Развіваецца музейная справа

На пачатку мая ў Браніслаўскім навучальна-педагагічным комплексе дзіцячы сад-базавая школа прайшоў конкурс-выстава “Лепшы музейны экспанат”, прысвечаны Году роднай зямлі і 65-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Мерапрыемства было арганізавана саветам краязнаўчага музея школы.


— З вялікай цікавасцю і задавальненнем удзельнічалі ў конкурсе дзеці і настаўнікі, — расказвае кіраўнік школьнага краязнаўчага музея Валянціна Міхайлаўна Цупік, — дзякуючы актыўнасці школьны музей папоўніўся такімі экспанатамі як прымус, сякера-драпач, прасы, верацёны, вышыванкі і многім іншым.


Папоўнілася музейная экспазіцыя і даволі рэдкімі экспанатамі. Напрыклад, вучаніца 8 класа Аліна Нікіценка прынесла салдацкую біклагу. Яна захоўвалася ў яе сям’і з часоў Вялікай Айчыннай вайны. Біклагу з Бярліна прывёз у 1945 годзе прадзед дзяўчынкі. Не менш цікавую знаходку, звон “Дар Валдая” прынёс у музей дзевяцікласнік Андрэй Чэркас. Ен адпачываў у бабулі ў вёсцы Доўгая Дуброва і выпадкова знайшоў гэтую рэдкую рэч. Калі звон ачысцілі, то прачыталі надпіс “Дар Валдая” , год — 1802.


Увогуле, калі меркаваць па колькасці экспанатаў у музеі Браніслаўскага навучальна-педагагічнага комплекса, то добра відаць, як многа папрацавалі дзеці і настаўнікі над яго стварэннем, якую правялі вялікую пошукавую работу. Аб гэтым сведчыць і тое, што завязалася перапіска з былым настаўнікам школы, ветэранам Аляксандрам Купрыянавічам Кавалёвым, які пражывае зараз у Калінінградзе. Гэты чалавек мае непасрэднае дачыненне да выхавання не аднаго пакалення жыхароў Браніслава і навакольных вёсак. Вось толькі адзін прыклад. Некалі школьная піянерская дружына насіла імя пагранічніка Кіжаватава. А, як вядома, на граніцы ёсць застава, якая таксама носіць імя гэтага героя. Аляксандр Купрыянавіч наладзіў перапіску піянераў з пагранічнікамі гэтай заставы, нават разам са школьнікамі вырасцілі і вывучылі для іх службовую аўчарку, якую накіравалі на заставу. Знайшлі ж гэтага чалавека выпадкова: убачылі па тэлевізары ў тэлепраграме “Поле цудаў”. Вось так і завязалася перапіска цяперашніх навучэнцаў Браніслаўскага навучальна-педагагічнага комплекса з Аляксандрам Купрыянавічам. Дарэчы, ён абяцаў наведацца да іх у госці. А лісты, якія атрымлівала школа ад пагранічнікаў, цяпер знаходзяцца на самым ганаровым месцы ў музейнай экспазіцыі. Як і ўспаміны мясцовых ветэранаў вайны, а таксама тых жыхароў, якія бачылі ваеннае ліхалецце яшчэ дзецьмі.


Завязваецца перапіска ў браніслаўскіх дзяцей і з вядомым беларускім пісьменнікам Віктарам Казько. Як лічыць Валянціна Міхайлаўна, добрым стымулам для творчасці дзяцей з’яўляецца і выдадзены рэдакцыяй раёнкі зборнік твораў мясцовых аўтараў. У ім надрукаваны і вершы выхаванцаў Браніслаўскай школы Надзеі Цупік і Сюзаны Аліфяровіч. Яны, у пэўнай ступені, служаць прыкладам для іншых вучняў, якія спрабуюць сябе ў паэтычнай творчасці. У многіх гэта выходзіць нядрэнна. Прычым большасць вершаў, напісаных рабятамі, прасякнута патрыятычнымі матывамі, любоўю да сваёй Радзімы. Зборнік таксама захоўваецца ў школьным музеі і дзеці з цікавасцю з ім знаёмяцца. Адзначым, што музей адыгрывае значнае месца і ў вучэбным працэсе. Тут праводзяцца ўрокі, экскурсіі. Усё гэта дазваляе больш поўна вывучыць побыт мясцовых людзей, якія пражывалі тут многа гадоў назад. У планах школьнага кіраўніцтва расшырэнне музея, бо пакой, дзе ён знаходзіцца зараз, стаў малаватым, каб размясціць створаныя экспазіцыі.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.