Ты малітва мая, Вятчын!

Ад прадзедаў спакон вякоў…


Вятчын… Мая маленькая Радзіма. Божы, найбагацейшы на прыгоства прыроды і людской працавітасці, дабрыні і сардэчнасці куточак Палесся… Колькі ж неразгаданых таямніц і загадак хавае дагэтуль мая зямля, мая вёсачка?! Сама назва, дзіўная і крыху цяжкая для вымаўлення акаючых і окаючых палешукоў, на першы погляд, падасца быццам чужой, запазычанай аднекуль. Так, чуецца ў ёй нешта загадкавае і арыгінальнае. Што ж яна значыць? Што “схавалася” ў назве — Вятчын — праз напластаванні стагоддзяў?


На жаль, кароткая памяць людскога роду. Есць такое паняцце — забыццё. Адбыўся… правал, злом чалавечай памяці. Таму і пра паходжанне нават назвы маёй роднай вёскі дакладна цяпер не раскажа ніхто. Настолькі многа згублена за стагоддзі, страчана беззваротна з-за шматлікіх войнаў, якія ніколі не міналі балотна-азёрныя мясціны, багатыя на ўрадлівую зямлю, на руду, смалу, рыбу, ягады, разнатраўе і жывёльны, птушыны свет, некранутыя хвойнікі, бярэзнікі, дубровы, засені вольхі, ясеню, грабу… І я, той, хто жыве ў ХХІ стагоддзі, не маю права папракаць сваіх землякоў, якія жылі, да прыкладу, возьмем, гэтак хаця б у васемнаццатым ці дзевятнаццатым ды і ў дваццатым стагоддзі, што не захавалі, не збераглі тую аснову, якая, на мой погляд, павінна была быць святой для кожнага. Не захавалі сваю гісторыю, звесткі пра свой род. Бо калі б гэта зрабілі, то, здагадваюся, усе сённяшнія носьбіты прозвішчаў Гаўрыловіч, Мірановіч, Буякевіч, Аксёнчык… (самыя распаўсюджаныя ў вёсцы), у нейкім там пакаленні без выключэння, — радня.


Гэта мне падаецца асабліва важным аспектам… толькі цяпер. Толькі цяпер, калі пачаў складаць свой радавод, выявіў, што амаль палова вёскі ў дачыненні да аўтара гэтых радкоў самая што ні на ёсць кроўная радня ў трэцім, чацвёртым, пятым ці шостым калене. Вось табе на! А дагэтуль жа лічыў, што родных (акрамя маці) у вёсцы наогул не існуе…


Чаму згубілася повязь, адчуванне радні? Роднай крыві?..


На гэтае, можа, некаму падасца, дзіўнае пытанне (вось жа дурань, рабіць няма чаго!) сам і знаходжу адказ. Просты, але, як думаю, вытлумачальны — гарэмнікі былі ўсе гэтыя Гаўрыловічы, Мірановічы, Буякевічы… На працягу стагоддзяў гаравалі, шчыравалі на ўдзячнай і не вельмі зямлі, адрывалі яе кавалкамі ад багны, ураблялі, жылі з мазаля. Нават не ўяўлялі, што без працы можна наесціся і напіцца. З века ў век. Паміралі, нараджаліся, жаніліся, нараджалі дзяцей, гадавалі іх, паміралі… Не меўшы адукацыі, з вуснаў у вусны перадавалі легенды, казкі, паданні сваім дзецям і ўнукам. Да таго моманту, калі ўсё старое было беззваротна адрынута. Разам з векавымі традыцыямі. Так, прыйшоў новы час, прыйшлі новыя каштоўнасці, прыйшла эпоха асветы, якая зусім змяніла сучасную вёску. Шмат пазітыву прынесла, па вялікім рахунку. Але… Але не заўсёды забіралася з сабой у новае жыццё духоўнае, тая повязь, што злучала роды ў вёску, у адзінства, у народ. І гэта, мабыць, самы вялікі адмоўны вынік, які, упэўнены, адаб’ецца на ўсіх наступных стагоддзях — расплата за бязродства…


Я яшчэ параўнальна мала пажыў на свеце, але ведаю наступнае дакладна. Некалі простыя сяляне — неадукаваныя, сярмяжныя — разважалі: у такім і такім родзе нехта правініўся, зрабіў не так, як след, не аддамо туды за нявестку сваю дачку. Была асаблівая генетычная маральнасць у людзе. Як абярэг ад чалавечай пошласці, крывадушнасці, заганнасці. Цяпер — і законамі не выхаваеш таго ж. Ці не таму мы маем такі разгул крыміналу ў грамадстве, такое павальнае п’янства і столькі бесчалавечнасці, чэрствасці ў адносінах паміж людзьмі?


Але ж вернемся да пачатку гэтых разваг. Упэўнены, як і для мяне, так і для маіх землякоў, назва вёскі чароўнай, святой музыкай у душы будзе адгукацца да скону і генетычна праяўляцца ў наступных пакаленнях: было ж, было…


Я “загарэўся” напісаць пра родны кут, нагадаць найперш землякам пра сёе-тое, дапамагчы адчуць ім хутчэй гэтую повязь з роднай зямлёй. “Загарэўся” не проста так. Пасля публікацыі нарыса “Ты малітва мая, Вятчын!”, прысвечанага сумнай падзеі ў жыцці вёскі — закрыцця школы, нечакана вельмі шмат удзячных і хвалюючых да слёз тэлефонных званкоў пачуў на працы і дома. Як з раёна, так і з-за межаў яго, і не толькі ад выхадцаў з вёскі, але і тых, хто некалі беззваротна страціў свае карані. Людзі, аказваецца, хоць даўно сталі гараджанамі, але не забыліся пра сваё вясковае дзяцінства, і ўспрынялі закрыццё Вятчынскай школкі як уласны боль. Дзякуй усім за адкрытыя сэрцы. Менавіта такая людская неабыякавасць, узрушанасць падштурхнула мяне, абапіраючыся на ўласную памяць, пачутае ад родных мне людзей, робячы спасыл на небагаты гістарычны матэрыял, што ўсё ж у дробязях захаваўся, звярнуцца ўпершыню за журналісцкі перыяд майго жыцця да тэмы роднай вёскі. Што атрымалася — зроблена са спадзяваннем на адно: на адраджэнне. Вёскі, гістарычнай памяці, генетычнай маральнасці…


“Тут твая, сынок, вотчына будзе…”


Даўно тое было…


З надыходам вечара на траве выступае раса. У маленькіх кропельках вільгаці зіхацяць промні сонца, што садзіцца за лесам. Казачным выглядаў поплаў у промнях-залацінках, нібы нехта запаліў тысячы ліхтарыкаў…


Нікне ветрык, замірае прырода. І толькі маладзенькая дзяўчына ў белай палатнянай сарочцы, забыўшыся на стомленасць, нібыта цэлы дзень і не збірала чарніцы ў лесе, бесклапотна крочыла па няскошаным разнатраўі і, быццам чараўніца, кланялася кожнай раслінцы. Агністыя валасы яе золатам гарэлі ў апошніх промнях сонца. Здалёк здавалася, нібыта яна гутарыла з ліпеньскімі кветкамі. Але яна іх збірала сабе на венчык — самыя прыгожыя.


Ціха-ціха напяваючы, дзяўчына нават не пачула, як па шляху — ён быў побач, рукой падаць, — праехала брычка, падняўшы слуп пылу. У брычцы сядзеў статны, але немалады мужчына. У гэтых краях, акрамя палатнянага адзення, яшчэ не бачылі іншай вопраткі. Відавочна, ён быў з чужых краёў.


Мужчына, высокі, статны, загадаў возчыку спыніцца. Ен ступіў з брычкі на зямлю і з захапленнем пачаў назіраць за вячэрняй залацістай прыгажуняй, якая ў сваім ціхім песенным маленні незаўважна набліжалася да яго. Толькі падышоўшы зусім блізка да шляху, які аздаблялі шматвяковыя дубы, дзяўчына заўважыла, як уважліва чужынец углядваецца на яе. Яна вельмі спалохалася, зрабілася сур’ёзнай і толькі намерылася збегчы адсюль, да бярозавага гаю, што быў побач з лугам, а там у адзіноце стаяла хатка яе нябожчыка бацькі, як гэты невядомы ёй мужчына паспеў схапіць яе за руку.


— Не бойся мяне, дзіўная… — ласкава прамовіў ён і па-добраму ўсміхнуўся. — Ты нібыта сонейка яснае. Як цябе зваць, Божы дарунак? Чыя ж ты будзеш — сярод гэтых бяроз і дубоў? Якія прыгожыя ў цябе кветкі, як і сама…


Дзяўчына сарамліва апусціла вочы і маўчала.


— Не бойся, я не пакрыўджу цябе… Ты ж дрыжыш уся, дурненькая… — мужчына быў намнога старэйшы за яе, першая проседзь толькі прабівалася на яго галаве. Ен зноў усміхнуўся дзяўчыне, дакрануўся лагоднай рукой да яе рыжа-вогненых валасоў.


— А што пан хоча ад маёй дурніцы-падчаркі? — аднекуль зусім нечакана з’явілася старая сялянка, якая аж засаплася ад шпаркай хады.


— Ды вось хачу гэтую прыгажосць забраць з сабою ў Варшаву, калі яна захоча… — сказаў раптам той.


— А хто ж мне дапамагаць будзе? Я яе, сірацінку, гадавала, гаравала… Бацька ў возеры ўтапіўся, а мне клопат… І што — вось так, дарэмна, пан хоча забраць? — нарабіла большага крыку старая. — Прэч, дурніца, у хату. Чуеш, Улада! Але чужынец мацней сціснуў руку дзяўчыны, не адпусціў.


— Дык вось як цябе, прыгажунька, завуць! Улада… — ласкава прамовіў ён. — Паедзеш са мной? Я цябе, крый Божа, не пакрыўджу…


— Вой-вой, гадавала-гадавала… — несамавіта працягвала крычаць баба, але на яе ніхто не звяртаў увагі.


— А ці пан праўду кажа? — усміхнулася, праўда, не без падазронасці, смялей зірнула на чужынца дзяўчына.


— Праўду, Божы дар ты мой… — шчасліва ўсміхнуўся той.


— Не аддам, гадавала-гаравала, а хто работу цяпер за яе рабіць будзе… — вяла сваё старая сялянка і хацела ўхапіць падчарку за руку, але тая схавалася за мужчыну, прыціснуўшы да грудзей няскончаны венчык.


— Не плач, жанчына. Вось табе плата, — чужынец усё зразумеў і працягнуў старой залатую манету. — Бачу, што і сама радуешся, для прыліку прытворна плачаш, пазбавілася ж ад лішняга едака…


— Ахвоці мне… — адняло мову ў старой, сквапна бліснулі яе вочы, пабачыўшы золата.


Не сказаўшы болей ні слова анямелай ад шчасця ўдаве рыбака, чужынец лоўка падхапіў, як пушынку, дзяўчыну на рукі і панёс да брычкі. Хутка ўслед брычцы па старым польскім шляху закурэў пыл. А там, дзе нядаўна стаяла прыгажуня-дзяўчына, застаўся ляжаць няскончаны венчык з палявых кветак…


Праз дваццаць гадоў нейкі багаты чалавек выкупіў за вялікія грошы тутэйшую зямлю, якая дасягала ажно да самага возера Князь. Тагачасныя суседзі-багацеі не разумелі: каму гэта спатрэбіліся непраходныя багны і рэдкія чубы доброў і бяроз? Там зусім мала ворнай зямлі. Пасміхваліся, што выйгрыш быў непараўнальна большы, чым яны раней атрымлівалі з гэтай няўдобіцы, якая мала прыносіла даходу, толькі клопату вымагала.


Здзіўленне межавала з рознымі здагадкамі, тым больш, што сам пакупнік, новы гаспадар, ніколі не быў на гэтай зямлі, ад яго імя ўсім распараджаўся прыказчык. Былы служылы чалавек да дробязяў выканаў волю свайго гаспадара: выбраў самае высокае месца, дзе стаялі гонкія бярозы і шумелі старасвецкія дубы. Тут быў закладзены мураваны палац, які за некалькі гадоў пабудавалі прыезжыя будаўнікі. Сядзібу абсадзілі прыгожым паркам, разбілі прыгожыя кветнікі. Ад імя свайго гаспадара прыказчык распараджаўся маёмасцю і зямлёю, якую здаваў у арэнду. Ен дазволіў усім жадаючым за невялікую плату сяліцца ў аддаленні ад будаўніцтва дома, разрабляць зямлю, адбіраючы яе ў балота, рабіць гаці і дарогі. Сяляне былі ў значна лепшым становішчы на гэтай зямлі — у іншых месцах яны былі ў больш прыгнечаных умовах. І — не дзіва: гэтая зямля накарміла ўсіх!


Прыказчык быў ужо немаладым чалавекам, таму, адчуўшы сябе кволым і баючыся раптоўнай смерці, напісаў гаспадару ліст, каб хутчэй прыехаў і прыняў яго работу. Аднак гаспадар усё не ехаў.


Аднойчы, вясеннім вечарам, калі буялі квеценню сады, па старым шляху да новай панскай сядзібы пад’ехала карэта, запрэжаная ў чацвёрку стаенных коней. Прыказчык і дваровыя пайшлі сустракаць гасцей.


Усе вельмі здзівіліся, калі на ганак новай сядзібы ступіла яшчэ маладая і вельмі прыгожая жанчына з ярка-жоўтымі, нібы залатымі валасамі.


— Божа, гэта ж наша Улада… Якая прыгожая стала, нібыта каралева… — пазнаўшы ў пані дачку рыбака, сталі шаптацца дваровыя. Прыказчык толькі цыкнуў на іх:


— Кланяйцеся, то ваша пані Уладзіслава… — Ен адразу працягнуў гаспадыні вялізную кнігу са справаздачамі аб сваёй рабоце. На вокладцы замест назвы напісаў: “Вотчыннае месца”.


А панна ласкава ўсміхнулася яму і людзям, не магла надыхацца свежым паветрам. Яна задаволена паглядзела на дом і прамовіла:


— Так, тут я некалі згубіла свой венчык. Малайчына, Стэфан… — яна падзякавала прыказчыку. — Справы разбярэм пасля, трэба ж адпачыць з дарогі. І шчасліва паглядзела на свайго семнаццацігадовага сына, высокага прыгожага хлопца, які быў так падобны на свайго бацьку тварам. Пані Улада ласкава прамовіла:


— Тут, сынок, дзякаваць Богу, і будзе твая вотчына. На гэтай зямлі нарадзілася твая маці… 


— Так, мама, гэта наша вотчына… Звяртаючыся да людзей, якія сышліся да двара, пані сказала:


— Некалі мяне крыўдзілі тут, але я на ўсё забылася. Я была шчаслівая са сваім мужам. Цяпер ён памёр, і я вырашыла вярнуцца на сваю зямлю, у свой родны край назаўсёды. Тут буду жыць са сваім сынам…


Праз гады зямельнае ўладанне пані Улады, якая была вельмі добрай гаспадыняй і заўсёды дапамагала сялянам, але пражыла зусім мала, перайшло сыну, яго дзецям, унукам і праўнукам у спадчыну. Кажуць, што адзін са спадкаемцаў меў вялікі чын у час царскага самаўладдзя, а пайшоўшы ў адстаўку, маючы інжынерныя веды і грошы, праклаў вузкакалейку, заснаваў смолзавод, прадпрыемства па перапрацоўцы драўніны, пабудаваў у вёсцы праваслаўную царкву, таму што большасць насельніцтва было праваслаўным. Хаця ж гэтыя мясціны прыйшліся даспадобы і яўрэям католікам-палякам. Маёнтак захоўваў на многія гады назву Вотчына. Праз нейкі час назва змянялася – Вотчыно, Вятчыно, Ветчыно, Вітчыно — і ў канчатковым варыянце Вятчын — захавалася да нашага часу.


…Гэта цяпер, ў пачатку ХХІ стагоддзя Вятчын — невялікая вёска. Былі часы, калі колькасць яе жыхароў даходзіла да чатырох тысяч. Нават пасля апошняй вайны, якая забрала забітымі яе сыноў на франтах і мірных жыхароў амаль трэцюю частку, у пяцідзесятых гадах вятчынцаў налічвалася каля дзвюх з паловай тысяч чалавек…


Легенду аб сялянцы-пані, якая пайшла замуж за мяжу і пасля смерці мужа вярнулася на радзіму, заснаваўшы маёнтак, я пачуў толькі аднойчы. Магчыма, гэта проста добрая казачка. (Сяляне заўсёды ідэалізавалі добрых паноў, якія не заўсёды добрымі былі). А вось пра яе спадкаемца, які быў высокім чынам за царскім часам і меў інжынерныя веды, шмат што пабудаваў на гэтай зямлі, і найперш буйное па тым часе прадпрыемства па перапрацоўцы смалы і вузкакалейку да Князь-Возера і да маёнтка Гарадзяцічы (зараз у Любанскім раёне Мінскай вобласці) , каб перавозіць драўніну, мне даводзілася чуць не раз, у тым ліку і ад майго дзядулі. Дарэчы, пры гэтых расповядах вялася такая гутарка. Аднойчы, калі завод не працаваў у самую сенакосную пару, сяляне былі на сенажаці, дзеці, забаўляючыся, спалілі і завод, і вёску. Інжынер, панёсшы вялікія страты, вымушаны быў з’ехаць… А вёску адбудоўвалі крыху ў іншым месцы, адышоўшы ад пажарышчаў на пэўную адлегласць. У любым выпадку нават і сёння лясныя ўгоддзі з назвай Смолзавод захавалі сваю яўную прыналежнасць да таго часу…


Зразумела, вытокі назвы могуць быць і зусім інакшымі. Напрыклад, чаму не дапускаць думкі, што яе карані ад назвы рэчкі Вятліца, прытоку Прыпяці, якая некалі працякала ў гэтых мясцінах, а пасля поўнасцю забалоцілася? Па яе берагах было шмат ветлы — вярбы. Альбо ці не магло надарыцца так, што на паселішча ў нейкі перыяд яго развіцця было накладзена нейкім высокім чынам вета (ад лац.veto — забараняю) на продаж альбо яшчэ на нейкія дзеянні? Не выключана, што гэтыя мясціны маглі быць войтавым месцам, падчас Рэчы Паспалітай. Як вядома, войтчына ў сярэдневяковай Польшчы, як і на Украіне і ў Беларусі — была распаўсюджаная з’ява, калі войт выступаў начальнікам буйнога пасялення альбо ад яго імя нешта адбывалася на гэтай зямлі.


Улічваючы, што сапраўды з даўніх часоў з вёскі да Гарадзяціч і да возера Чырвонае існавала чыгуначная лінія, якая адыходзіла ўбок ад асноўнай чыгуначнай магістралі, ці не мае права быць у ліку версій і аснова слова “ветка”? Есць і такія звесткі, што ў мінулых стагоддзях па адзін і па другі бок вёскі стаялі вятракі — ветраныя млыны. Тут таксама прысутнічае першая частка з наймення вёскі…


Вотчына, вотчынныя землі гэтаксама маюць права на існаванне як версія. Як і намінатыўнае прозвішча чалавека, у гонар якога маглі назваць вёску ў знак павагі, мог быць такі чалавек Ветчын. (У васемнаццатым стагоддзі на картах пісалі дакладна так: Ветчино, Бълево, Ленино — гэта былі самыя буйныя населеныя пункты на карце сучаснай Жыткаўшчыны, у той час, як усе навакольныя вёскі добра калі былі толькі хутарамі…)


Разважаючы пра паходжанне назвы, трэба адначасова сказаць пра такі факт. Упершыню афіцыйная назва — “имение Ветчин” — згадваецца ў дакументах, якія маюць адносіны да вядомых некаранаваных каралёў беларускіх зямель Радзівілаў. У апісаннях фондаў “Радзівілы, князі”, якія знаходзяцца ў Вільнюсе, Дзяржаўным гістарычным архіве Літвы і цяпер цяжка даступным беларускім даследчыкам, маецца тры справы ў поўным аб’ёме, якія сведчаць афіцыйна перыяд існавання паселішча. Так, у раздзеле “Слуцкія архівы Радзівілаў” ёсць рэестр дакументаў маёнтка Вятчын за 1693-1703 годы, (справа 2035). Захавалася справа за №1729 за 1751 год, якая сведчыць аб пераліку інвентару па маёнтку Вятчын. Таксама ў поўным аб’ёме захаваўся рэгістр дакументаў па маёнтках Гарадзяцічы і Вятчын з 1751 па 1786 гады (справа 2103). Так што адназначна можна сказаць, нягледзячы на адсутнасць ранейшых дакументаў (іх проста немагчыма выявіць), што вёска была заснавана на мяжы 15 і 16 стагоддзяў. Калі ж нават узяць ужо названы 1693 год як аснову (хаця, зразумела, маёнтак і — вёска каля яго ўжо даўно існавалі, магчыма, і адну-дзве сотні гадоў да гэтай даты), то сёлета можна з поўным правам адзначаць 316-годдзе. Не малая дата, скажу вам…


У. ГАЎРЫЛОВІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.