польшчы, а сярод іх, як правіла, большасць спецыялістаў з высокай кваліфікацыяй, таму канкурэнцыя на будаўнічых пляцоўках будзе нарастаць. Гэта пакуль што не стала масавай з’явай, але такая тэндэнцыя ўжо назіраецца і ўзмацняецца. Дык навошта ў такой сітуацыі кіраўніку рабіць стаўку на будаўніка, які працуе праз пень-калоду? Ен проста становіцца баластам, ад якога трэба пазбаўляцца без шкадавання…


Адчуўшы подых новага эканамічнага ветру і строгія, але справядлівыя, прынцыповыя патрабаванні новага кіраўніка, калектыў перасоўнай калоны, вобразна кажучы, устрапянуўся і падцягнуўся. І калі раней брыгады ў восем гадзін раніцы толькі прыходзілі да сваіх вагончыкаў, то зараз у гэты час яны ўжо завіхаюцца на рыштаваннях новабудоўляў.


— Цяпер у калектыве працуе 170 чалавек, якіх хапае для выканання гадавой будаўнічай праграмы, — дзеліцца справамі кіраўнік. — Трэба толькі ўзмацніць тэмпы, не забываючы пра якасць, бо, прыйшоўшы ў калону, я адразу сутыкнуўся з неадпрацаванымі аб’ёмамі работ па многіх аб’ектах.


Узначаліў ён ПМК-76 у апошняй дэкадзе лютага, а ў пачатку красавіка эканамічная служба механізаванай калоны канстатавала, што ў сакавіку былі выкананы запланаваныя аб’ёмы работ па ўсіх аб’ектах і такім чынам асвоена 960 мільёнаў рублёў па генпадраду і 840 мільёнаў — уласнымі сіламі.


У вёсцы Кольна сёлета трэба будзе пабудаваць шэсць аднакватэрных жылых дамоў і пракласці інжынерныя сеткі да іх. Першы дом быў уведзены ўжо ў эксплуатацыю і пры яго прыёмцы камісія была прыемна здзіўлена высокімі тэмпамі пры такой жа якасці работ будаўнікоў усяго за месяц. Пяць астатніх дамоў запланавана ўзвесці ў другім квартале года. На гэты ж перыяд запланаваны і прыём саракакватэрнага жылога дома ў мікрараёне Азёрны райцэнтра. Былая пустка будзе прыгажэць новабудоўлямі, мяняць свой ландшафт і надалей: хутка з’явіцца новы падмурак дваццацікватэрнага жылога дома КІЗ-19.


Пакуль што не вызначана канчатковае фінансаванне з будаўнічымі работамі гасцініцы ў Жыткавічах. Выдзеленыя на першы квартал 195 мільёнаў рублёў былі паспяхова асвоены. Астатнія работы запланаваны на 3-4 кварталы бягучага года. А ўвогуле для завяршэння ўсяго комплекса работ на гэтым аб’екце патрабуецца каля дзвюх мільярдаў рублёў.


Вядуцца работы па рэканструкцыі кацельняў у мікрараёне Паўночны і ў ПМК-66, заключаны дагавор на рамонт Юркевіцкай сярэдняй школы. Папярэднія падлікі паказваюць, што гэтых аб’ёмаў для ПМК-76 дастаткова, каб выканаць гадавую праграму згодна ўласнага бізнес-плана. Ідзе абнаўленне матэрыяльна-тэхнічнай базы: набыты новы аўтакран і экскаватар ЮМЗ. Свой калектыў Сяргей Бабранок лічыць працаздольным, зладжаным, якому па плячу высокая якасць будаўніча-мантажных работ у адведзеныя тэрміны.


С. КУЛАКЕВІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.