Адзначылі свята “маёўкай”

Першы майскі дзень не парадаваў добрым надвор’ем. Але нават нягледзячы на гэтую акалічнасць на “маёўку” ў гарадскім парку і на стадыёне сабралася нямала людзей. Асабліва моладзі, якая прыйшла на адкрыццё летняй танцавальнай пляцоўкі. Менавіта вялікай маладзёжнай дыскатэкай закончылася культурна-спартыўная праграма, што ладзілася ў дзень Свята працы.


Праграма свята была даволі насычанай, хаця ў ёй пераважалі спартыўныя спаборніцтвы. Раніцай прайшоў більярдны турнір, які сабраў амаль два дзесяткі аматараў гэтай гульні. А 17 гадзіне на зялёны газон стадыёна выйшлі каманды юных футбалістаў — выхаванцы спартыўных школ “Матор” і спартаддзела. Матч удаўся. І напал саперніцтва не спадаў да фінальнага свістка суддзі, і вялікай колькасцю галоў парадавалі хлопцы. На жаль, забіваўся мяч толькі ў адны вароты. З лікам 3:0 выйгралі выхаванцы спартыўнай школы “Матор”. Па заканчэнню спаборніцтва начальнік аддзела спорту і турызму райвыканкама Уладзімір Саўчыц уручыў камандам па торту, а таксама прызы лепшым ігракам. Дарэчы, выконваць гэтую прыемную працэдуру Уладзіміру Іванавічу прыйшлося ў той вечар не аднойчы.


Да позняга вечара доўжыўся валейбольны турнір у спартыўнай зале сярэдняй агульнаадукацыйнай школы №2. Спонсарам гэтых спаборніцтваў выступілі прафсаюзныя арганізацыі работнікаў АПК, сістэмы адукацыі і іншыя.. Пяць каманд з розных арганізацый раёна па кругавой сістэме вызначалі на працягу чатырох гадзін пераможцу. І напал на валейбольнай пляцоўцы быў не жартоўны. Не прайграўшы ні адной гульні, галоўны прыз валейбольнага турніру заваявала каманда ААТ “Тураў”. На другім месцы — каманда акцыянернага таварыства “Жыткавіцкі райагратэхсервіс”. Добрую гульню паказалі і валейбалісты раённага спажывецкага таварыства.


У шахматна-шашачным клубе кожны жадаючы мог прадэманстраваць сваё майстэрства ў спаборніцтвах па шахматах, шашках, настольным тэнісе. Знайшліся аматары і гэтых відаў спорту.


Не абміналі ўвагай наведвальнікі і танцавальную пляцоўку ў парку. Тут разгарнулася асноўная дзея культурна-забаўляльнай праграмы. Адкрылася яна тэатралізаваным выступленнем дзіцячага ўзорнага лялечнага тэатра “Чудесники”. Далей гледачоў радавалі сваёй творчасцю калектывы мастацкай самадзейнасці. А скамарохі запрашалі людзей прыняць удзел у розных гульнях. Найбольш папулярным было катанне на электрааўтамабілі і электраматацыкле. Гэты атракцыён прапаноўвалі работнікі раённага камбіната бытавога абслугоўвання. Маці са сваімі дзеткамі нават прыйшлося пастаяць у чарзе, каб рабяты змаглі праехацца на аўтамабілі. На жаль, тэхнічныя характарыстыкі акумулятараў (яны разрадзіліся практычна поўнасцю) не змаглі задаволіць попыт жадаючых. Але расчаравання на тварах не было. Многія знаходзілі для сябе іншы занятак, набывалі шарыкі, кідалі кольцы, мячык, проста гулялі па парку. Нямалая колькасць людзей падыходзіла і да гандлёвай палаткі спажывецкага таварыства. Яе гаспадыні частавалі ўдзельнікаў “маёўкі” блінцамі, якія выпякалі прама на месцы, і шашлыкамі.


Магчыма, для некага святочныя мерапрыемствы падаліся і не такімі вясёлымі і масавымі. Але той, хто хацеў добра адпачыць, меў такую магчымасць.


С. МІКАЛАЕЎ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.