СУМУ МЕСЦА НЕ ЗНАЙШЛОСЯ

Цяжка знайсці дзіця, якое адмовілася б ад прапанаванай яму цукеркі. Тым больш, калі яна шакаладная. Гэта яшчэ раз пацвердзілася на дзіцячым свяце шакалада, якое для маленькіх ласуноў з дзіцячых садкоў і летніх аздараўленчых лагераў школ горада правялі работнікі раённага Дома культуры.


Уся пляцоўка, дзе праходзіла мерапрыемства, была ўпрыгожана бутафорскімі цукеркамі і скрынкамі ад іх. На фоне дзіцячай музыкі разгарнулася вясёлая тэатральная дзея, якую прадставілі гледачам артысты дзіцячага ўзорнага тэатра лялек “Чудесники”. Безумоўна, што тэма пастаноўкі тычылася цукерак. У чым сакрэт іх папулярнасці і хацелі даведацца казачныя героі. Дзецям-гледачам таксама было не да суму. Яны актыўна дапамагалі героям пастаноўкі: разгадвалі загадкі, адказвалі на пытанні віктарын. А прызамі за правільныя адказы былі цукеркі, якія ўручалі ім героі. Праўда, прагучала для маленькіх ласуноў і папярэджванне, што празмернае ўжыванне цукерак можа дрэнна закончыцца: і жывоцікі забаляць, і зубкі папсуюцца. Толькі ж вельмі цяжка спыніцца, калі цукеркі такія смачныя, так заманліва пахнуць і выглядаюць. Увесь сакрэт, як аказалася, што робяць іх з душой.


Не менш цікавай была і другая дзея свята. Арганізатары прапанавалі маленькім ласунам паўдзельнічаць у спартыўным спаборніцтве, якое праводзіла казачная Фея. Усе вельмі ахвотна адгукнуліся на яе прапанову пагуляць. Каманды з чатырох дзіцячых садкоў, трох школ, і дзве ад балельшчыкаў прынялі ўдзел у гульнёвым марафоне. Ды як не прыняць, калі кожны конкурс, нібы магнітам, прыцягваў сваёй назвай: “Перадай цукерку”, “Шакаладнае верацяно”, “Знайдзі слова “шакалад”, “Вазьмі салодкі прыз”, “Повары шакаладу” і іншыя. Да таго ж прызы ў якасці шакаладных цукерак таксама станоўча паўплывалі на актыўнасць рабят. Практычна кожны ўдзельнік свята атрымаў салодкі падарунак. Дапамаглі з імі арганізатарам свята дырэктары ПГУП Валянціна Зіновенка і магазіна “Меркурый” Кацярына Таненя. Свае творчыя здольнасці дзеці змаглі раскрыць і на дыскатэцы.


Такой жа насычанай была і праграма падобнага мерапрыемства для дзяцей-інвалідаў, дзяцей з няпоўных сем’яў і дзяцей з сацыяльнага прытулку і карэкцыйнага цэнтра. Яно прайшло днём пазней у РДК. Дапамогу работнікам культуры ў яго правядзенні актыўна аказалі спецыялісты тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва — дырэктар Таццяна Казлова, загадчык аддзела адаптацыі і рэабілітацыі ўстановы Таццяна Гурыновіч, супрацоўнікі Ірына Астапчык і Марына Бакуновіч. І тут таксама не давялося сумаваць дзецям, яны таксама атрымалі ласункі. У работнікаў культуры ёсць спадзяванне, што склаўшаеся супрацоўніцтва па арганізацыі дзіцячых культурна-забаўляльных мерапрыемстваў будзе працягнута. Што ёсць лепей на свеце, калі на дзіцячых тварыках расцвітаюць усмешкі. Прайшоўшае свята шакаладу менавіта і спрыяла апошняму. Бо суму на ім месца не знайшлося.


С. БЕЛКА. Фота В. КІЖНЕВА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.