Памятаць, каб жыць

65-годдзе вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў калектыў Жыткавіцкай дзіцячай бібліятэкі адзначыў шэрагам мерапрыемстваў яшчэ з пачатку года.


У першую чаргу для дзяцей была падрыхтавана кніжная выстава “Память вечна, священна во все времена”, дзе прадстаўлены сучасныя выданні аб гісторыі Вялікай Айчыннай вайны і вызваленні Беларусі. Асаблівай папулярнасцю карыстаюцца наступныя выданні: А. Гребенкина “Живая боль. Женщины и дети Бресткого гарнизона”, Б. Долгатович “Военноначальники земли белорусской”, “Кавалеры ордена Славы”, С. Шакаров “Герои Советского Союза, полные кавалеры ордена Славы Гомельщины”, а таксама “Наша перамога. Хроніка Вялікай Айчыннай вайны”, “Памяць Беларусі: Рэспубліканская кніга”, “Хатынь”, “Памяць: Жыткавіцкі раён”.


Вельмі пазнавальнай для падлеткаў атрымалася тэматычная падборка “Памяць вайны, раны вайны, боль чалавечы”, у якой сабраны кнігі пра дзяцей вайны, пра дзяцей-герояў і іх подзвігі. Аб трагедыі вайны сведчаць фотаздымкі дзяцей, якія бібліятэка атрымала у свой фонд разам з камплектам “Великая Отечественная война. Урок памяти”.


У гонар 65-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, а таксама Года роднай зямлі з 23 лютага па 3 ліпеня гэтага года ў бібліятэцы стартавала акцыя “Свяшчэнная памяць вайны”. Для чытачоў бібліятэка прапануе 65 лепшых мастацкіх твораў беларускіх пісьменнікаў, прысвечаных Вялікай Айчыннай вайне. Знаёмства з гэтымі творамі дапаможа маленькаму чытачу паглыбіць веды аб гісторыі роднай краіны. Самыя актыўныя наведвальнікі бібліятэкі будуць адзначаны памятнымі прызамі.


Вельмі важна было пазнаёміць нашых дзяцей з героямі-ураджэнцамі Жыткавіцкага раёна, таму мы падрыхтавалі краязнаўчыя папкі: “Васіль Андрэевіч Кот, Герой Савецкага Саюза”, “Міхаіл Сямёнавіч Струк, поўны кавалер ордэна Славы”. З дапамогай гэтых людзей у чытальнай зале прайшла краязнаўчая гадзіна “Героі Вялікай Айчыннай вайны”.


Гадзіна гісторыі “Жыткаўшчына ў гады вайны” больш дэталёва пазнаёміла чытачоў з кнігай “Памяць: Жыткавіцкі раён” і падзеямі тых далёкіх часоў. Але нічога так не кране сэрца, як жывая сустрэча з чалавекам, які сам бачыў і перажыў вайну.


15 мая на сустрэчу “З памяццю ў сэрцы” мы запрасілі вучняў 8 “А” класа САШ №2 пад кіраўніцтвам Т. Ярошык. Чалавек, з якім мы вырашылі пазнаёміць падлеткаў, вельмі адметная асоба ў нашым горадзе – гэта ўдзельнік Вялікай Айчынная вайны, старшыня раённага Савета ветэранаў, ганаровы грамадзянін города Жыткавічы Адам Піліпавіч Аліфяровіч. Сустрэча была вельмі цёплая. Дзяцей цікавіла ўсё: і асабістыя ўражанні ад першых дзён вайны, і акупацыйны рэжым на тэрыторыі раёна, і першае каханне на вайне, і ўзнагароды, якімі быў адзначаны Адам Піліпавіч. Сустрэча доўжылася амаль дзве гадзіны, падчас якой прагучалі песні “Журавли” і “Алеша” у выкананні бібліятэкара першай катэгорыі В. Жураўскай і метадыста першай катэгорыі Л. Трафімовіч.


Вельмі кранулі словы А.П. Аліфяровіча, якімі ён закончыў сваё выступленне: “Вайна — гэта жах. Яна ніколі і нічога станоўчага чалавеку не стварала, яна пакінула пасля сябе кроў і слёзы людскія, спаленыя вёскі і гарады і мела аднолькава чорны колер — колер бяды. Не дай, Бог, усім нам забыць імёны абаронцаў Айчыны, якія загінулі ад куль і снарадаў з думкамі пра светлую будучыню Радзімы”.


В. ЯЎСЕЙЧЫК, загадчыца Жыткавіцкай дзіцячай бібліятэкі.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.