Дзеці нараджаюцца для шчасця

Выкананне прэзідэнцкага Дэкрэта №18 “Аб дадатковых мерах па дзяржаўнай абароне дзяцей у недабранадзейных сем’ях” — тэма, якая не траціць актуальнасці ў нашым грамадстве і зараз. Адна з галоўных задач, згодна гэтага дакумента, якая стаіць перад дзяржаўнымі органамі: прымусіць нядбайных бацькоў сплачваць грошы за сваіх дзяцей, пакінутых на дзяржаўнае ўтрыманне. Так званыя абавязаныя асобы лічацца ў штаце дваццаці двух прадпрыемстваў раёна, у тым ліку і КСУПа “Бялёў”.


Чатыры гора–бацькі працуюць тут у паляводстве. Лідзія Францаўна Ханеня, спецыяліст гаспадаркі па кадрах, курыруе гэты кантынгент работнікаў. У яе абавязкі ўваходзіць праверка прыходу абавязаных асоб на працу, калі тыя адсутнічаюць, паведаміць пра гэта ўчастковаму, у раённую службу занятасці.


— Вельмі адрозніваюцца такія работнічкі ад іншых працаўнікоў гаспадаркі. І характар у іх яшчэ той, і дысцыплінаванасць кульгае, калі захочуць, тады прыйдуць на працу, калі хочуць, пакінуць яе, — гаворыць Лідзія Францаўна. — Хаця кожная абавязаная асоба — гэта тры жанчыны і адзін мужчына, маюць па некалькі дзяцей, якія знаходзяцца на дзяржаўным утрыманні.


Жанчына гаворыць гэта з вялікім шкадаваннем, бо лічыць, што няшчаснымі дзеці сталі па віне сваіх бацькоў, і абавязак грамадства дапамагчы апошнім стаць на правільны шлях. Зрабіць гэта па прычыне нядбайнасці бацькоў не так і проста. Таму вельмі часта прыходзіцца за справу выхавання дарослых брацца мясцоваму ўчастковаму Уладзіміру Мазуленю.


— Кантроль ажыццяўляю за абавязанымі асобамі пастаянна. Ведаю кожнага з іх асабіста, — гаворыць супрацоўнік міліцыі. — І на працу, калі тыя не прыходзяць, дастаўляю, і так наведваю з мэтай прафілактыкі. Больш абыходжуся гутаркамі і перакананнем, што гора-бацькам патрэбна выконваць абавязак перад сваімі пакінутымі дзецьмі, і хаця б такім чынам прымаць удзел у іх выхаванні. Есць, канешне, цяпер меры ўздзеяння больш сур’ёзныя. Але да іх прымянення стараюся не прыбягаць. У многім, што ўдаецца трымаць сітуацыю з абавязанамі асобамі пад пастаянным кантролем, спрыяе тое, што пражываю разам з імі ў адной вёсцы. Таму па службовых абавязках практычна ведаю пра кожны іх крок. Праўда, вельмі цяжка паддаюцца гэтыя асобы перавыхаванню, яны ж практычна ў сваім жыцці ніколі і не працавалі, а больш вялі антыграмадскі лад жыцця.


Што абавязаныя асобы, вобразна кажучы, узяліся за розум, пачуць ад участковага і спецыяліста сельгаспрадпрыемства можна было толькі пра аднаго чалавека. Зіна Савіч. І на працу без прагулаў ходзіць, і стараецца. А вось пра астатніх траіх — толькі адмоўныя эпітэты. Гэтыя людзі ўжо звыкліся са сваім становішчам, і што не надта імкнуцца вяртаць не толькі даўгі дзяржаве, але і дзяцей у свае сем’і. Вось выказванне Яўгена Скокава, аднаго з абавязаных асоб: “Доўг у мяне за дзяцей вельмі вялікі, і ў гэтым жыцці я яго ніколі не выплачу. Дык навошта старацца.” І гэта гаворыць бацька, якога пазбавілі правоў на чацвярых дзяцей. Больш таго, пра дваіх ён нават не ведае, дзе яны зараз знаходзяцца.


Жанчыны, калі з імі заходзіць гаворка пра пакінутых дзяцей, праяўляюць больш сентыментальнасці. Могуць нават заплакаць ад таго, што ў душы перавернецца ад спачування. Такія гісторыі пра сваё няўдалае жыццё раскажуць, што можна раманы пісаць. Пры гэтым абвінавачваюць у сваім горы каго заўгодна, толькі не саміх сябе. Нават не ўсведамляюць, што прычына пазбаўлення іх мацярынскіх правоў хаваецца менавіта ў асабістых паводзінах. Да таго ж цвёрда ўпэўнены, што абавязкова вернуць сваіх дзетак у сям’ю. Не трацяць надзею на гэта і Алена Гайдэль, і Рыта Жалдак. Апошняя нават заплакала падчас гутаркі аб пакінутых дзецях з кіраўніком раённай службы занятасці Аленай Раковіч.


— Напэўна па дзетках плачаце, сумуеце па іх, — убачыўшы на вачах жанчыны слёзы, запыталася Алена Аляксандраўна.


Толькі дарэмна чакала ад Рыты душэўнага пакаяння і сцвярджальнага адказу. Усё аказалася намнога празаічней. Слезы былі па прычыне… невыноснага зубнога болю. Вось такія яны “клапатлівыя” маці. І паверыць пасля гэтага ў запэўніванні, што яна верне дзяцей сабе, вельмі цяжка. Бо каб адпрацаваць запазычанасць перад дзяржавай, і то патрэбна на работу пад міліцэйскім канвоем вадзіць. Таму і вымушана дзяржава прымаць такія меры да гора-бацькоў, каб “выхаваць” у іх хоць нейкую адказнасць перад грамадствам за свае ўчынкі. Усё ж дзеці не павінны пакутаваць ад амаральных паводзін сваіх “маці і бацькоў”.


С. МІКАЛАЕЎ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.