НАШ БЫКАЎ

Ен хацеў стаць скульптарам, а стаў салдатам, потым пісьменнікам. Васіль Уладзіміравіч Быкаў нарадзіўся ў сялянскай сям’і ў в.Бычкі Ушацкага раёна Віцебскай вобласці. Пасля заканчэння сямігодкі паступіў на скульптурнае аддзяленне Віцебскага мастацкага вучылішча. Калі адмянілі стыпендыі, прыйшлося перапыніць вучобу. Затым вайна адмерала будучаму пісьменніку шчодрай меркай. Спачатку быў інжынерны батальён і будаўніцтва абарончых умацаванняў, потым — удзел у баях на Паўночна-Заходнім фронце. Кароткатэрміновая вучоба ў пяхотным вучылішчы ў Саратаве дала невялікую перадышку. Пасля вучылішча трапіў на фронт ужо лейтэнантам. Удзельнічаў у баях на Украіне, у Румыніі, Венгрыі, Аўстрыі.


У біяграфіі пісьменніка ёсць адзін незвычайны факт. Цяжка паранены ў адным з баёў, малады лейтэнант цудам застаўся жыць, выпаўзшы з хаткі, якую пратараніў варожы танк. Імя Васіля Быкава было занесена на дошку на брацкай магіле, а маці атрымала пахаронку аб смерці сына. Але пісьменнік застаўся жыць, каб расказаць горкую праўду пра вайну. Ен адзін з нямногіх уцалелых удзельнікаў вайны, бо, як вядома, з воінаў 1922-1924 года нараджэння дажылі да перамогі толькі тры працэнты. Пісьменнік меў права гаварыць ад імя пакалення, якое выстаяла ў вайну і перамагло. “Доўгія вёрсты вайны” потым стануць шчымлівымі радкамі твораў празаіка.


Найбольшая заслуга пісьменніка Васіля Быкава ў тым, што ён таленавіта і праўдзіва паказаў чалавека на мяжы чалавечых мажлівасцей. Выяўленне маральных якасцей асобы на вайне, паказ штодзённага, някідкага гераізму звычайнага чалавека, які аказаўся перад выбарам, у экстрэмальных умовах, пры небяспецы поўнага фізічнага і духоўнага вынішчэння — новы крок у літаратуры не толькі беларускай. У дачыненні да падзей мінулай вайны пісьменнік свядома паставіў перад сабою задачу гаварыць толькі праўду, якой бы суровай, жорсткай і жахлівай яна ні была. Таму многія творы В.Быкава афарбаваны ў трагедыйны тон, у іх шмат выключных, безвыходных сітуацый, шмат недарэчнасцей вайны, вострага пякучага болю чалавека.


Адна з першых яго аповесцей — “Жураўліны крык” /1960/ — тыповы быкаўскі твор, дзе даецца калектыўны партрэт салдат 1941 г. Пакінутыя на чыгуначным раз’ездзе байцы гінуць адзін за адным. Кожны герой у аповесці — са сваёй даваеннай біяграфіяй, са сваім падыходам да жыцця, характарам, са сваёй шкалой маральных каштоўнасцей, адметнасцю паводзін у грозныя хвіліны перад смерцю. Ужо тут праявілася асаблівая ўвага да трагедыйнасці сітуацый і лёсаў салдат на фронце.


У аповесці “Трэцяя ракета” /1962/ гучна і жорстка сказана пра здраду на вайне. Малую ці вялікую, але ўсётакі здраду, з-за якой гінуць байцы. Сутнасць паводзін чалавека на вайне праяўляецца на кантрасце сітуацый, на вастрыні канфлікту.


Аповесць “Альпійская балада” /1966/ — твор аб яркім, як знічка на небе, каханні, што нарадзілася ў пекле вайны, нарадзілася, каб звязаць душы італьянскай дзяўчыны Джуліі і беларускага хлопца Івана Цярэшкі. Каханне, з-за якога герой ахвяруе сабой, каб засталася жыць яна, каб потым успомніла, прыгадала і напісала пісьмо ў глухую беларускую вёсачку, у якой ён вырас.


Даследаванне псіхалогіі паводзін персанажаў празаік ажыццяўляе ў пэўных абставінах, пэўнай сітуацыі. Ці любыя сродкі прыймальныя для дасягнення мэты? На такое пытанне адказвае В.Быкаў у аповесцях “Круглянскі мост” /1969/, “Воўчая зграя” /1974/, “Дажыць да світання” /1973/, “Пайсці і не вярнуцца” /1978/, “Яго батальён” /1975/, “Знак бяды” /1982/.


Аповесць В.Быкава “Сотнікаў” /1970/ — твор аб узыходжанні і падзенні чалавека. Узыходжанні на п’едэстал славы, чалавечнасці, дабра, праўды. I падзенні ў чорную прорву здрадніцтва, калі, хочучы перахітрыць самога сябе, чалавек пайшоў на змову з уласным сумленнем, каб выжыць. Сам не выратаваўся, а душу прадаў д’ябалу, стаў забойцам і ўжо, як збавення, шукае смерці і не знаходзіць яе. Перад намі праходзіць складаны працэс маральнага ўзвышэння аднаго чалавека і маральнага спусташэння — другога. Два полюсы чалавечай вартасці. Паміж імі — бяздонне. Трэцяга не дадзена.


У 90-я гады XX ст. выходзяць аповесці В.Быкава “Пакахай мяне, салдацік”, “Ваўчыная яма”, “Балота”, зборнікі апавяданняў “Сцяна”, “На Чорных лядах”, “Жоўты пясочак”, апавяданні “Труба”, “Народныя мсціўцы” і інш.


3’яўляюцца прытчы і прыпавесці агульначалавечага зместу, філасофска — капцэптуальнага плану, з маральнымі ўрокамі жыцця.


Лакальнасць дзеяння ў творах празаіка спалучаецца з маштабнасцю і глыбінёй мастацтва слова, з абагульненнямі, маральным максімалізмам персанажаў.


3 цягам часу велічнасць і шматграннасць зробленага Быкавым за яго немалое і нялёгкае жыццё будуць раскрывацца ўсё новымі глыбінямі і гранямі, што нашы нашчадкі будуць здзіўляцца ягоным азарэнням і папярэджванням, а кнігі ягоныя зноў і зноў ціха і няўхільна будуць выціскаць з паліц модныя тамы бандыцкіх дэтэктываў і слязлівых “дамскіх” раманаў.


Бясспрэчна, што ягоныя аповесці, апавяданні, артыкулы з гадамі будуць прачытаны, можа, нават з большай увагай і захапленнем, чым гэта рабілі мы, ягоныя сучаснікі і аднадумцы, бо ён належыць многім пакаленням, ён заручоны з Вечнасцю.


Па матэрыялах друку падрыхтавала Ж. ПУЗЕВІЧ, бібліятэкар абслугоўвання і інфармацыі.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.