Механізацыя – аснова сельгасвытворчасці

Абласны семінар па пытаннях арганізацыі тэхнічнага абслугоўвання энерганасычаных трактароў і падрыхтоўкі комплексу машын да корманарыхтоўчай кампаніі днямі прайшоў на базе нашага раёна. Удзел у мерапрыемстве прынялі начальнікі інспекцый Дзяржтэхнагляду, спецыялісты інжынернай службы ўпраўленняў сельскай гаспадаркі і харчавання раёнаў вобласці, намеснік старшыні абласнога камітэта сельскай гаспадаркі і харчавання Аляксандр Пінчук, начальнік абласной інспекцыі Дзяржтэхнагляду Аляксандр Андрэйкавец, начальнік інспекцыі па ахове працы абласнога камітэта сельскай гаспадаркі і харчавання Уладзімір Кулыгін, начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Жыткавіцкага райвыканкама Валянцін Карпаў. Адразу адзначым, гаспадарам (мерапрыемства праходзіла на базе ААТ “Жыткавіцкі агратэхсервіс” і КСУП “Агра-Прыпяць”), было што паказаць і пра што расказаць сваім гасцям.


Гэта падкрэсліў падчас адкрыцця семінара Аляксандр Васільевіч Пінчук. У якасці станоўчага прыклада ён прывёў той факт, што наш раён першы ў вобласці наладзіў бягучае тэхнічнае абслугоўванне энерганасычаных трактароў на базе агратэхсервіса. “ І гэта вельмі важная справа, якая патрабуе развіцця, каб у далейшым праводзіць больш складанае сервіснае абслугоўванне энерганасычанай тэхнікі, — гаварыў Аляксандр Васільевіч. — У нас яна пакуль гарантыйная, але час ідзе. У некаторых абласцях рэспублікі ўжо сутыкнуліся з праблемай, калі немагчыма правесці тэхнічнае абслугоўванне № 2 і 3. Распачатая ж справа жыткавіцкімі рамонтнікамі дазволіць пазбегнуць такіх праблем, бо будзе напрацаваны вопыт, накопіцца кваліфікаваны кадравы патэнцыял”.


Уступная прамова Анатоля Ляшкевіча, дырэктара агратэхсервіса, была невялікай. Ен практычна адразу прапанаваў прайсці гасцям на вытворчасць і там усё пабачыць уласнымі вачыма. Удзельнікі семінара так і зрабілі. Работу пачалі адразу з прахадной таварыства. На першы погляд, чаму тут можна навучыцца. Але, як аказалася, прахадная адыгрывае значную ролю ў вытворчым працэсе. Гасцей цікавіла многае: як праводзіцца тэхнічны агляд машын і трактароў перад выпускам на лінію, медыцынская праверка вадзіцеляў перад выхадам у рэйс, работа дыспетчарскай службы і іншае. Практычна фотаўспышкі камер і фотаапаратаў гасцей не патухалі. Фатаграфавалі, канешне ж, лепшае, што потым можна ўкараніць у сябе ў раёнах.


Яшчэ адзін аб’ект агратэхсервіса — мыйка машын. Яе набылі нядаўна і патрэба ў ёй вялікая. Па-першае, энерганасычаныя трактары на тэхагляд кіруюцца ў майстэрню таварыства сваім ходам прама з палетка. Вядома, які выгляд яны маюць. На мыйцы і прыводзяць іх у належны стан, перш чым яны трапяць у майстэрню. А калі машына чыстая, то і абслугоўванне яе пройдзе на высокім узроўні, у рамонтнікаў узрасце ўпэўненасць, што ў сістэмы пры замене масла і рэгуліроўцы апаратуры не пападзе гразь і пясок. Гэта таксама немалаважна пры далейшай рабоце тэхнікі. Яшчэ адзін “плюс”, што энерганасычаныя трактары абслугоўваюцца на базе агратэхсервіса і ў тым, што ўмовы тут для гэтага намнога лепшыя, чым у гаспадарках, да таго ж можна стварыць базу данных для абслугоўвання надалей. І самае галоўнае, заменяць тут не толькі масла, але і паглядзяць, адрэгулююць і іншыя сістэмы. Спецыялісты ў таварыстве для гэтага з неабходнай кваліфікацыяй маюцца. Механізатару застаецца толькі граматна эксплуатаваць такую складаную і дорагакаштуючую тэхніку. Разгарэўшаяся дыскусія прама на пункце тэхнічнага абслугоўвання, сведчыла, што гэтая работа вельмі зацікавіла гасцей. Дарэчы, абслугоўванне энерганасычаных трактароў — не адзіная паслуга, якая аказваецца райагратэхсервісам вяскоўцам. У гэтым таксама пераканаліся ўдзельнікі семінара падчас наведвання вытворчых аб’ектаў таварыства. Толькі да сёлетніх палявых работ адрамантавана для сельгаспрадпрыемстваў вялікая колькасць машын і агрэгатаў, да жніва — збожжаўборачных камбайнаў. А яшчэ выконваюцца работы па абслугоўванню і рамонту фермскага абсталявання і многае іншае. Як адзначалася Анатолем Ляшкевічам, кадравы патэнцыял на прадпрыемстве маецца, ёсць і спецыяльнае абсталяванне, якое пастаянна абнаўляецца.


Засяродзілі ўвагу прысутных і на падрыхтоўцы і перападрыхтоўцы механізатарскіх кадраў для гаспадарак, якія праводзяцца калектывам вучэбна-курсавога камбіната райсельгасхарчу.


Так, цяперашняя тэхніка патрабуе высокакваліфікаваных кадраў, дасканала ведаючых яе матэрыяльную частку. Гэтак жа і на фермах. Калектывам навучальнай установы пры падрыхтоўцы механізатараў улічваюцца ўсе патрабаванні і рэаліі часу, бо тэхніка пастаянна ўдасканальваецца, на ёй устанаўліваецца самае сучаснае абсталяванне. Несумненна, і без адпаведных ведаў яе граматна эксплуатаваць даволі цяжка. Не абышлі ўвагай і праблему, якая тычылася абнаўлення матэрыяльнай базы курсавых камбінатаў. Добра, што курсавы камбінат у нашым раёне знаходзіцца на тэрыторыі агратэхсервіса, і практычныя заняткі навучэнцы могуць прайсці, скарыстоўваючы сучасную тэхніку таварыства. У другіх сітуацыя намнога складаней.


Закранулі пытанні і стварэння бяспечных умоў працы. Адно з патрабаванняў, якое ставіцца перад рамонтнікамі падчас падрыхтоўкі машын і агрэгатаў, улічваць і гэты важны аспект.


Не меншую зацікаўленасць праяўлялі ўдзельнікі семінара да арганізацыі работы машынна-трактарнага двара ў КСУПе “Агра-Прыпяць”. Найперш усе азнаёміліся з тым, як у гаспадарцы падрыхтаваліся да кормаздабываючай кампаніі. З гэтым, як адзначалася дырэктарам гаспадаркі Анатолем Санюком, праблем няма: тэхніка пастаўлена на лінейку гатоўнасці поўнасцю. Зрабілі гэта яшчэ зімой механізатары, за якімі яна замацавана. Цяпер робяць апошнія даводкі і рэгуліроўкі. Не абмінулі ўвагай і пункт тэхнічнага абслугоўвання гаспадаркі, клас па тэхніцы бяспекі. Ен, скажам, уразіў сваім афармленнем многіх. Ды і з бытавымі ўмовамі для механізатараў пазнаёміліся. Некаторыя нават ручкі кранаў на ўмывальніках пакруцілі, каб пераканацца, што маецца ў гаражы гарачая вада. А на малочнатаварным комплексе “Азяраны” многіх здзівіла таннасць узведзенай, так бы мовіць, лёгкай канструкцыі памяшкання фермы. Некаторыя нават не верылі, што больш чым за сто мільёнаў такое магчыма.


— Не можа быць такога. Вунь толькі аднога лесу колькі пайшло, а яшчэ бетон, шыфер, — вялі паміж сабой размову спецыялісты інжынернай службы аднаго з раёнаў.


— Ды не, кіраўнік сказаў. Сам пытаўся, не будзе ж ён маніць, — зазначаў калега. Гэта яшчэ адзін прыклад таго, што сельгасвытворцы раёна маюць вопыт, якім могуць падзяліцца са сваімі калегамі з іншых рэгіёнаў вобласці. Не здарма ж на пленарным пасяджэнні, якое адбылося ў Тураўскім ГДК, папрасілі падзяліцца вопытам па пытаннях правядзення тэхаглядаў начальніка інспекцыі дзяржтэхнагляду раёна Васіля Кузьміча. Вялікая ўвага падчас падвядзення вынікаў семінара надавалася пытанням стварэння бяспечных умоў працы для людзей на вытворчасці. Асобны акцэнт тут рабіўся і на захаванні правілаў пажарнай бяспекі ў месцах складзіравання грубых кармоў, а таксама на іншых аб’ектах сельгасвытворчасці. Падрабязна спыніліся ўдзельнікі семінара і на іншых пытаннях, якія звязаны з арганізацыяй работы механізацыі ў раёнах. Важнасць гэтай галіны падкрэсліў Валянцін Карпаў. Як ён адзначыў, калі паспяхова складваюцца справы ў механізацыі, добра тады працуюць і іншыя галіны вытворчасці. Менавіта чарговы семінар спецыялістаў інжынернай службы вобласці паказаў, што ім ёсць над чым працаваць для таго і ёсць чаму павучыцца, каб забяспечыць бездакорную работу механізацыі. Нездарма ж гавораць, што яна з’яўляецца сэрцам сельгасвытворчасці. Калі яно хварэе, вобразна кажучы, шмат не напрацуеш. Асабліва пры цяперашніх патрабаваннях.


С. БЕЛКА. Фота В. КІЖНЕВА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.