Жыццёвыя радасці Паўла Века

Сёлета ў Паўла Васільевіча Века надарылася вялікая жыццёвая радасць: ажно тры яго ўнукі і праўнукі адразу атрымалі ўніверсітэцкія дыпломы, а адзін паспяхова закончыў каледж.


— Гэта я вам скажу, радасць вялікая… — не без гонару дзеліцца васьмідзевяцігадовы мужчына. — Так, так, не кожныя бацька і маці могуць пахваліцца такімі адукаванымі дзецьмі, унукамі і праўнукамі. Мне так хораша ад думкі, што мае з нябожчыцай-жонкай намаганні ў выхаванні дзяцей не сталіся дарэмнымі…


Пажылы чалавек раптам сціхае, і ў ягоных вачах, якія пабачылі шмат на жыццёвых дарогах і шчаслівага, і горкага, блішчаць слёзы. Але ж хваляванне, як непаседа-ветрык, мінаецца, калі бачыць на парозе дачку Людмілу. З ёй, у яе хаце, застаўшыся пасля смерці жонкі адзін ён, жыве ўжо даволі працяглы час. Не хавае: добра ўсё ж старому чалавеку дажываць свой век у цеплыні даччыной любові і клопату. Утульна. Радасна, калі прыязджаюць унукі і праўнукі. Асабліва ўнук Аляксандр, гонар Паўла Васільевіча і ўсёй радні. Сашка Зацапілін цяпер кадравы афіцэр, падпалкоўнік, служыць у Ваеннай Акадэміі ў Маскве. Мажліва, і дзядулевы расповеды пра вайну падштурхнулі хлопца да такога выбару будучай прафесіі, у якой, відавочна, не памыліўся. І ўнук ганарыцца сваім дзядулем: не кожны ў тую страшную вайну атрымліваў медаль “За адвагу”.


Павел Васільевіч Века — двойчы ветэран. Ветэран Вялікай Айчыннай вайны і ветэран педагагічнай працы. Перад самай вайной, яшчэ зялёным чубатым хлопцам ён прыехаў у невядомую яму дагэтуль вёсачку Хвойка — сюды атрымаў накіраванне на працу дырэктарам пачатковай школы. Навакольныя мясціны — глухія, але людныя — запамятаў на ўсё жыццё. Хто тады не паважаў настаўніка, хто не скідаў перад ім свой капялюш? І цяга вясковай дзятвы да ведаў — надта вялікая.


Але… грымнула вайна. Прыйшлося выбрацца з вёскі на радзінны куток — у Людзяневічы. Далей была падпольная работа ў тыле ворага, 50-я партызанская брыгада, дзе быў разведчыкам. Пасля вызвалення раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў адразу ж быў прызваны ў дзеючую армію. У паветраныя дэсантныя войскі.


— Непрацяглы час была ваенная падрыхтоўка, а затым нашу дывізію “кінулі” на паўднёвы захад, пад Будапешт, — згадвае Павел Васільевіч. — Як самі разумееце, хлопцы былі моцныя, падобраныя. Дэсант быў наперадзе. Мы першымі ступалі на зямлю “з неба”, калі ішло вызваленне гарадоў Дзевігер, Шаравар, Самбатэль, Логнітц, Вена…


Шмат выключных і сапраўды гераічных выпадкаў было перажыта Векам. Напрыклад, ён згадвае, як цэлы батальён парашутыстаў па загаду камандавання павінен быў знайсці зробленыя ў Альпах тунэлі, дзе размяшчаліся гітлераўскія заводы. Там выраблялі снарады, а на станках дзень і ноч працавалі… вывезеныя з радзімы рускія, украінскія, беларускія дзяўчаты. Дэсантная вылазка была нечаканай для аховы і паспяховай для савецкіх парашутыстаў. Завод застаўся цэлы, жывымі засталіся палоннныя, якія выраблялі ў горным ваенным прадпрыемстве, глыбока засакрэчаным, авіябомбы.


А медаль “За адвагу” атрымаў воін за вызваленне горада Самбатэль: раптоўнасць і нечаканасць, смеласць брала гарады. Там размяшчалася ж буйное гітлераўскае фарміраванне, абсталяванае “тыграмі”. З паветра “зваліліся” фактычна на голавы нечакаўшым фашыстам, раззброілі, ніводзін танк не пацярпеў.


Здарыўся ў той час з Паўлам Века і яго аднапалчанамі зусім нечаканы выпадак. У лесе знайшлі парашутысты нямецкі склад, дзе было прыхавана нямала… вайсковага савецкага абмундзіравання. Відавочна, рыхтавалася ўсё да дыверсійнай работы. Хлопцы ж не разгубіліся: свае пілоткі ў рукзакі, а самі фуражкі афіцэрскія на галаву, апранулі новую форму і на выкананне задання. Ворагі палічылі, што новая, зусім свежая часць наступае і… самі, амаль не супраціўляючыся, адступілі з горада.


Яшчэ шмат баявых узнагарод атрымаў за час ваенных вызваленчых дзеянняў Павел Васільевіч. Перамогу сустрэў у Празе: вайна ж фактычна была закончана без яго — пры чарговым дэсанціраванні пашкодзіў нагу, і 14 мая 1945 года чырвонаармеец Века быў дэмабілізаваны.


Дома быў мірны “фронт” — настаўніцкі. 46 гадоў сумленна працаваў на настаўніцкай ніве: і ў Людзяневіцкай школе, і ў Калінаўскай пачаткоўцы, дзе дырэктараваў дзесяткі год. Хоць і закончыў філфак Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, але ж так усё жыццё вучыў маленькіх дзетак пісьму і чытанню. Ен надта любіў сваю працу, быў выдатным метадыстам у сваёй зоне, вёў актыўнае грамадскае жыццё на вёсцы. У настаўніцкай сям’і ( а за жонку ён узяў таксама настаўніцу; яна працавала тады ў Хвойцы) нарадзіліся дзеці, якія абралі педагагічны шлях.


— У нас цэлая дынастыя педагогаў, — заўважае ветэран.— Ажно восем настаўнікаў з вышэйшай прафесійнай падрыхтоўкай. Гэта ж колькі мы дзяцей вывучылі?..


Так, нямала вучняў пайшлі ў жыццё, дзякуючы трывалым ведам, якія давалі выдатныя педагогі Века. Іх прадоўжылі дочкі, іх мужы, зяці, пляменнікі. Нават зяцю Валянціну Зацапіліну некалі цесць параіў ехаць у Вятчыны, сказаўшы:


— Там вельмі добрыя людзі, падтрымаюць… Я ж некалі па суседству працаваў…


Не памыліўся. Зяць, пакуль не пайшоў з жыцця, звыш трыццаці пяці гадоў аддаў педагагічнай дзейнасці, а дачка, Людміла Паўлаўна, працавала аж да самага закрыцця Вятчынскай школкі, што надарылася сёлета.


Гэта, дарэчы, самая балючая тэма — закрыццё школы — для Людмілы Паўлаўны і Паўла Васільевіча. Кажуць: нібыта жыццё ў вёскі спыняецца…


Не, я перакананы, не спыніцца: будзе яшчэ і свята, будзе шчаслівы заўтрашні дзень.


Са святам Вызвалення і Незалежнасці Вас, землякі!


У.ГАЎРЫЛОВІЧ.


НА ЗДЫМКУ: ветэран Вялікай Айчыннай вайны П.В. Века і яго дачка Л.П. Зацапіліна.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.