Сіла здаровага ладу жыцця

На першамайскім турніры па валейболу добрую гульню паказала каманда ААТ “Жыткавіцкі агратэхсервіс”. Усяго нямнога не хапіла валейбалістам дружыны, каб стаць пераможцам спаборніцтваў. У многім поспеху каманды агратэхсервіса садзейнічала гульня яе лідараў Уладзіміра Рыгоравіча Ярмаша і яго дачкі Юлі. Дарэчы, апошняй, як самаму карыснаму іграку каманды, старшыня райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплекса Сяргей Месніковіч уручыў каштоўны падарунак. Менавіта пра гэтую спартыўную сям’ю і хочацца распавесці аповед.


Захапленне спортам ва Уладзіміра Ярмаша ўзнікла яшчэ ў дзяцінстве. З той пары ён імкнецца далучыць да гэтага занятку і тых людзей, з якімі працуе, сябруе, а таксама сваіх родных. Уладзіміру Рыгоравічу ўжо 55 гадоў. І заўсёды ён знаходзіў час, каб займацца фізкультурай і спортам.


— Прыйшло гэта яшчэ ў тыя гады, калі вучыўся ў школе, — расказвае Уладзімір Рыгоравіч. — Для нас, дзяцей, найлепшым правядзеннем вольнага часу былі спартыўныя заняткі. Ганялі мяч, бегалі кросы, каталіся на лыжах. Хлопцы ў класе падабраліся спартыўныя, таму абавязкова ўдзельнічалі ў школьных спаборніцтвах, раённых. І даволі ўдала. Не раз станавіліся пераможцамі.


Не пакінуў займацца спортам Уладзімір і падчас вучобы ў тэхнікуме. Тут ён таксама быў асноўным іграком у камандах навучальнай установы. Калі прыйшоў на працу ў сельгастэхніку (цяпер “Жыткавіцкі агратэхсервіс”, захапленне спортам дазволіла вельмі хутка ўліцца ў калектыў.


— Шмат тады моладзі на нашым прадпрыемстве працавала, таму каманды арганізацыі выступалі ў розных спаборніцтвах. Па многіх відах нам не было роўных – заўсёды займалі першыя месцы, — гаворыць Уладзімір Рыгоравіч. — Гэта вельмі станоўча ўплывала на мікраклімат у калектыве, мацней яго знітоўвала, служыла добрай асновай для плённай працы.


У райагратэхсервісе Уладзі-мір Ярмош працуе з 1981 года. З рабочага вырас да начальніка вытворчага ўчастка. Дарэчы, прыкладна ў тыя часы Уладзімір Рыгоравіч узначаліў і прафсаюзную арганізацыю прадпрыемства. Таму на правах кіраўніка прафкама ўплываў на спартыўнае жыццё калектыва: арганізоўваў на спаборніцтвы, закупляў форму і іншае. Сам актыўна прымаў удзел у спартыўных мерапрыемствах. Нават за раённую футбольную каманду выступаў. Радасць прыносіў яму гэты занятак. Цяпер Уладзімір Рыгоравіч з настальгіяй успамінае тыя часы. Не так па цяперашнім часе актыўна кіпіць спартыўнае жыццё ў таварыстве. Віной таму, у пэўнай ступені, даволі салідны ўзрост калектыва. Канешне, і фінансавыя цяжкасці сказваюцца, але ёсць у яго і надзея, што былая спартыўная слава на прадпрыемстве будзе адроджана. Зараз у таварыства працаўладкоўваецца шмат маладых хлопцаў, таму ёсць каго далучаць да здаровага ладу жыцця, запалу ж і жадання ў яго на гэта хопіць. Нездарма ж ён столькі гадоў з’яўляецца прафсаюзным лідарам у калектыве. Ды і яго перакананне, што заняткі спортам і здаровы лад жыцця — гэта найлепшая справа для чалавека. Таму моцна падтрымлівае дзяржаўную палітыку, якая праводзіцца ў гэтым накірунку.


— Патрэбна, каб не толькі дарослыя займаліся фізічнай культурай і вялі здаровы лад жыцця, але бацькі актыўна далучалі да гэтага сваіх дзяцей, куплялі ім форму, запісвалі ў секцыі, — дзеліцца сваімі меркаваннямі Уладзімір Рыгоравіч. — Ад гэтага толькі адна карысць. Маладое пакаленне вырасце здаровым, а таксама бацькам не трэба будзе хвалявацца за сваіх дзяцей, чым яны заняты ў вольны час. Усё ж у спартыўнай секцыі яны будуць пад наглядам трэнераў, а значыць не ўчыняць правапарушэнняў, не трапяць у бяду.


Гэтае меркаванне ў Ярмаша ўзнікла не на пустым месцы. Са свайго вопыту ведае. Яшчэ зусім маленькай дзяўчынкай прывёў ён сваю дачку ў спартыўную секцыю па валейболу. З тых часоў для Юлі Уладзіміраўны гэтая гульня стала вельмі любімай. Выступала за каманду школы, універсітэта. Нават зараз, калі знаходзіцца ў адпачынку па догляду за дзіцём, знаходзіць час, каб паўдзельнічаць у спаборніцтвах, патрэніравацца. Па словах Юлі Уладзіміраўны, спорт для яе гэта і новыя знаёмствы, і станоўчыя эмоцыі, і многа іншых добрых пачуццяў. Яна з мужам і маленькага свайго сына далучаюць да гэтага занятку. Жанчына лічыць, што сынок будзе ў будучым футбалістам, бо вельмі любіць гуляць з мячом.


Сумеснае захапленне ва Уладзіміра Рыгоравіча ёсць і з сынам. Яны разам ходзяць на паляванне. Гэта таксама актыўны адпачынак, які прыносіць радасць і па эмацыянальным і фізічным напале прыраўніваецца да фізічных практыкаванняў. А чыстае лясное гаючае паветра толькі на карысць здароўю.


Сустракаючыся з такімі людзь-мі як Уладзімір Ярмош, яго дачка Юля, пранікаешся да іх павагай. Здзіўляешся іх моцнаму жаданню, той сіле духа, каб займацца любімай справай, нягледзячы ні на якія цяжкасці. І на такіх патрэбна раўняцца нам усім. І радуе, што ўсё болей людзей у нашым раёне аддае перавагу здароваму ладу жыцця. Зараджаюць на гэтую справу вось такія энтузіясты як сям’я Ярмош.


С. БЕЛКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.