Сезон перапрацоўкі ў разгары

Да выпуску сваёй асноўнай прадукцыі кансерваванага гароху прыступілі ў гэтыя дні ў акцыянерным таварыстве “Тураў”. Па словах кіраўніка прадпрыемства Сяргея Бугука, сёлета ёсць усе падставы паспяхова справіцца з перапрацоўкай вырашчанага ў гаспадарках гароху і выпусціць з канвеера восем з паловай мільёнаў умоўных слоікаў прадукцыі.


Першую партыю сыравіны для перапрацоўкі на кансервавы завод паставілі з гарохавых палеткаў сельгаспрадпрыемства “Коленскае”. Лічаныя дні спатрэбіліся камбайнавым экіпажам акцыянернага таварыства, каб абмалаціць гарох у гэтай гаспадарцы, а вадзіцелям перавезці яго на завод. Тут гарохавая сыравіна адразу паступае на канвеер, які запрацаваў на поўную нагрузку. Тэхналагічнае абсталяванне і рабочыя працуюць без збояў.


— Мы намнога лепей падрыхтаваліся сёлета да сезону вырабу кансерваванага гароху, — расказвае дырэктар прадпрыемства Сяргей Віктаравіч Бугук. — Своечасова і грунтоўна было адрамантавана абсталяванне, гарохаўборачныя камбайны, падабраны і неабходны штат людзей на перыяд перапрацоўкі гароху. Яшчэ за час падрыхтоўкі ўдалося запусціць кацельню на прыродным газе. Усе гэтыя намаганні дазволілі паспяхова пачаць выпуск нашай галоўнай прадукцыі.


— На падрыхтоўчыя работы і рамонты выдаткавана ў гэтым годзе 800 мільёнаў рублёў, — дадае галоўны эканаміст кансервавага завода Аляксандр Шантар. — Гэта не толькі дазволіць паспяхова асвоіць колькасны паказчык па выпуску прадукцыі, але і забяспечыць яе якасныя параметры. Плануем, што гарох будзе закатвацца ў шкляную тару. У адрозненне бляшанага слоіка прадукцыя ў шклянках прадаецца лепей. Так бы мовіць, чалавек бачыць тавар.


Запуск газавай кацельні не радавая падзея не толькі для акцыянернага таварыства. Гэта першае прамысловае прадпрыемства ў раёне, якое стала спажыўцом блакітнага паліва. Доўга тут рыхтаваліся да пуску кацельнай, патрацілі шмат грошай, але папярэднія падлікі паказваюць, што гэта выгадна, дазволіць знізіць сабекошт прадукцыі. Разам з тым, захавалі і старыя катлы. На ўсякі выпадак.


Пасевы гароху ў раёне сёлета раскінуліся на шасцістах гектарах. Першыя намалоты паказваюць, што ўраджайнасць у тым жа КСУПе “Коленскае” не меншая за мінулагоднюю. У сярэднім з гектара выходзіць амаль па трыццаць цэнтнераў. Традыцыйна ў гаспадарках Тураўшчыны паказчык ураджайнасці намнога вышэйшы. Ды і асноўная маса пасеваў гароху размешчана менавіта ў гэтым урадлівым рэгіёне нашага раёна. Але тым не менш заклапочанасць у перапрацоўшчыкаў пра сыравіну ёсць. Падстава для гэтага — ненадта спрыяльныя пагодныя ўмовы. Частыя дажджы могуць паўплываць негатыўна на далейшыя зборы ўраджаю і яго якасць. Зразумела, што не ўсё залежыць ад людзей…


Думаюць ужо зараз тураўскія перапрацоўшчыкі і пра збыт сваёй прадукцыі. Яны маюць планы значна пашырыць рынкі збыту, у першую чаргу, за кошт паставак на Расію. Хаця тураўскі гарошак добра вядомая прадукцыя спажыўцам і ў нашай краіне.


Кансерваваны гарох хаця і асноўная прадукцыя тураўскіх перапрацоўшчыкаў, але не адзіная. Зараз яны займаюцца і перапрацоўкай агуркоў. Іх запланавана выпусціць 600 тысяч умоўных слоікаў. Далей пойдзе на канвеер і іншая гародніна.


С. БЕЛКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.