Ад прадзедаў спакон вякоў…

4 ліпеня ў вёсцы Вятчын прайшло свята вёскі. Арганізатары — Дзякавіцкі сельскі Савет і мясцовыя культработнікі падаравалі аднавяскоўцам незабыўныя святочныя хвіліны. Свята неперспектыўнай вёскі… Падаецца трохі дзіўным спалучэнне гэтых слоў, нязвычным. А чаму б і не? — задумаліся аднойчы старшыня Дзякавіцкага сельскага выканаўчага камітэта Уладзімір Неўмяржыцкі і дырэктар Вятчынскага сельскага Дома культуры Людміла Будчанін. — У Дзякавічах у мінулым годзе змаглі ж арганізаваць, ушанавалі аднасяльчан — самых паважаных і працалюбівых. А чаму б гэта не зрабіць у суседняй вёсцы?! Тым больш што і вёска Вятчын вядома яшчэ з ХVI cтагоддзя! Трэба, трэба зрабіць падарунак вяскоўцам!.. Ідэя набыла жыццёвасць, і пачалася падрыхтоўчая работа, вынікам якой стала цудоўнае свята, якое завіравала суботнім выхадным днём у цэнтры вёскі, побач з сельскай установай культуры.


… Месца дзеі было ўпрыгожана рукатворнымі дыванамі, кветкамі, рознакаляровымі паветранымі шарамі. Тут паўкругам былі выстаўлены стулы, седзячы на якіх вяскоўцы маглі падзівіцца на выступоўцаў. А на клубным двары разгарнулася самае сапраўднае казачнае дзіва: шмат кветкавых кампазіцый і малых форм зрабілі дбайныя рукі культработнікаў. Спецыяльна ж дзеля свята тут вызначана пляцоўка для забаў дзятвы, а таксама спартыўная, для дарослых.


“Ручайкі” святочна апранутых людзей — пажылых і маладых, няўрымслівых хлапчукоў і дзяўчынак, працаўнікоў тутэйшых устаноў і прадпрыемстваў, выхадцаў з вёскі, фальклорных калектываў з суседніх вёсак — у адзінаццаць гадзін трыццаць хвілін, нарэшце, “зліліся” ў адну “рачулку”. Шмат шчаслівых усмешак, прыветлівыя радасныя позіркі, нават у сонечна-залатым паветры адчуваўся святочны настрой. Шмат дзе ў той дзень ішоў дождж, але, мабыць, спецыяльна мінуў вёску, якая сабралася адзначыць сваё першае свята…


І вось пачынаецца канцэртнае прадстаўленне “Ад прадзедаў спакон вякоў”— вядучыя свята, загадчыца Вятчынскага сельскага клуба Людміла Будчанін і загадчыца сельскай бібліятэкі Людміла Мірановіч звяртаюцца з прывітаннем да землякоў, распачынаюць свята, прадстаўляюць ганаровых гасцей. Сярод іх — старшыня Дзякавіцкага сельскага Савета Уладзімір Аляксеевіч Неўмяржыцкі, начальнік аддзела ідэалагічнай работы Жыткавіцкага райвыканкама, адказны ад райвыканкама за вёску Вятчын Леанід Валатоўскі, ветэран Вялікай Айчыннай вайны, член прэзідыума раённай ветэранскай арганізацыі Васіль Фаміч Казіміраў, член раённага выканаўчага камітэта, пісьменнік і журналіст Уладзімір Мікалаевіч Гаўрыловіч. Ад імя арганізатараў гасцям уручаюцца кветкі. Першаму прадастаўляецца слова ветэрану Вялікай Айчыннай вайны Васілю Казіміраву:


— Я памятаю вёску Вятчын у росквіце, калі існавалі розныя структуры, калі вёска развівалася. Яна адрадзілася фактычна нанава пасля цяжкай страшнай вайны, людзі будаваліся, аралі, сеялі, ладзілі культуру і быт, жылі… Так, жылі і радаваліся жыццю. Сёння адбылося шмат змен, якія не на карысць вёсцы, несправядліва паменшала яе жыхароў, але засталася вера, што лепшы час вернецца ў гэты куточак зямлі.


Як адзначыў ганаровы госць, гэтая зямля нарадзіла шмат добрых людзей, якія праслаўляюць не толькі нашу краіну, але блізкае і далёкае замежжа. Сярод іх — таленавіты пісьменнік, каранёвы вятчынец Уладзімір Гаўрыловіч, які ўславіў сваю родную вёску мастацкімі і публіцыстычнымі творамі, і яшчэ, безумоўна, шмат зробіць на літаратурнай ніве, прапагандуючы свой населены пункт і яго людзей. Ен заклікаў вяскоўцаў ганарыцца выбітнымі землякамі, шанаваць родную зямлю, адраджаць яе, працягваючы добрыя традыцыі сваіх папярэднікаў. Ад імя раённай ветэранскай арганізацыі Васіль Казіміраў павіншаваў вяскоўцаў са святымі для ўсяго беларускага народа святамі — Днём Незалежнасці і 65-ай гадавінай вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.


Васіль Фаміч, як аказалася, прыехаў на свята не з пустымі рукамі. Каля 50 уласных кніг, набытых у розныя гады, многія з якіх даўно сталі бібліяграфічнай рэдкасцю, падараваў ён вяскоўцам.


— Кніга заўсёды несла людзям веды, вучыла дабрыні і чалавечнасці, — адзначыў ветэран, уручаючы духоўны набытак загадчыцы бібліятэкі Людміле Мірановіч. — Няхай мой падарунак паслужыць людзям, будзе запатрабаваны…


Удзячнымі апладысментамі вятчынцаў суправаджалася перадача кніг. У сваю чаргу, дзякуючы ветэрану, Людміла Мірановіч падкрэсліла, што кнігі — найлепшы падарунак, які наогул можа быць, а ад вызваліцеля ад фашысцкай чумы, ветэрана, чалавека, вядомага ў раёне, асаблівы. І ён знойдзе дастойнае месца сярод іншых выданняў у мясцовай сельскай бібліятэцы.


Шмат цёплых віншаванняў з нагоды свята вёскі, якое супала з легендарнымі датамі беларускай гісторыі, прагучала з імправізаванай сцэны.


Старшыня сельскага выканаўчага камітэта Уладзімір Неўмяржыцкі адзначыў, што мясцовыя і раённыя органы ўлады будуць прыкладаць шмат намаганняў, каб забяспечыць усе сацыяльныя гарантыі, прадастаўляемыя дзяржавай, для жыхароў вёскі.


Жыццё і быт вёскі Вятчын, якая, безумоўна, можа ганарыцца многімі сваімі выхадцамі, не могуць не хваляваць раённы выканаўчы камітэт, адзначыў начальнік аддзела ідэалагічнай работы Леанід Валатоўскі. Трэба агульнымі намаганнямі рабіць прыгажэйшым наш край, нашу зямлю.


Кіраўнікі сардэчна павіншавалі вятчынцаў са святам, пажадалі шчасця, здароўя на доўгія гады.


— Я заўсёды з гонарам кажу, што нарадзіўся ў старажытнай вялікай вёсцы, якая мела шмат духоўных традыцый. Я ганаруся сваімі працалюбівымі землякамі, сваімі роднымі і блізкімі, якія ў віхурах нягод адстойвалі сваю зямлю ад ворага, ладзілі шчаслівае жыццё, — адзначыў у сваім выступленні пісьменнік Уладзімір Гаўрыловіч. — Няхай яно не спыняецца тут, няхай штогод такія святы збіраюць у вёску сотні выхадцаў, нават тады, калі на могілкавым пагорку шмат гадоў ляжаць іх бацькі і прадзеды. Нельга нам быць бяспамятнымі, бо ўсе мы аднаго кораня, і, фактычна, амаль радня. Захаваць роднасць ва ўсіх вятчынцаў, іх кантактнасць — задача тых, хто сёння жыве ў вёсцы, хто працуе ў сістэме культуры і асветы, — падкрэсліў У. Гаўрыловіч.


Вядомы зямляк з нагоды свята падараваў вяскоўцам, якія любяць навіны літаратуры, два тамы літаратурнага альманаха “Літаратурная Гомельшчына”, які рэдагуе вось ужо некалькі гадоў, а таксама ўсім аднавяскоўцам падараваў раённую газету “Новае Палессе”, дзе змешчаны нарыс аб гістарычным паходжанні вёскі.


А на імправізаванай сцэне — размова пра паходжанне назвы вёскі — Вятчын, Вятчыно, Ветчыно, Вітчыно…, паведамленні аб нялёгкім гаротным лёсе старажытнага паселішча і яго насельнікаў у гады Вялікай Айчыннай вайны. У памяці мясцовых жыхароў дагэтуль у вачах стаяць страшныя малюнкі ад пачатку вайны да 6 ліпеня 1944 года, да часу вызвалення: расстраляна, павешана, замучана 80 вятчынцаў, адпраўлена на катаргу ў Германію — 27 чалавек, за гады ваеннага ліхалецця на розных франтах загінула 135 жыхароў вёскі. У сакавіку 1943-га ў вёсцы Вятчын немцы загналі ў хлеў і спалілі жывымі 570 жыхароў вёсак Дзякавічы і Буда, на гэтым месцы цяпер брацкая магіла. Вятчынцы змагаліся ў партызанскіх атрадах, ваявалі на франтах Вялікай Айчыннай, нямногія вярнуліся дадому, на родныя папялішчы.


Нягледзячы на пажарышчы вайны, вёска, якая часткова была спалена, адрадзілася, і праз пяць гадоў пасля Перамогі налічвала больш двух з паловай тысяч чалавек, імкнулася да шчаслівага жыцця. На жаль, са знікненнем мясцовага калгаса, які быў далучаны да дзякавіцкага, а фактычна свядома знішчаны, уся маёмасць гаспадаркі перайшла суседзям, вёска стала змяншацца колькасна –- пачала з’язджаць моладзь, цэлыя сем’і пераехалі ў іншае месца жыхарства…


Аднак тут працягваюць жыць людзі, яны працуюць у лясніцтве Нацыянальнага парка “Прыпяцкі”, у сацыяльных установах (ёсць ФАП, крама райспажыўтаварыства з барам, пошта, клуб), на ўчастку ААТ “Жыткавічлес”.


Многіх з былых працаўнікоў калгаса “ІІ пяцігодка”, а затым “Кастрычнік” ушаноўвалі на свяце, дарылі кветкі, згадвалі добрым словам, бо менавіта гэтыя людзі рабілі свой унёсак у развіццё роднага населенага пункта, у развіццё эканомікі калгаса, сістэмы адукацыі, культуры, іншых прадпрыемстваў, якіх багата існавала ў вёсцы ў мінулыя гады.


Вёска Вятчын, як у ранейшыя часы, жыве і працуе, гадуе дзяцей і ганарыцца людзьмі дбайнымі, гаспадарлівымі. Як адзначыла, сапраўды паважна-хораша звяртаючыся да аднавяскоўцаў Л. Будчанін, за якую б справу не ўзяліся вятчынцы, яны заўсёды даводзяць яе да канца. Нават знаходзячыся на заслужаным адпачынку, ці, як кажуць у народзе “на пенсіі”, ніхто з іх не сядзіць дома: яны ў полі, у лесе, на сенажацях. І калі вяскоўцу нават за восемдзесят, ён яшчэ запрагае свайго коніка і едзе па сваіх гаспадарскіх справах. Іначай яны, гэтыя людзі, і жыць не могуць -– без клопату, без працы. Невыпадкова такіх людзей і ўшаноўвалі, згадвалі на свяце. Ім, усім, хто быў у цэнтры ўвагі вяскоўцаў, дарыліся канцэртныя нумары, кветкі ад мясцовых самадзейных артыстаў, так і фальклорных калектываў з Дзякавіч і Бялёва. Усе пастараліся падараваць людзям свята, і гэта, на думку яго ўдзельнікаў, атрымалася.


Пасля ж завяршэння афіцыйнай часткі свята ганаровыя госці наведалі брацкую магілу і ўсклалі кветкі да абеліска загінуўшым мірным жыхарам.


Цікава тым часам бавіла час мясцовая дзятва: у сапраўды казачным клубным садзе для іх ладзілася асобная праграма. Заключным акордам дзённай праграмы стала калектыўнае спрабаванне рыбнай юшкі, пра якую паклапацілася кіраўніцтва мясцовага сельскага Савета і гаспадаркі.


Удзячнасці вяскоўцаў у гэты дзень не было межаў…


Не менш насычанай была і вячэрняя праграма: ажно пяць выпускаў Вятчынскай сярэдняй школы сустракаліся са сваімі настаўнікамі, з роднай школай. Гучалі ўспаміны, былыя вучні расказвалі, чаго дасягнулі ў сваім жыцці, тым больш што многія выпускнікі не бачыліся пасля заканчэння школы ажно дваццаць, трыццаць і звыш сарака гадоў. Гэта былі сапраўды прыемныя моманты свята вёскі!


…Свята адбылося. Цяпер жа культработнікі і мясцовае кіраўніцтва думаюць, як яго правесці яшчэ больш насычана і захапляюча ў наступным годзе. Так што быць традыцыі ў Вятчынах. Гэта проста выдатна. Ды і на чарговае свята прыедзе ўжо не некалькі, а дзесяткі, а то і сотні выхадцаў з вёскі, і так будзе падтрымлівацца повязь зямляцтва, каб помнілі людзі свае карані і зямлю, якая іх узгадавала.


У. ЛЯСНЫ.


P.S. Так сталася, што наведванне вёскі Вятчын было апошнім афіцыйным мерапрыемствам, у якім прымаў удзел актывіст ветэранскага руху, ветэран Вялікай Айчыннай вайны, пазаштатны карэспандэнт “Новага Палесся” Васіль Фаміч Казіміраў — 13 чэрвеня гэты светлы чалавек нечакана пайшоў з жыцця. Калектыў установы “Рэдакцыя газеты “Новае Палессе” глыбока смуткуе і выказвае спачуванне родным і блізкім Васіля Фаміча.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.