Прылятайце, птушкі, веснікі вясны!

Незвычайная падзея “Свята птушак у Тураве” надарылася ў першыя дні мая. Фестываль – а менавіта так заявілі пра яго арганізатары — праводзіўся па ініцыятыве грамадскай арганізацыі “Ахова птушак Бацькаўшчыны” пры ўдзеле ўладных і грамадскіх структур як Беларусі, так і замежжа.


Папярэднічала святу прэс-канферэнцыя, у якой бралі ўдзел старшыня Жыткавіцкага райвыканкама Мікалай Какора, старшыня Тураўскага гарсавета Ігар Міцюрыч, дырэктар грамадскай арганізацыі “Ахова птушак Бацькаўшчыны” Віктар Фянчук, мастацкі кіраўнік свята, прафесар, загадчык кафедры абрадаў і святаў Беларускага ўніверсітэта культуры, кандыдат гістарычных навук Пётр Гуд, кіраўнік аддзела Еўрапейскіх праграм і глабальнай прыродаахоўнай палітыкі Норберт Шаффер, скульптар Дзмітрый Урублеўскі і іншыя. Журналісты мелі магчымасць, як кажуць, з першых рук, атрымаць інфармацыю аб праводзімай дзеі.


Тураў стаў сталіцай свята птушак не выпадкова. Гэта, мабыць, адзін з нешматлікіх беларускіх гарадоў, які можа пахваліцца сапраўды вядомымі сведчаннямі сваёй асаблівасці, як сучаснымі, так і гістарычнымі. З сучасных можна назваць знакамітыя каменныя крыжы, якія растуць з зямлі, з гістарычных –- асобай Кірылы Тураўскага і статусам аднаго з першых княстваў на тэрыторыі Беларусі. Цяпер у гэты пералік адметнасцяў, як лічаць многія навукоўцы, можна будзе смела аднесці Тураўскае балонне і яго рэдкага насельніка –- куліка-марадунка…


Як паведаміў журналістам (іх сабралася нямала!)дырэктар грамадскай арганізацыі “Ахова птушак Бацькаўшчыны” Віктар Фянчук, Тураўскае балонне – тэрыторыя важная для птушак (ТВП) міжнароднага значэння, адно з самых значных месцаў міграцыйных прыпынкаў і гнездавання кулікоў у пойме Прыпяці. Штогод, звыш 200 000 водна-балотных птушак выкарыстоўваюць Тураўскае балонне ўвесну. Найбольш масавыя мігранты –- баталён (100 тысяч), чайка-рыбачка (50 тысяч), качка-свіцьва (26,5 тысячы), белакрылая рыбачка (13 тысяч), белалобая гусь (10-12 тысяч птушак). На Тураўскім балонні знаходзяцца самыя вялікія ў Беларусі гнездавыя каланіяльныя паселішчы занесеных у Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусі марадункі і вялікага зуйка. Прычым, папуляцыя вялікага зуйка складае каля 30% беларускай папуляцыі гэтага віду, а папуляцыя марадункі –- самая вялікая ў Беларусі. А ўсяго ж на плошчы ў 140 гектараў гняздзіцца звыш 500 пар водна-балотных птушак. У 2008 годзе Тураўскае балонне (мясцовая назва) было ўзята ў арэнду грамадскай арганізацыяй “Ахова птушак Бацькаўшчыны” для прыродаахоўных мэт.


Для Тураўскага балоння, як аказалася, жыццёва важны выпас жывёл. Рэгулярны выпас прыгнятае травастой і стварае ідэальныя ўмовы для гнездавання каляводных птушак. Як адзначыў Віктар Фянчук, на працягу стагоддзяў асноўным фактарам, які фармаваў адкрытыя поймавыя лугі, быў экстэнсіўны выпас жывёлы –- кароў, коней, коз, і нават гусей. Усе яны, кожны па-свойму, выядалі, вышчыпвалі, вытаптвалі траву і хмызнякі, фармуючы вельмі спрыяльныя ўмовы для гнездавання кулікоў. Прыпяцкія глебы вельмі ўрадлівыя –- таму ўжо пасля некалькі год пасля спынення выпасу поймавыя лугі ці паплавы хутка зарастаюць хмызняком і дрэвамі. Так, за апошнія дзесяць год ужо поўнасцю зараслі паплавы каля вёсак Пагост, Азяраны, паволі зарастаюць лугі каля Верасніцы. Грамадская арганізацыя ініцыявала, з мэтай захавання Тураўскага балоння, аднавіць выпас кароў мясцовага сельгапрадпрыемства ў канкрэтныя перыяды. Бо з-за зарастання і фрагментацыі плошчы, якія выкарыстоўваюцца птушкамі для гнездавання і міграцыйных прыпынкаў, пачалі памяншацца. Акрамя гэтага, значна павялічылася драпежніцтва на гнёздах кулікоў. На некаторых частках балоння вясной 2008 года поспех гнездавання кулікоў быў блізкі да нуля. У рамках выканання праграмы захавання гэтай унікальнай тэрыторыі, ў 2007 і 2008 гадах найбольш істотныя фрагменты цэнтральнай часткі Тураўскага балоння былі ачышчаны ад хмызняковых зараснікаў. Наступным крокам стала арганізацыя кантраляванага выпасу кароў. Дэталёвы маніторынг расліннасці і арнітафауны Тураўскага балоння, што вядзецца разам са станцыяй кальцавання “Тураў”, дазволіць ацаніць эфект мерапрыемстваў і ўнесці неабходныя карэктывы. Хаця, як падкрэслівалася, выпас павінен быць кантраляваны: тыя ж самыя жывёлы вясной становяцца прычынай масавай гібелі яек і птушанят.


На думку прадстаўнікоў грамадскай арганізацыі, шмат кіламетраў поймы Прыпяці ў Беларусі ўжо аддамбавана і страціла сваё значэнне для мігрыруючых птушак. Таму, кожны ацалелы кавалак поймы мае выключную прыродаахоўную значнасць і мусіць быць захаваны.


Праграма захавання Тураўскага балоння актыўна выконваецца АПБ сумесна з Тураўскім гарадскім Саветам пры падтрымцы Праграмы малых грантаў ГЭФ, Каралеўскага таварыства аховы птушак (RSPB, Вялікабрытанія), раённых органаў улады, падкрэсліў выступаючы, адказваючы на пытанні прадстаўнікоў мас-медыя.


Як лічыць прафесар Пётр Гуд, свята птушак павінна набыць статус рэспубліканскага. У духоўнай культуры народа, на яго думку, адбываецца надзвычай важная падзея, у якой прысутнічаюць і спалучаны традыцыі каляндарнай абрадавасці беларусаў і навацыі, а Тураў можа быць штогодняй яго сталіцай.


Норберт Шаффер, кіраўнік аддзела Еўрапейскіх праграм і глабальнай прыродаахоўнай палітыкі, згадаў 1998 год, калі эксперты з The Royal Society for the Protection of Birds (Каралеўскага Грамадства Абароны птушак Вялікабрытаніі) праводзілі аналіз турыстычнага патэнцыялу Палесся, то былі здзіўленыя багаццем Тураўскага балоння, якое, безумоўна, цікава як беларускім, так і замежным арнітолагам-прафесіяналам і аматарам, што штогод прыязджаюць у Беларусь, і цяпер абавязкова ў свой маршрут ўключаць Тураў. Прырода – гэта тое, чым мы можам без вялікіх укладанняў яшчэ сотні гадоў прыцягваць замежных турыстаў. Некрануты чалавекам лес, поймы без дамбаў, бязмежныя балоты – увесь комплекс з’яўляецца немалым турыстычным багаццем нашай краіны, якое трэба навучыцца правільна паказваць і паспяхова прадаваць, канстатавалі ўдзельнікі прэс-канферэнцыі.


… А пачатак свята ладзіўся на цэнтральнай плошчы Турава ля мясцовага ўнівермага і гасцініцы. Нягледзячы на няласкавасць прыроды (было холадна і пайшоў дождж), тут сабралася шмат сяброў прыроды, жыхароў горада, каб не толькі папрысутнічаць, але і прыняць актыўны ўдзел у літаратурна-музычнай кампазіцыі, падрыхтаванай Тураўскім ГДК і прысвечанай прыходу вясны і прылёту птушак. Былі тут і песні, і танцавальныя пройгрышы з ручнікамі, і тэатралізаванае прадстаўленне фальклорных калектываў. А момант урачыста-узрушлівага вітання вясны суправаджаўся заклікамі : “Гу!!! Вясна! Гу!!! Красна! Прыйдзі!!! Зямлю-матухну абудзі! Гу!!! Вясна! Гу!!! Красна! Прыйдзі!!! Птушыны вырай прывядзі!” І на просьбу ўдзельнікаў свята на маладым коніку на плошчу прыехала галоўная гераіня свята, якая шчодра пажадала ўсім:


“Малым дзеткам –- па яечку!


Старым бабкам –- па кіёчку,


Маладым жонкам –- па сыночку,


Красным дзеўкам –- па вяночку,


Маладым хлопцам –- па канёчку!!


Гаспадыня свята –- Вясна –- бласлаўляе людзей “на жытачка род, на статачак плод, людзям на здароўе” і запрашае на імправізаваную сцэну старшыню Жыткавіцкага раённага выканаўчага камітэта Мікалая Какору.


Кіраўнік райвыканкама ад імя мясцовых органаў улады прывітаў прысутных з цудоўным фальклорным святам, якое завітала ў Тураў. Ен падкрэсліў, што ў гэты вясенні дзень палешукам выпаў сапраўды ўнікальны шанс стаць сведкамі адкрыцця незвычайнага для нашай краіны помніка куліку-марадунку. Гэта адбываецца невыпадкова, таму што гэтая птушка – характэрны прадстаўнік заказніка “Тураўскае балонне”, занесена як від у Чырвоную Кнігу Рэспублікі Беларусь. А помнік павінен стаць своеасаблівым знакам увагі чалавецтва да прыроды, знакам, які сведчыць аб неабыякавых адносінах грамадскасці да пастаяннага знікнення з твару Зямлі розных відаў жывёл, раслін і птушак. Кіраўнік раённага выканаўчага камітэта падзякаваў нераўнадушным людзям, а найбольш энтузіястам грамадскай арганізацыі “Ахова птушак Бацькаўшчыны” за праведзеную працу на карысць роднага краю, краіны і ўсяго свету, за арганізацыю святочнай дзеі.


Ушанаванне вестуноў вясны — птушачак, траўкі роснай, неба блакітнага і песні шчырай – завяршаецца самым памятным момантам – феерверкам і ўрачыстым адкрыццём помніка куліку — марадунку. Чырвоную стужку перарэзалі старшыня Жыткавіцкага райвыканкама Мікалай Какора, дырэктар грамадскай арганізацыі “Ахова птушак Бацькаўшчыны” Віктар Фянчук і кіраўнік аддзела Еўрапейскіх праграм і глабальнай прыродаахоўнай палітыкі Норберт Шаффер. Яркая тканіна спадае і — прысутныя апладзіруюць рэдкаму ў Беларусі куліку, занесенаму ў Чырвоную кнігу … Чаму птушка абрала менавіта гэты куток Палессі, гадаюць нават арнітолагі. Бо найблізкія месцы гнездавання гэтага паўночнага выгляду кулікаў знаходзяцца ажно ў расійскай тундры! А ў Беларусі марадунку ўжо празвалі знакам Тураўскага луга. Птушку лёгка пазнаць па характэрна задзірыстай доўгай дзюбе. Гэтую адметную дэталь крылатай мадэлі “падхапіў” скульптар Дзмітрый Урублеўскі, калі ствараў помнік, кіруючыся фотаздымкамі арнітолагаў, зробленых на Тураўскім балонні.


— Па памерах скульптура ў два разы больш арыгінала, — распавядае Дзмітрый Урублеўскі афіцыйным асобам, якія падыйшлі да помніка, паціснулі руку скульптару і зрабілі першы здымак ля яго на памяць.(Дарэчы, помнік куліку-марадунку стане другім помнікам птушцы, устаноўленым у Беларусі. Першым быў уганараваны… звычайны верабей. Помнік яму можна ўбачыць у Баранавічах).


Дзмітрый Урублеўскі спадзяецца, што ягоны ўнёсак у захаванне прыроды будзе ўпадабаны як школьнікамі і моладдзю, старэйшым пакаленнем тураўлян, а таксама турыстамі, бо, як мяркуецца, ёсць шанец у палескай глыбінкі зарабіць на птушачках. І гэта, варта прызнаць, даволі сур’ёзная заява, якая гучала на свяце не раз. Птушыная разнавіднасць у нас надзвычай багатая. І гэта — цікавы аспект, які можа прыцягваць турыстаў. А для таго, каб паназіраць за птушкамі няма, неабходнасці вандраваць па выспах, трэба назіраць за птушкамі, як гэта і робяць арнітолагі, у падзорную трубу… А ўмовы для турыстаў у Тураве ўжо з’яўляюцца. Добрая гасцініца — не апошні аргумент…


Пасля афіцыйнай цырымоніі ўрачыстае шэсце народных калектываў, школьнікаў, якія неслі ў руках інфармацыйныя стэнды з малюнкамі птушак Тураўскага балоння, накіроўваецца ў гарадскі Дом культуры, дзе фальклорныя калектывы Жыткавіцкага раёна (з Рычоўскага, Запясоцкага, Сямурадскага, Пагосцкага, Чэрніцкага сельскіх Дамоў культуры і клубаў) паказалі мясцовыя абрады, звязаныя з птушкамі, — іх на Палессі вельмі шмат. Да іх далучыліся і школьнікі тураўскай зоны Жыткавіцкага раёна (Рычоўская САШ — кулік-марадунка; Малешаўская базавая школа — вялікі зуёк; Тураўская САШ №1 — крывок (кулік-сарока); Тураўскі Дом дзіцячай творчасці — кнігаўка; Запясоцкая базавая школа – баталён (турухан — рус.); Тураўская САШ №2 – белашчокая крачка; Хільчыцкая САШ — краква; Азяранская САШ — шыраканоска). Яны прадставілі сваё ўяўленне пра куліка, ў песнях, танцах, вершаванымі радкамі распавялі аб яго асаблівасцях.


Адметнай рысай гэтай дзеі фестывалю стаў менавіта пазнавальны і навучальны аспект, якога часта бракуе звычайным масавым гулянням. Пазнавальнасць захоўвалася і пры выступленні фальклорных калектываў, якія паказалі праграмы: “Гуканне вясны”, прысвятак “Аўдакея”, прысвятак “Саракі”, праграмы “Дабравешчанне” і “Благавешчанне”, праграму сямейна-бытавога комплексу абраднасці па матывам песень пра птушак. Увогуле, дзеянне на сцэне было прыгожым, яркім, пераканальным, і хораша дапаўнялася мастацкімі нумарамі народных калектываў Тураўскага ГДК “Ярок” і “Прыпяць”…


Адначасова з сцэнічнай пляцоўкай ГДК (там яблыку ад цікаўных не было дзе ўпасці!), любы жадаючы мог прыняць удзел у майстар-класе па вырабе птушак з паперы або іншага прыроднага матэрыялу. І, вядома, на свяце ладзіліся шматлікія конкурсы, а таксама была свая “куліковая” пошта — кожны жадаючы мог паслаць паштоўку сябрам і знаёмым, а таксама купіць розныя сувеніры (цікава выглядала тут выстава-продаж вышыванак жыткаўчанкі Кацярыны Пятроўны Мішчук, якая год назад захапілася вышываннем птушак і ў яе гэта надта добра атрымліваецца!) і вырабы іншых народных майстроў. Тут прадастаўлялася магчымасць кожнаму жадаючаму паспрабаваць сябе ў якасці мастака, прапаноўвалася намаляваць птушак…


І яшчэ быў адзін цікавы момант. На працягу ўсяго дня можна было наведаць Тураўскую станцыю кальцавання птушак. Якраз з 25 красавіка па 5 мая ў г. Тураве арганізаваны лагер па кальцаванню кулікаў і іншых водна-балотных відаў птушак у рамках рэалізацыі мініпраекту ГА “Ахова птушак Бацькаўшчыны”.


Вывучэнне кулікаў і іншых водна-балотных птушак у пойме р.Прыпяць праводзіцца супрацоўнікамі Інстытута заалогіі НАН Беларусі (цяпер НПЦ НАН Беларусі па біярэсурсам) ужо больш 10 гадоў. Назапашаны вялікі вопыт палявых метадаў вывучэння міграцыі. На станцыі кальцавання птушак “Тураў” за гэты час акальцавана больш 22 тыс. кулікаў і іншых водна-балотных птушак. Рэалізацыя дадзенага мініпраекту, як расказалі актывісты АПБ, дапаможа студэнтам біялагічных спецыяльнасцяў атрымаць базавыя навыкі ў асноўных арніталагічных методыках па вывучэнні вясновай міграцыі і кальцаванню птушак. За час правядзення лагера маладыя людзі змаглі навучыцца асноўным навыкам азначэння кулікаў і іншых водна-балотных птушак у натуральных умовах, асноўным методыкам адлову і кальцавання птушак, правядзення ўлікаў птушак, асноўным прынцыпам азначэння пола-узроставых паказчыкаў адлоўленых птушак. За вельмі цікавай справай аўтару гэтых радкоў удалося застаць і кіраўніка аддзела Еўрапейскіх праграм і глабальнай прыродаахоўнай тэматыкі Норберта Шаффера…


“Птушыныя святкі” — так называлася дзейства, што адбывалася на сцэне Тураўскага ГДК — завяршылася таксама ўшанаваннем лепшых фальклорных калектываў і самадзейных артыстаў. Ім былі ўручаны падзякі і сувеніры ГА “Ахова птушак Бацькаўшчыны”. Журы вызначыла і пераможцаў конкурсу школьных каманд, якія прэзентавалі птушак Тураўскага балоння. Трэцяе месца прысуджана вучням Азяранскага вучэбна-педагагічнага комплексу школа-сад, другое – выхаванцам Тураўскага Дома дзіцячай творчасці. А вось безагаворачную перамогу атрымалі вучні САШ №2 г. Турава. Усе пераможцы атрымалі ўзнагароды (кнігі “Птушкі” Еўропы, плакаты, буклеты, спецыяльныя кепкі з сімволікай АПБ), якіх ўручылі прадстаўнікі ўладных і грамадскіх структур — заснавальнікаў і фундатараў конкурсу і фестывалю. Адметнасцю было тое, што кожная з каманд атрымала вялікае фота прадстаўляемай на фэсце птушкі.


Завяршыўся фестываль “Свята птушак у Тураве “ выступленнем дырэктара грамадскай арганізацыі “Ахова птушак Бацькаўшчыны” Віктара Фянчука: “Нягледзячы, што свята праводзіцца ў першы раз, яно звярнула ўвагу грамадскасці на ўнікальнасць гэтага кутка прыроды Беларусі, а таксама паказвае, што птушкі — гэта патэнцыйны аб’ект турызму. Асабліва ўвесну, калі адбываюцца шлюбныя гульні, турніры, апярэнне дасягае піка яркасці. У Вялікабрытаніі каля мільёна чалавек актыўна назіраюць за птушкамі. У іншых еўрапейскіх краінах рахунак такіх фанатаў ідзе на дзясяткі тысяч. У Беларусі бердвочынг пакуль не стаў папулярным хобі. Аднак гэта наша заўтра…” Дырэктар АПБ падзякаваў Жыткавіцкаму райвыканкаму і Тураўскаму гарвыканкаму за плённую сумесную працу па захаванню прыроднага багацця нашай зямлі.


А на наступны дзень фестываль прадоўжыў сваю працу — прайшоў чэмпіянат па фотапаляванню, якому спрыяла больш цёплае, без ападкаў, надвор’е.


У. МІКАЛАЕЎ.


НА ЗДЫМКУ: у час правядзення фестывалю “Свята птушак у Тураве”.


ДАВЕДКА “НП”


Святы птушак праходзяць амаль у кожнай краіне, але найболей папулярныя святы, спалучаныя з камерцыйнымі выставамі кніг, фотатэхнікі і оптыкі, арніталагічных тураў па ўсім свеце, а таксама ўсяго, што хоць як-небудзь звязана з назіраннямі ў дзікай прыродзе. Падзорныя трубы і лічбавую фотаапаратуру можна арэндаваць прама на месцы, разглядаючы або здымаючы дзікіх птушак праз вокны павільёнаў. Самая вядомая выстава BirdFair. Яна праходзіць у Велікабрытаніі шмат гадоў. Аналагічныя выставы-фэсты праходзяць і ў Нідэрландах, і ў Італіі. На думку ўдзельнікаў і арганізатараў свята птушак у Тураве можа быць штогоднім і прэтэндаваць на статус рэспубліканскага.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.