АТРЫМЛІВАЮЦЬ ЗАДАВАЛЬНЕННЕ АД ПРАЦЫ

Летнія месяцы для работнікаў гандлёвай кропкі спажывецкага таварыства ў вёсцы Рычоў з’яўляюцца даволі напружанай парой. Як адзначыла яе загадчыца Наталля Леўкавец, менавіта ў гэты час павялічваецца пакупніцкая здольнасць насельніцтва, і каб задаволіць попыт людзей у таварах і паслугах патрабуецца нямала папрацаваць.


У словах Наталлі Міхайлаўны няцяжка было пераканацца падчас наведвання ўзначальваемага ёю магазіна. Дзверы ў краме, так бы мовіць, не зачыняліся. Адны пакупнікі заходзілі сюды за пакупкамі, другія выходзілі з набытымі таварамі.


— Больш за трыста чалавек за дзень наведваецца да нас за пакупкамі, — расказвае загадчык магазіна, — і кожнаму мы маем магчымасць прапанаваць тавар па яго густу і даходу.


Абслугоўванне людзей работнік прылаўка вяла вельмі хутка, не марнуючы іх час, ветліва, з добразычлівай усмешкай. Самае галоўнае, Наталлі Міхайлаўне ёсць што прапанаваць сваім кліентам. Асартымент на паліцах крамы налічвае амаль чатыры тысячы адзінак. І клопат аб яго пашырэнні прадаўцы праяўляюць пастаянна. Прыцягвае вяскоўцаў магазін і сваім выглядам. Яго ўвялі ў эксплуатацыю ўсяго два гады назад. Аснашчана гандлёвая кропка і сучасным халадзільным і іншым тэхналагічным абсталяваннем. Гэта таксама адыгрывае немалаважную ролю для павелічэння тавараабароту. Абсталяванне дазваляе падтрымліваць спажыўныя якасці прадуктаў больш доўгі тэрмін. Яны ж, як адзначыла Наталля Міхайлаўна, карыстаюцца асноўным попытам у насельніцтва. Хаця работнікі прылаўка могуць задаволіць патрэбы і ў буйнагабарытных таварах. Пад заказ вяскоўцы могуць набыць і бытавую тэхніку, і мэблю, і будаўнічыя матэрыялы, і іншае. Тэрмін выканання не больш тыдня, прычым, яшчэ і да дому пакупніку даставяць. Праўда, крызісныя з’явы ў эканоміцы паменшылі попыт на такую прадукцыю сёлета, але не зусім.


Гандаль — гэта толькі адна хоць і галоўная састаўная ў працы гандлёвай кропкі ў Рычове. Тут актыўна займаюцца і закупачнай дзейнасцю. Купляюць у насельніцтва ягады, яблыкі, лекавую і другасную сыравіну, бульбу. Дарэчы, за мінулы год у насельніцтва работнікі магазіна закупілі апошняй 40 тон клубняў.


Паспяховай рабоце прадаўцоў рычоўскай гандлёвай кропкі спрыяе і добры мікраклімат у калектыве. Таццяна Бурак, Надзея Кавалевіч і Наталля Леўкавец — гэтыя людзі па-праву лічацца гаспадынямі прылаўка. Яны задаволены, што значна палепшыліся ўмовы іх працы, стараюцца падтрымліваць парадак і чысціню не толькі ў памяшканні крамы, але і на прылягаючай да яе тэрыторыі. Яны заўсёды знаходзяць узаемапаразуменне ў рабоце, бо ўжо разам працуюць паўтара дзесятка гадоў. Таму атрымліваюць ад сваёй працы задавальненне. А гэта таксама складаемая поспеху. Ды і адчуванне патрэбнасці людзям надае ахвоты працаваць лепей. Дзейнасць гэтага працоўнага саюза вясковых работнікаў прылаўка — стабільнае і поўнае задавальненне патрэб жыхароў населенага пункта ў сферы гандлёвага абслугоўвання.


С. БЕЛКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.