Як здароўе, мілы кут?

Усё можа родная зямля: накарміць сваім хлебам, напаіць са сваіх крыніц, уразіць, здзівіць сваёй прыгажосцю.. Усё могуць рэкі і лясныя абшары, лугі і паляны: парадаваць рыбаю і грыбамі, ягадамі і лячэбнымі зёлкамі. Вось толькі абараніць сама сябе родная зямля не можа. Ад браканьераў рознай масці, падпальшчыкаў, не туды высыпаных і вылітых ядахімікатаў, ад раўнадушных работнікаў лесу, самай рознай ступені вандалаў, заканчваючы прамымі, але ад людскога вока схаванымі ворагамі флоры і фауны. У рускай мове ёсць такое трапнае слова і паняцце як “временщики”, якое на нашу, беларускую мову можна перавесці як дачаснікі. Людзі, якія жывуць адным днём і шукаюць толькі выгоды для сябе. Вось чаму абараніць родны край, яго прыроду — найпершы абавязак тых, хто есць яго хлеб, п’е яго ваду, любуецца яго прыгажосцю.


Палессе, Жыткавіцкі раён, Тураў і Прыпяць, Князь-возера і Белае… У якім цудоўным, райскім куточку зямлі мы жывём! Сапраўды, разумею цяпер, чаму з выраю жураўлі на Палессе ляцяць… А ў раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, з новым дырэктарам якой Мікалаем Кошманам мы размаўляем, гэтыя запаведныя, нерушныя мясціны нашай Жыткаўшчыны называюцца ахоўваемымі тэрыторыямі. Як не ганарыцца Нацыянальным паркам “Прыпяцкі”, рэспубліканскім ландшафтным заказнікам “Сярэдняя Прыпяць”! Ва ўрочышчы “Бахінь”, непадалёку ад вёскі Вятчынская Рудня, на тэрыторыі эксперыментальнай лесапаляўнічай гаспадаркі “Ляскавічы” пад аховай дзяржавы знаходзіцца пантыйская азалія альбо рададэндрон жоўты. Гэты дзіўны рэлікт быў завезены мясцовым памешчыкам сюды яшчэ ў пачатку XIX стагоддзя. Лістападны кустарнік вышынёй 1,2 – 1,5 метра моцна разрастаецца ў шырыню.


— А сярод ахоўваемых тэрыторый мясцовага значэння, — дадае Мікалай Паўлавіч, — пад нашым непасрэдным кантролем знаходзяцца таксама заказнікі “Тураўскі луг”, “Булеў мох”, у Мілевіцкім і Залюціцкім лясніцтвах. Батанічны помнік прыроды знаходзіцца на тэрыторыі Ленінскага лясніцтва, дзе на 23,5 гектара размешчаны насаджэнні дуба. Пачэснае месца агульнай плошчай 10,6 гектара адведзена ў Жыткавіцкім і Людзяневіцкім лясніцтвах пад насаджэнні дуба, ясеня і бярозы. У Ляхавіцкім лясніцтве на плошчы 490 гектараў знаходзяцца ахоўваемыя месцы пражывання вялікага бугая, каланіяльнае гнездаванне кулікоў на плошчы 230 гектараў назіраецца ў наваколлі вёскі Запясочча. Акрамя таго, рашэннем Гомельскага аблвыканкама зарэзервіравана тэрыторыя, якая плануецца да аб’яўлення ў 2009 – 2010 гадах заказнікам рэспубліканскага значэння “Стары Жадзен” на тэрыторыі нашага раёна.


А якія ж крытэрыі ацэнкі той ці іншай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя за пэўны справаздачны перыяд? Як аказваецца, два гады назад у якасці эксперымента Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя замест інспекцыйных справаздач прымяніла комплексную ацэнку дзейнасці сваіх структурных падраздзяленняў. І хаця рэйтынг больш аб’ектыўна ацэньвае работу рэгіянальных праваахоўных органаў, аднак пакуль яшчэ поўнасцю не ўлічвае ўсю сферу іх дзейнасці. Менавіта таму новая сістэма ацэнкі пастаянна ўдасканальваецца. Галоўны крытэрый рэйтынга ўключае ў сябе некалькі раздзелаў, па кожнаму з якіх выстаўляецца свая адзнака, а па іх суме падводзяцца вынікі работы камітэта. Напрыклад, правяраецца выкананне суб’ектамі гаспадарання і фізічнымі асобамі прыродаахоўнага заканадаўства, спыняецца дзейнасць аб’ектаў, парушаючых гэтае заканадаўства, прад’яўляюцца іскі па спагнанню нанесенага прыродзе ўрону, улічваецца ўзровень інфармацыйна-прапагандысцкай дзейнасці (выступленні эколагаў у сродках масавай інфармацыі, сустрэчы ў працоўных калектывах і па месцы жыхарства насельніцтва) і г.д.


У Жыткавіцкай інспекцыі на сённяшні дзень працуе 10 чалавек, маецца сучасная лабараторыя кантролю, якой не можа пахваліцца кожная другая аналагічная структура. Калектыў працуе згодна загадзя распрацаванага гадавога плана, хаця імклівае, супярэчлівае жыццё можа штодзённа ўнесці папраўкі ў работу гэтай аператыўнай, нераўнадушнай службы. Эфектыўная работа інспекцыі немагчыма без цеснага ўзаемадзеяння, сумесных рэйдаў з такімі раённымі структурамі як аддзел жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама, санітарная і падатковая службы, ДАІ, інспекцыя па ахове расліннага і жывёльнага свету, таварыства паляўнічых і рыбаловаў, лясгас і г.д.


Асабліва шмат трэба будзе зрабіць сёлета, у Год роднай зямлі. І першы значны ўклад у шырокамаштабную акцыю краіны — актыўны ўдзел у выкананні раённага плана мерапрыемстваў па яго правядзенню. Літаральна па кожнаму пункту вызначаны тэрміны і канкрэтныя выканаўцы, праведзены ўзгадненні. Планам прадугледжана правядзенне грамадскіх акцый па гісторыка-патрыятычнаму і экалагічнаму выхаванню, рацыянальнае выкарыстанне зямель і ляснога фонда, навядзенне парадку і добраўпарадкаванне тэрыторый населеных пунктаў, удасканаленне сістэмы абыходжання з камунальнымі адходамі, уцягненне шырокіх слаёў насельніцтва ў гэтую высакародную справу. Больш пільнай увагі ў сувязі з гэтым патрабуюць такія пытанні як разворванне, рэканструкцыя зямель, месцы адпачынку, прыдарожныя палосы, кар’еры, звалкі, водаахоўныя зоны, работа гаражных кааператываў і садовых таварыстваў, пасадка дрэў і кветак, і г.д.


Пасведчанні грамадскіх інспектараў маюць 6 чалавек. Як цудоўна, калі ў раёне жывуць людзі, якія клапоцяцца пра здароўе роднай прыроды, пра захаванне яе флоры і фаўны. І за станоўчымі прыкладамі далёка хадзіць не трэба. Адзін з іх — жыхар вёскі Вільча Аляксандр Танчынскі. Гэта сапраўдны патрыёт роднай старонкі, нязломны абаронца прыроды ў яе некранутым стане – нерушы. У Вільчы землякі даўно называюць яго гаспадаром ракі. Але не толькі ракою абмяжоўваюцца клопаты гэтага чалавека. Непакоіцца яго душа, калі змяншаецца лясны масіў, мітусяцца ў пошуках гнёздаў жураўлі, рэдкасцю становіцца вельмі асцярожная, загадкавая птушка чорны бусел…


Што і казаць, слова “экалогія” набывае ўсё больш трывожнае гучанне. Чалавецтву пагражае экалагічны крызіс. Гэтая пагроза датычыць усіх — ад малога да старога. І вінаваты ў тым самі людзі. Значыць, кепскія мы гаспадары на сваёй зямлі: забруджваем рэкі і азёры, высякаем дрэвы, самі сабе атручваем паветра, зводзім назаўсёды многія віды раслін і жывёл. І шмат іншых небяспечных працэсаў адбываецца ў прыродзе сёння па недальнабачнасці, недасведчанасці і абыякавасці чалавека. Нездарма з сумам і сказаў паэт: “Все меньше окружающей природы, все больше окружающей среды”…


Далей так нельга. Як людзям, грамадству выправіць становішча з экалогіяй? Як абясшкодзіць міну запаволенага дзеяння, што завецца экалагічным крызісам? Трэба, каб грамадства ў цэлым і кожны грамадзянін паасобку ўсвядомілі небяспеку і ўзяліся рашуча выпраўляць памылкі, карэнным чынам змянілі свае адносіны да прыроды, а галоўнае, навучылі сваіх дзяцей і ўнукаў ведаць, любіць і шанаваць прыроду. Тады новыя пакаленні, прыйшоўшы на змену бацькам у дзяржаўных справах, не паўтораць іх памылак і пралікаў, паклапоцяцца пра здароўе роднай прыроды.


Менавіта на варце такой высакароднай службы і стаіць раённая інспекцыя прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, супрацоўнікі якой сапраўды працуюць не дзеля славы, а дзеля далейшага жыцця на зямлі. Жыцця, якое ў першую чаргу і залежыць ад стану нашай прыроды.


С. КУЛАКЕВІЧ.


НА ЗДЫМКУ: любіць родную зямлю — гэта значыць клапаціцца пра яе, каб была чыстай, утульнай, прыгожай. Гэта, як бачна на здымку, і робяць вучні САШ №2 райцэнтра пад час прайшоўшага 11 красавіка рэспубліканскага суботніка.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.