ПРАЦУЮЦЬ ЗЛАДЖАНА

У дзень нашага наведвання месца ля сіласных траншэй у КСУПе “Чырвоны Бор” нагадвала, вобразна кажучы, сапраўдны чалавечы мурашнік. Больш за дзесятак жанчын былі заняты раскручваннем плёнкі, каб накрыць ужо запоўненую травяной масай траншэю. Магутны “Кіравец” рабіў апошняе яе выраўніванне. Побач таксама рупіліся людзі і тэхніка, рыхтавалася чарговая траншэя для закладкі корму. Як адзначыў дырэктар сельгаспрадпрыемства Сяргей Макарэвіч, у такім зладжаным рытме корманарыхтоўшчыкі гаспадаркі працуюць з першых дзён “зялёнага жніва”.


Вадзіцель МАЗа Віталій Акунец выгружае ў траншэю апошні кузаў прывезенай зялёнай масы з сенажаці. Аўтамабіль вагой у некалькі тон рухаецца па травяной масе, нібы па асфальтаванай шашы. Гэта прамое сведчанне таго, што трамбоўка траншэі праведзена вельмі якасна. Нездарма стараліся механізатары на гэтай аперацыі круглыя суткі. Дарэчы, варта сказаць, што выкананая добра трамбоўка з’яўляецца асноўнай састаўной якасці нарыхтоўваемага корму.


Усяго ў гаспадарцы ўжо закладзены поўнасцю дзве траншэі: адна — сіласам, другая — сенажом. Запаўненне трэцяй падыходзіць да завяршэння.


— Каб запоўніць траншэю нашаму кормаздабываючаму атраду ( у яго складзе два корманарыхтоўчыя комплексы і шэсць адзінак тэхнікі на адвозцы) дастаткова чатырох дзён, — расказвае Сяргей Аляксандравіч. — Таму спрыяе добрая матэрыяльная зацікаўленасць механізатараў. Спрацавалі дакладна ў гэты тэрмін — механізатары атрада атрымліваюць дадатковую прэмію ў памеры трыста тысяч рублёў на ўсіх. Чым менш на гэта затрачваюць часу, тым большая прэмія. Гэта акрамя асноўнай аплаты, а нашы расцэнкі дазваляюць пры належным старанні атрымліваць за дзень па паўсотні тысяч рублёў і болей.


— Вырашаны пытанні аплаты вельмі добра, — дадае вадзіцель Віталь Віктаравіч, — толькі старайся. Падвозяцца і гарачыя абеды, прадугледжаны і прэміі, і стымулы ў выглядзе натуральнай аплаты. Гэта ўсё спрыяе паспяховай працы на корманарыхтоўцы.


Выдатна працуе на перавозцы зялёнай масы і Дзмітрый Шаблаў. Хлопцы, паводле слоў кіраўніка, маладыя, працуюць на новых аўтамабілях. Апошняе таксама стымул для плённай працы.


Менавіта праз матэрыяльныя стымулы дасягаецца ўзаемасувязь у працы механізатараў, занятых на адвозцы травяной масы, і тых, што працуюць на кормаздабываючых комплексах. Першыя не чакаюць, калі надарыцца нейкая непаладка камбайна. Абавязкова прыйдуць на дапамогу, каб зменшыць прастой.


На сенажацях, вобразна кажучы, баль правяць бацька Анатоль Фёдаравіч і сын Андрэй Анатольевіч Сінілы. Гул матораў іх магутных комплексаў не сціхае ад самага ранку да позняга вечара. Дарэчы, сыну сёлета кіраўніцтва даверыла новы кормаздабываючы комплекс КГ-6. Калі ў мінулыя гады Андрэй быў памочнікам у бацькі і старанна пераймаў вопыт, то цяпер працуе самастойна. У першыя дні, прызнаецца Андрэй Анатольевіч, не ўсё атрымлівалася, але паступова асвоіў складаную машыну.


— Цяпер нават падразае, стараецца перагнаць у рабоце, — з гонарам за сына ў голасе гаворыць вопытны, больш чым з трыццацігадовым стажам механізатар Анатоль Фёдаравіч. Радуюся, што расце годная змена…


Хлопцу падабаецца працаваць на новым комплексе. Асабліва тыя зручнасці, якія вытворцы прадугледзелі для механізатара: прастор у кабіне, добры агляд, кандыцыянер. Ды і надзейна працуе агрэгат. Таму спадзяецца ў гэтым годзе дабіцца добрага выніку падчас корманарыхтоўчай кампаніі, асабліва, калі пачнецца ўборка кукурузы.


Сёлета ў сельгаспрадпрыемстве ў эксплуатацыю будзе ўведзена новая сучасная ферма. А гэта значыць, што грамадскае пагалоўе намнога ўзрасце. Таму і кармоў для яго спатрэбіцца значна больш. У КСУПе ўпэўнены, што зімоўка статка будзе сытнай, дзеля гэтага актыўна працуюць на сенакосных угоддзях. З траў першым укосам плануюць нарыхтаваць не толькі сянаж і сілас, але і якаснае сена. Больш за дзвесце гектараў вопытнымі механізатарамі пакладзена ў пракосы. Тон тут задае Анатоль Акунец. У гаспадарцы робіцца ўсё, каб завяршыць уборку траў першым укосам у самыя сціслыя тэрміны і атрымаць паўнацэнны другі ўкос, які таксама будзе важкай прыбаўкай у кармавой базе для грамадскай жывёлагадоўлі.


С. МІКАЛАЕЎ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.