Выпрабаванне для аграрыяў

Красавіцкія змены надвор’я даволі балюча ўдарылі па дзейнасці аграрыяў раёна.


Здавалася б, нічога не прадказвала бяды. Як ніколі раней сельгасвытворцы сёлетняй вясной вядуць арганізавана і нядрэнннымі тэмпамі палявыя работы. Паспяхова закончана ў аптымальныя тэрміны сяўба яравых, выконваюцца доглядныя мерапрыемствы на азімых і іншыя работы. Але начныя замаразкі практычна на нуль звялі ўсе намаганні земляробаў. Па папярэдніх дадзеных, якія агучыў карэспандэнту раённай газеты намеснік начальніка райсельгасхарчу Аляксандр Наўныка, ад замаразкаў пацярпелі пасевы азімых зерневых культур у тым ліку і рапса на плошчы дзве з паловай тысячы гектараў. Яшчэ на тысячы ста гектарах падмарозіла яравыя. Асабліва моцна пацярпелі палеткі сельгаспрадпрыемстваў жыткавіцкай зоны, дзе землі ў сваёй большасці тарфяныя і пясчаныя, і маюць нізкую ўрадлівасць.


— Зараз даволі цяжка сказаць колькі гектараў пасеваў загінула поўнасцю, — каменціруе сітуацыю Аляксандр Міхайлавіч, — але будзе створана камісія, якая зоймецца падлікам ўрону. Усе плошчы, на якіх выявяць гібель раслін будуць спісвацца і перасявацца.


Насенны матэрыял для гэтых мэт, па словах спецыяліста маецца: гэта 60 тон проса, плануецца дадаткова закупіць насенне кукурузы, будуць закладвацца шматкампанентныя культурныя выпасы асабліва на палях, якія размешчаны непадалёку ад ферм. Адным словам, зямля пуставаць не застанецца.


Аналізуючы наступствы, якія нанесены замаразкамі, Аляксандр Наўныка акрэсліў і яшчэ адну негатыўную з’яву, якая не дазваляе іх пераадолець. Гэта спякота і засуха. Палеткам патрабуецца вільгаць, каб пачалі прыносіць аддачу ўнесеныя азотныя ўгнаенні. З іх унясеннем спрацавалі вельмі добра. толькі пры першай падкормцы адзін гектар атрымаў па 76 кілаграмаў азоту ў дзеючым рэчыве. Гэта даволі немалая доза. Добрымі тэмпамі вядзецца і другая падкормка, якая выканана на большай палове плошчаў. Толькі карысці пакуль ад гэтага мала, — адзначыў намеснік начальніка райсельгасхарчу,— яшчэ і першая доза ўгнаенняў не дала запланаванай аддачы. Вельмі патрэбны дождж, тады і наступствы ад замаразкаў будуць намнога меншымі.


Бясспрэчна, гэта чарговае выпрабаванне для аграрыяў нашага раёна. Хочацца спадзявацца, што з такой складанай сітуацыі яны выйдуць пераможцамі.


С. МІКАЛАЕЎ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.