Ішоў салдат дарогамі вайны

Піліп Ануфрыевіч Кот сустрэў пачатак вайны ў дзеючай арміі. Як ён расказвае, год службы прайшоў, калі пачалася Вялікая Айчынная вайна.


— Служыў паблізу Жыткавіч, у Лунінцы, — расказвае ветэран. – Там мы ахоўвалі самалёты на аэрадроме. Таму першы паветраны ўдар ворага быў па нашым аб’екце. Вораг наступаў, і ў хуткім часе прыйшлося нашай часці паўдзельнічаць і ў баях на зямлі.


Мужна змагаліся байцы, але пад ціскам фашыстаў прыходзілася адступіць. Гэта не было нейкім бязладным бегствам. Абараняліся, як маглі, вобразна кажучы, чапляліся за кожны кавалак зямлі. Піліпу Ануфрыевічу, магчыма, было цяжэй за іншых аднапалчан. Немцы рваліся на яго малую радзіму – да вёскі Грэбень, дзе ён нарадзіўся. Вось ужо і Жыткавічы пакінулі чырвонаармейцы. А вось праходзяць і па яго роднай вёсцы. Усяго на хвілінку завярнуў баец да роднай хаты. Там толькі адна маці, браты таксама пайшлі на фронт. Яны толькі і паспелі перакінуцца парай слоў.


— Як справы, сынок? — запыталася маці.


— Як бачыш, жывы пакуль, — адказаў сын.


Потым маці моцна абняла свайго байца і надзела яму на шыю праваслаўны крыжык, ціха сказала:


— Усе пад Богам ходзім. Можа і выратуе ў гэтай калацечы.


І з вачэй жанчыны пацяклі слёзы. Але Піліп гэтага ўжо не бачыў, бо спяшаўся да сваіх. Не хацелася адставаць ад часці, ад сваіх саслужыўцаў. Яны адыходзілі на ўсход. На гэтым шляху было шмат баёў і страт. Страт вялікіх. Калінкавічы, Гомель, Чачэрск, далей украінскія гарады, дарога да іх скрозь паліта крывёю баявых таварышаў і ворага. Пры любой магчымасці яны наносілі яму ўрон. У той год адступлення, як адзначае Піліп Ануфрыевіч, не верылася, што яны змогуць перамагчы. Але ў душы кожнага байца гэтая надзея не гасла.


— Напэўна, і выжыў у той страшны час, што наша часць вяла абарончыя баі не на галоўных напрамках наступлення гітлераўцаў, — расказвае ветэран, — але і нам не соладка было таксама. Баі ішлі бесперапынна.


Не адной ваеннай дарогай прыйшлося прайсці Піліпу Ануфрыевічу. Ваяваў і на Украіне, і на поўначы краіны, біў ворага і ў Фінляндыі. Кім толькі не даводзілася яму быць: і простым пехацінцам-стралком, і сапёрам, і нават санітарам. Пашчасціла Піліпу Ануфрыевічу прыняць удзел і ў аперацыі па вызваленню Беларусі. Больш таго, разам з аднапалчанамі ачышчаць сваю маленькую радзіму, сваю Жыткаўшчыну, сваю родную вёску Грэбень.


Часці 55-й стралковай дывізіі наступалі даволі імкліва, хаця фашысты аказвалі моцнае супраціўленне. Асабліва на водных рубяжах. 111-й полк дывізіі, дзе служыў Піліп Ануфрыевіч, атакаваў Жыткавічы з поўдня. На жаль, яму не ўдалося тады ўвайсці ў райцэнтр, іх часць вызваляла вёскі, якія знаходзіліся паўднёвей Жыткавіч. А вось да пачатку штурма горада прыйшлося прайсці па сваёй вёсцы Грэбень. Цяпер ужо ў якасці вызваліцеля.


— Убачыў сваю хату, узрадаваўся, што яна засталася цэлай, — гаворыць ветэран, — але ні з кім з родных сустрэцца не давялося, бо нікога ля дома не было. Ды і ваенная дысцыпліна не дазваляла адлучыцца. Так і прайшоў па вёсцы.


Канешне, усведамленне, што родныя мясціны вызвалены ад ворага, радасцю адзывалася ў душы салдата. Спадзяваўся, што і родныя яму людзі таксама жывыя, і ў іх хаце наладзіцца мірнае жыццё. Але вайна працягвалася, патрэбна было дабіваць ворага, гнаць яго ў сваё логава. Таму паход для Піліпа Ката працягваўся па ваенных дарогах. За праяўленую мужнасць у баях камандаванне ўзнагароджвае яго медалём “За адвагу”.


Перамога, як доўга яе чакалі, як доўга яе набліжалі. Ей Піліп Ануфрыевіч радаваўся разам з усімі аднапалчанамі. Дэмабілізацыя з арміі. Потым мірная стваральная праца. Піліп Ануфрыевіч доўгі час працаваў на торфараспрацоўках. Добра склалася ў яго і сямейнае жыццё. Трох сыноў нарадзілі і вырасцілі яны з жонкай. Зараз ветэрану 89 гадоў. Ен горды, што мае прамое дачыненне да вызвалення сваёй краіны, раёна, што яны жывуць пад мірным небам, з кожным годам мацуюць свой дабрабыт. Дзеля гэтага варта было жыць і змагацца. У чым Піліп Ануфрыевіч ніколькі не сумняваецца.


С. БЕЛКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.