Умець старэць – вяршыня мудрасці

Соты дзень нараджэння адзначыла пухаўчанка Ксенія Міхайлаўна Купрацэвіч (пра яе мы расказалі чытачам у першай палове чэрвеня). Ды не проста адзначыла: яе юбілей стаўся вялікай падзеяй не толькі для вялікай сямейкі (салдацкая ўдава сама падняла траіх сыноў, якія падаравалі ёй 16 унукаў, 23 праўнукі), але і для ўсёй вёскі.


1 ліпеня на вясковай сядзібе (дзякуючы ўвазе раённай і мясцовай уладаў, клопату мясцовых прадпрыемстваў, раённай ветэранскай арганізацыі і радні пасвятлела на яе падворку і ў маленькай хаце: бабульцы пабудавалі новую агароджу і сенцы, падрамантавалі калодзеж і пафарбавалі хатку звонку, абладзілі “канёк”, замянілі ўсю электраправодку, пабялілі столю і паклеілі сцены шпалерамі) літаральна яблыку не было дзе ўпасці ад людзей. Прыехалі, прыйшлі да яе не толькі родзічы, але і прадстаўнікі раёна, і мясцовай улады, і самадзейныя артысты, шматлікія аднавяскоўцы. Урачыстасць з нагоды стагоддзя бабулькі Ксеніі, а менавіта так да юбіляркі звярталася большасць гасцей, распачалі прывітальнай песняй і ўдзячнымі словамі работнікі культуры мясцовага сельскага Дома культуры, удзельнікі народнага фальклорнага калектыву “Пухаўчанка”. Ксенія ж Міхайлаўна хораша была запрошана да ўбранага вышыванай настольніцай і кветкамі стала, што стаў разам з гаспадыняй цэнтрам увагі і дзеі. Ну, што тут скажаш: і сама юбілярка выглядала яшчэ даволі жвавай маладзіцай, у святочнай сукенцы, а паверх спадніцы –- прыгожы, вядома, асабістай, ручной работы, квяцісты фартух. Толькі ў вачах –- хваляванне і радасць…


Шмат цёплых слоў гучала ў адрас чалавека, які за стагоддзе перажыў і змены ўлад, і войны, і голад, і заўсёды працаваў на зямельцы. Нагадаем: Ксенія Міхайлаўна Купрацэвіч -– сірата, расла без бацькі. У вайну, застаўшыся без мужа-карміцеля, навучылася рабіць усё: касіць, араць на конях і каровах, пілаваць і калоць дровы. Яна, як іншыя салдаткі, расціла дзяцей і сама замяніла мужчыну.


Імкненне выжыць было галоўнай мэтай. Трэба было выгадаваць, захаваць дзяцей, зберагчы іх ад голаду і хвароб, па магчымасці адправіць у школу, хоць і не было часам у чым. Як жа яна марыла: раз не даў Бог шчасця ў сямейным жыцці — праклятая вайна паламала — дык хай хоць дзеці вырастуць, будуць шчаслівыя… Жанчына ніколі не цуралася ніякай працы: калі церлі лён, трапалі, а пасля здавалі — то першая, паўтары нормы заўсёды выдавала на зайздрасць другім, калі капаць уручную канаўкі — і тут яна перадавіца. Салдацкая ўдава чакала свайго мужа Гаўрылу ўсё сваё жыццё, аднак яму не суджана было вярнуцца з палёў вайны. Жанчына-гарэмніца пражыла цяжкае жыццё. І гэтае свята — стогадовы юбілей — магчыма, адзінае, самае светлае, што, па яе словах, яна будзе згадваць, колькі дасць Бог пажыць яшчэ на гэтай святой зямельцы. Адно — пасля кожных віншаванняў, а іх было шмат, яна дзякавала і казала ў адказ: “Дай Бог вам, людцы добрыя, у здравіі і шчасці дажыць маіх гадкоў!..” У гэтых словах — прастата і веліч душэўнасці простай палескай жанчыны.


Ад імя раённага выканаўчага камітэта спецыяльна на свята прыехаў намеснік старшыні райвыканкама Валерый Рагалевіч. Цёплыя яго пажаданні выклікалі слёзы ў бабулькі. А яшчэ ж яе чакаў сюрпрыз: намеснік старшыні райвыканкама ўручыў ёй пашпарт ад новага сучаснага халадзільніка “Атлант”. Наўрад ці магла бабулька Ксенія марыць пра такі падарунак, але цяпер так патрэбны агрэгат будзе доўга захоўваць неабходныя пажылому чалавеку, асабліва ў летнюю спёку, прадукты харчавання.


Шмат карысных рэчаў, кветак і нават прадуктаў харчавання падаравалі юбілярцы іншыя госці. Прыгожа яе павіншавалі начальнік упраўлення па занятасці, працы і сацыяльнаму абслугоўванню насельніцтва райвыканкама Наталля Макарэвіч і дырэктар тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнай падтрымкі насельніцтва Таццяна Казлова, кіраўнік раённай арганізацыі Чырвонага Крыжа Ларыса Фралова, адказны сакратар раённай ветэранскай арганізацыі Марыя Рудэнка, старшыня Чырвоненскага сельскага Савета Леанід Лясько, намеснік дырэктара КСУП “Марохараўскі” Ніна Белавец. І, вядома ж, родныя: сыны, нявесткі, унукі, праўнукі, пляменніцы, якія прыехалі адусюль, каб падтрымаць у гэты дзень, атуліць увагай роднага чалавека, які, так сталася, жыве адзін, і, дзякаваць Богу, абслугоўвае сам сябе. Больш таго, Ксенію Міхайлаўну часта можна бачыць у мясцовым Доме культуры: яна з вялікай радасцю прыходзіць на канцэрты мастацкай самадзейнасці. А як сама хораша спявае прыпеўкі ды яшчэ і прытанцоўвае -– ёсць чаму пазайздросціць маладзейшым. Юбілярка нават выканала разам са сваімі пляменніцамі напаўзабытую палескую песню “У саду вішанькі шумяць…” Нельга было не захапіцца цудоўным выкананнем гэтага сапраўды народнага шадэўра. Вось у гэты момант згадалася разумнае выказванне: “Умець старэць — вяршыня мудрасці”. Вяршыня чалавечай сутнасці — жыць для другіх. Стогадовая пухаўчанка ўсё ў сваім жыцці рабіла для сямейкі і для калгаса, для Радзімы. А цяпер Радзіма ў асобе добрых людзей кажа ёй шчыры дзякуй.


Доўгіх год Вам, Ксенія Міхайлаўна, у здароўі і чалавечай цеплыні!


У.ГАЎРЫЛОВІЧ.


НА ЗДЫМКАХ: у час юбілейнай падзеі ў Пухавічах.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.