Па зямлі славы ратнай

Вялікая колькасць мерапрыемстваў, якія прысвечаны галоўным святам краіны –- Дню Незалежнасці і 65–годдзю вызвалення Беларусі ад фашысцкіх захопнікаў, адбылося ў нашым горадзе. Напярэдадні ўрачыстай даты, 3 ліпеня, Жыткавічы сустракалі ўдзельнікаў аўтапрабегу “Беларусь — зямля славы ратнай”. Удзельнікі акцыі, маладыя работнікі Гомельаблаўтатранс, з мэтай ушанавання ахвяр Вялікай Айчыннай вайны праехалі па маршруту ад Гомеля да Брэсцкай крэпасці. Як расказала старшыня абласнога аб’яднання прафсаюза “Гомельаблаўтатранс” Вольга Рудая, перад тым, як прыехаць у Жыткавічы, удзельнікі аўтапрабегу ўжо пабывалі ў Лоеве, Рэчыцы, Светлагорску, Акцябрскім. Усюды яны наведваліся да помнікаў вайсковай славы, месц пахавання і ўскладвалі да іх кветкі, сустракаліся з ветэранамі, а яшчэ яны вязуць у Брэст капсулу з зямлёй, якую набралі з Кургана Славы ў Гомелі.


— Гэтак мы хочам выказаць сваю ўдзячнасць тым людзям, якія вызвалялі нашу зямлю, паказаць сваім маладым работнікам, якая вялікая цана заплачана за наша вызваленне, — адзначалася Вольгай Адамаўнай. -– Ды і паглядзець, якой стала прыгожай наша краіна, што ёй можна ганарыцца. Гэта таксама найлепш уздзейнічае на патрыятычныя пачуцці моладзі.


Ушанавалі працаўнікі транспартнага прадпрыемства загінуўшых воінаў і ў Жыткавічах. Падчас сустрэчы ля помніка адбыўся невялікі мітынг, на якім, акрамя гасцей, выступілі намеснік старшыні райвыканкама Валерый Рагалевіч і старшыня раённай ветэранскай арганізацыі Адам Аліфяровіч.


Маршрут удзельнікаў аўтапрабегу не абмяжоўваўся па нашай зямлі толькі райцэнтрам. Таксама яны наведаліся ў старажытны Тураў. Пасля мерапрыемстваў у гэтым горадзе ўдзельнікі аўтапрабегу накіраваліся на Брэстчыну, у горады Пінск і Брэст.


С. МІКАЛАЕЎ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.