Паяднаў людзей юбілей раёна

НАША ДАВЕДКА


Жыткавіцкі раён мае багатае гістарычнае мінулае. Дакументы сведчаць: Жыткавічы сапраўды доўгі час заставаліся мястэчкам. Упершыню яно ўпамінаецца як населены пункт Навагрудскага ваяводства Вялікага княства Літоўскага ў метрыцы 1500 года. Пасля ўваходжання беларускіх зямель у склад Расійскай дзяржавы Жыткавічы сталі цэнтрам воласці ў Мазырскім павеце Мінскай губерніі. Насельніцтва займалася ў асноўным сельскай гаспадаркай, бортніцтвам. У другой палове ХІХ стагоддзя ў сувязі з будаўніцтвам чыгункі стала развівацца прамысловасць. У пачатку 20-х гадоў ХХ стагоддзя ў Жыткавіцкую воласць уваходзіла 170 населеных пунктаў, у якіх пражывала прыкладна 17 тысяч чалавек. 17 ліпеня 1924 года воласць была перайменавана ў Жыткавіцкі раён. 27 верасня 1938 года мястэчка атрымала статут гарадскога пасёлка. У 1971 годзе ён стаў горадам.


…Вось і дажыў наш раён да паважанага ўзросту, які заўсёды сімвалізуе багаты вопыт, вялікія здабыткі і неад’емную ў такім стане мудрасць, — да юбілейных 85 гадоў. На Жыткаўшчыне яшчэ, дзякуй Богу, жывуць яго равеснікі і нават тыя, хто крышку старэй яго ўзростам. Яны з поўным на тое правам маглі б ганарова мовіць: “Раён — гэта я…” Толькі палешукі ў сваёй большасці — людзі сціплыя, ціхмяныя, яны аддаюць перавагу добрым справам, якія лепш іх прадстаўляюць, чымсьці гучнае “я”. Ці не адсюль і пайшло гэтае мудрае народнае выслоўе: тады слова серабро, калі справа золата…


Што і казаць, нашай Жыткаўшчыне сёлета, а дакладней, на мінулым тыдні, добра-такі пашчасціла: дзень нараджэння раёна прыпаў на пятніцу, таму былі ўсе падставы і ўмовы для жыхароў горада і раёна, гасцей добра адпачыць, прыемна, цікава правесці вольны час напярэдадні чарговых выхадных.


Свята распачалося ў 17 гадзін, калі ў горадзе — на цэнтральнай плошчы і ў парку нашага пісьменніка-земляка Міколы Гамолкі — пачалася радыё-трансляцыя пра Жыткавіцкі край. З юбілеем усіх павіншаваў старшыня райвыканкама Мікалай Какора.


Нягледзячы на даволі спякотны надвячорак жыткаўчане ды госці горада то па аднаму, то чародкамі сцякаліся ў бок парка і стадыёна — эпіцэнтра ўсіх юбілейных падзей, дзе раскінулі свае зялёныя шаты дрэвы, каб стаць сведкамі і ўдзельнікамі свята, адпачыць у прахалодзе засені. І арганізатары юбілейных мерапрыемстваў не падманулі іх надзей.


У парку вабіла да сябе выстава “Тураўскі краязнаўчы музей запрашае на гісторыка-краязнаўчую экспазіцыю “Старонкі гісторыі роднага краю”, прысвечанай 85-годдзю ўтварэння раёна. Нельга было прайсці міма, не спыніўшыся перад маляўнічымі раздзеламі “Таленты роднай зямлі”, “Край ад калыскі дарагі”, “Слава подвигу — слава героям». Своеасаблівыя думкі і пачуцці выклікаюць карціны “Паром” Р. Ландарскага, “Прырода Палесся”, “Затока” Э. Далгова, “Восеньскі вецер” І. Папова.


А гаспадыняй танцавальнай пляцоўкі ў той вечар была кіраўнік узорнага дзіцячага лялечнага тэатра “Чарадзейнікі” раённага Дома культуры Анастасія Мірановіч.


— Мы сёння збіраемся ладзіць такія мерапрыемствы, — распавяла яна, — як дзіцячая пацяшальная гульневая праграма “Вясёлы балаган”, вясёлыя спаборніцтвы паміж “Тэлепузікамі” і “Мульцяшкамі”, конкурс малюнкаў на асфальце “Мая Жыткаўшчына”. Акрамя гэтага, будзе праведзена дзіцячая дыскатэка “Загадкі, прыкметы пра лета”, у якой месяцы чэрвень, ліпень і жнівень будуць іграць асобныя персанажы.


Не пуставаў у час свята і суседні стадыён: на валейбольнай пляцоўцы сіламі мераліся каманды трох мікрараёнаў райцэнтра, а побач ішло зацятае змаганне паміж футбольнымі дружынамі горада і раёна. Заўзятыя балельшчыкі, што ўселіся на лаўках, падтрымлівалі спартсменаў сваімі дружнымі воплескамі і воклічамі.


І чым бліжэй да далягляду сплываў вялікі чырвоны дыск сонца, тым усё больш спадаў ліпеньскі сухмень і ўсё болей прыбаўлялася ў парку людзей. Старых і маладых, прадстаўнікоў сярэдняга ўзросту. Усё весялей і разнастайней гучала музыка, у палатках Жыткавіцкага райспажыўтаварыства, у гандлёвай кропцы індывідуальнага прадпрымальніка Андрэя К. са Светлагорска прысутныя мелі магчымасць купіць прахаладжальныя напоі, печыва, цацкі, дзіцячыя шарыкі і г.д.


— Асабіста ў мяне свята пакідае самыя прыемныя ўражанні і пачуцці, — падзяліўся сваім настроем вадзіцель міжраённага вытворчага ўпраўлення “Жыткавічыміжрайгаз” Андрэй Мамайка. — Мне па душы як спартыўныя мерапрыемствы, так і песенная творчасць — даўно выступаю ў гурце “Сваты”. А сёння, на юбілеі, гэтыя дзве плыні ўдала спалучыліся.


— Такія святы, такія юбілеі вельмі важныя і неабходныя, — дадала пенсіянерка, у мінулым выхавальніца дзіцячага садка-ясляў Вера Галыгіна. — Як для нас, пажылых людзей, так у першую чаргу для падлеткаў і моладзі. Бо гісторыю свайго раёна трэба ведаць кожнаму.


На святочна аформленую сцэну ў парку, якую атуліў густы натоўп людзей, узнімаюцца начальнік аддзела райвыканкама Сяргей Ахрамовіч і загадчыца сектара культурна-масавай работы раённага Дома культуры Ала Нікіфарава. Яны павіншавалі ўсіх з днём утварэння раёна, расказалі пра адметнасць ды самабытнасць нашага краю і яго людзей.


У прыватнасці было адзначана, што пазалетась раён стаў пераможцам у штогадовым спаборніцтве па сацыяльна-эканамічнаму развіццю сярод гарадоў і раёнаў вобласці з колькасцю насельніцтва ад 30 да 80 тысяч чалавек, а ў мінулым годзе райцэнтр прызнаны пераможцам сярод населеных пунктаў 3 катэгорыі і ўзнагароджаны пераходным вымпелам за высокія паказчыкі, дасягнутыя ў ходзе правядзення рэспубліканскага агляду санітарнага стану і добраўпарадкавання. На Дошку гонару Гомельскай вобласці па выніках работы за 2008 год было занесена прозвішча лепшага прадпрымальніка ў сферы вытворчасці дырэктара ААТ “Сатурн-1” Міхаіла Саскевіча.


На тэрыторыі Жыткаўшчыны знаходзяцца 154 помнікі, у тым ліку 65 археалагічных, 1 — архітэктурны, 73 — воінскай славы, 5 — гістарычных. Створаны і працуюць 34 калектывы, якія маюць высокія званні “народны” і “ўзорны”. Раён уваходзіць у турыстычны маршрут “Залатое кола Гомельшчыны”.


Жыткаўшчына — радзіма вядомых людзей, хто сваёй дзейнасцю, творчасцю праславіў родны край, сваю Беларусь. Гэта вядомы беларускі кампазітар Уладзімір Буднік, самабытная мастачка Наталля Чарнагалова, прафесар медыцыны Мікалай Кацубінскі, майстар спорту па гіравому спорту, прызёр Кубка СССР, чэмпіяната свету, дзесяціразовы чэмпіён Рэспублікі Беларусь, трэнер дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы “Матор” Сяргей Юзюк, доктар біялагічных навук, лаўрэат дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь Аляксандр Фралоў, палітычны дзеяч Мікалай Дамашкевіч, артыст Гомельскай філармоніі Васіль Ліфанаў, кандыдат фізіялагічных навук Ірына Харсава і іншыя. Наш раён ганарыцца тым, што тут, у цэнтры Палесся, жылі і працавалі беларускія пісьменнікі Мікола Гамолка, Віктар Казько, Уладзімір Агіевіч, літаратуразнаўца Навум Перкін, паэт Павел Шруб, мастак Міхаіл Андык і другія.


Жыткаўшчына дала Героя Савецкага Саюза Васіля Кота — ураджэнца вёскі Найда, які праявіў адвагу і мужнасць у час вайны з Японіяй. Да таго ж наш раён праславілі 4 Героі Сацыялістычнай Працы: Марыя Ісаева, Мікалай Рудэнка, Аляксей Тачыла і Сцепаніда Марусіч.


Так, залаты фонд раёна — яго людзі. Якія любяць і умеюць працаваць. З гонарам працягваюць традыцыі продкаў. На Жыткаўшчыне зараз жыве 43,5 тысячы чалавек. Асноўная частка — беларусы. У згодзе з імі жывуць таксама 18 розных нацыянальнасцяў: рускія і ўкраінцы, палякі і цыганы, немцы і яўрэі, армяне і татары, і г.д. І няхай і ў наступныя гады наш раён захавае сваю самабытнасць, прыгажосць ды прымножыць добрыя справы!


Свята раёна завяршылася змястоўным, цікавым, вялікім канцэртам мастацкай самадзейнасці.


С. КУЛАКЕВІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.