Нарошчваць вытворчасць, паляпшаць эканоміку

Шэраг надзённых пытанняў работы сельскагаспадарчай галіны былі разгледжаны на нядаўна прайшоўшым семінары з удзелам кіраўнікоў і спецыялістаў сельгаспрадпрыемстваў і раённых службаў, абслугоўваючых арганізацый, спецыялістаў райсельгасхарчу, старшынь сельвыканкамаў. Удзел у мерапрыемстве, практычная частка якога прайшла на базе КСУПаў “Чырвоны Бор” і “Людзяневічы”, прыняў і старшыня раённага выканаўчага камітэта Мікалай Какора.


Першае, на што была звернута ўвага ўдзельнікаў семінара падчас наведвання сельгаспрадпрыемстваў, арганізацыя работ на жніве. Убраць вырашчаную збажыну без страт і ў вызначаныя тэрміны -– асноўная задача, якая пастаўлена перад сельгасвытворцамі. Таму неадкладна патрэбна масава пачынаць жніво ва ўсіх гаспадарках. Дэталёва было прааналізавана шэраг пытанняў, якія звязаны з абмалотам збажыны. Так, пастаўлена задача, каб найхутчэй зрабіць на камбайны спараныя колы. Як гэта ажыццявіць, было прадэманстравана ў КСУПе “Чырвоны Бор”. Прычым, зрабілі іх самі камбайнеры з адпрацаваных колаў. “Пераабулі” і адзін МАЗ. Таксама праявіў ініцыятыву з гэтым сам вадзіцель.Па словах дырэктара гаспадаркі Сяргея Макарэвіча, гэта дасць магчымасць без праблем убіраць зерне на пераўвільготненых участках, якіх цяпер дастаткова на мясцовых палетках. Таксама такі падыход да павышэння праходнасці тэхнікі дазваляе зменьшыць расход паліва да дзесяці працэнтаў. Эканоміць і берагчы паліўныя рэсурсы будуць у гаспадарцы, і змяншаючы перагоны камбайнаў. З далёкіх палеткаў тэхніка не будзе вяртацца пасля работы ў гараж, яе пакінуць нанач пад аховай спецыяліста і вартаўніка ў полі. Паліва і механізатараў будуць падвозіць. Мясцовыя ўмельцы зрабілі прыстасаванне, каб запраўляць тэхніку ў палявых умовах. Дарэчы, такі метад ужо апрабаваны падчас корманарыхтоўкі і даў станоўчы вынік. Не абмінулі ўвагай і такое пытанне, як рамонт тэхнікі. Тут адназначнае патрабаванне: у кожнай гаспадарцы на час жніва павінны працаваць мабільныя рамонтныя брыгады, якія змогуць “палячыць” выйшаўшую са строю тэхніку прама на палетку і за кароткі час. Таксама акцэнт падчас абмеркавання арганізацыі ўборачных работ быў зроблены на захаванне правілаў бяспекі. Тут адно з важных патрабаванняў, каб на полі, дзе вядзецца ўборка, пастаянна знаходзілася ёмістасць з вадой. Скарыстаць яе можна не толькі ў экстранных выпадках, але і для мыцця тэхнікі.


У КСУПе “Людзяневічы” удзельнікам семінара ўжо прадэманстравалі ход уборкі збажыны. Тут увага прысутных была звернута найперш на тое, што патрэбна неадкладна абжаць усе збожжавыя палеткі, каб пазбегнуць падчас жніва засмечвання зерня насеннем пустазелля.


Закранулі падчас семінара яго ўдзельнікі і тэму корманарыхтоўкі. Як было зазначана старшынёй райвыканкама Мікалаем Какорай, нарыхтоўку травяністых кармоў патрэбна, нягледзячы ні на што, не спыняць. У КСУПе “Людзяневічы” таксама азнаёміліся з сяўбой пажніўных культур. У канцы жніўня, калі паша збяднее, такія пасевы стануць выдатнай кармавой базай для вытворчасці малака. Прычым, тэхналогія сяўбы такіх культур спрошчана да мінімума. Усяго толькі прадыскаваць палетак патрабуецца і засеяць яго камбінаваным агрэгатам. Да таго ж скарыстоўваць такую пашу можна не толькі восенню, але і вясной, пасля чаго можна засеяць іншай культурай. Вопыт мінулых гадоў паказвае, што такія пасевы дазваляюць з найбольшай эфектыўнасцю выкарыстоўваць зямлю ды і мець немалую прыбаўку па надоях малака.


Вытворчасць малака і іншыя справы жывёлагадоўлі – яшчэ адзін аспект, які быў абмеркаваны на семінары. Кіраўнікоў і спецыялістаў азнаёмілі з будаўніцтвам новай фермы ў КСУПе “Чырвоны Бор”. Увод яе, як зазначалася дырэктарам гаспадаркі, запланаваны ў гэтым годзе. Падчас агляду аб’екта ўвага прысутных акцэнтавалася на правядзенні рэканструкцыі жывёлагадоўчых памяшканняў, каб пераводзіць статак на бяспрывязнае ўтрыманне. На выпасе ў сельгаспрадпрыемстве “Людзяневічы” гаворка зайшла пра нарошчванне вытворчасці малака на цяперашні час. Закранулі гэтае пытанне невыпадкова, у шэрагу гаспадарак намецілася тэндэнцыя да зніжэння надояў. Прычыны гэтага, як адзначалася, недапрацоўкі на месцах, шматлікія парушэнні тэхналагічнага характару.


У ліку іншых пытанняў, якія былі ўзняты падчас практычнай часткі семінара, і навядзенне парадку ў населеных пунктах, на вытворчых аб’ектах, арганізацыя закупу малака і маладняку ў насельніцтва і іншыя. Поспех тут залежыць, на думку старшыні раённага выканаўчага камітэта, ад цеснага супрацоўніцтва кіраўнікоў гаспадарак і сельсаветаў. Апошнія павінны скурпулёзна ўнікаць ва ўсе праблемы і дапамагаць у іх вырашэнні.


На пленарнай частцы семінара асноўны акцэнт быў зроблены на аналізе стану спраў у сельскагаспадарчай галіне, у прыватнасці, у жывёлагадоўлі. Выступаючыя спецыялісты райсельгасхарчу не толькі падвялі вынікі работы за паўгода, але і прааналізавалі сітуацыю на вытворчасці, назвалі недахопы, якія патрэбна найхутчэй выправіць, каб паспяхова выконваць прагнозныя паказчыкі ў будучым. Скажам, што працаваць давядзецца сельгасвытворцам нямала. Асабліва ў плане эканамічнай стабільнасці сельгаспрадпрыемстваў. Гэта і суадносіны тэмпаў росту заробкаў і вытворчасці, павышэнне рэнтабельнасці прадукцыі і многае іншае. Як бачна, ёсць яшчэ над чым працаваць аграрнікам раёна.


С. МІКАЛАЕЎ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.