Жыткаўшчына: зямля герояў і талентаў

17 ліпеня 1924 года, у адпаведнасці з Пастановай Цэнтральнага Выканаўчага Камітэта Саветаў БССР, быў створаны Жыткавіцкі раён з цэнтрам у мястэчку Жыткавічы: да ранейшай Жыткавіцкай воласці (у пачатку 20-х гадоў яна налічвала 170 населеных пунктаў, 18 тысяч жыхароў, плошча яе складала 1500 кв. вёрст) былі далучаны часткі Дзякавіцкай воласці, некалькіх населеных пунктаў Тураўскай і Ляскавіцкай воласцей. У выніку праведзенага ўкрупнення плошча Жыткавіцкага раёна дасягнула 2500 кв. вёрст, населеных пунктаў разам з хутарамі стала 277, насельніцтва – крыху больш 25 тысяч чалавек. Такім чынам, заўтра мы маем магчымасць адзначыць значны юбілей, сімвалізуючы цэлае чалавечае жыццё — 85-годдзе стварэння Жыткавіцкага раёна. Можам павіншаваць адзін аднаго з гэтай немалой датай — бо за ёй гісторыя кожнага чалавека, кожнай сям’і. У гэтай даце адбіваецца гістарычны шлях усёй такой магутнай дзяржавы СССР, якой ужо не стала, у якой жылі нашы бацькі, і ў якой нарадзіліся мы, саракагадовыя. Гэтая дата спрычыньваецца і да маладых, што нарадзіліся і жывуць у сённяшняй нашай любімай і незалежнай Беларусі, і працягваюць дбаць аб развіцці нашага раёна, бо нельга рушыць повязь дзесяцігоддзяў, калі мы хочам быць чалавекамі. Як бачыцца рэдакцыйнаму калектыву “НП”, гэта свята ўсіх небяспамятных, нераўнадушных людзей, якія любяць і шануюць сваю гісторыю, сваю родную зямлю. І нам хацелася хаця б коратка паведаць усім, хто мала ведае гісторыю Жыткаўшчыны, пра наш сінявокі край, каб ведалі і любілі яго. Нагода, згадзіцеся, вельмі і вельмі важная…


На пачатку станаўлення


Старыя людзі памятаюць: нялёгкае было жыццё ў пачатку 30-х гадоў ХХ стагоддзя. Усё атрымлівалі людзі ад зямлі. Бо Жыткавіцкі раён — выключна земляробчы. У раёне налічвалася 3988 аднаасобных гаспадарак. Саха і драўляная барана займалі галоўнае месца сярод прылад працы хлебароба. Ураджаі былі нізкімі. Зямля ў асноўным супясчаная, неўрадлівая, патрабуе многа ўгнаенняў. Людзі бедныя, жывёлы мала, саматужных промыслаў амаль няма. Амаль так, як у Ляхавіцкім сельсавеце, было паўсюль: “Уся зямельная плошча сельсавета выглядае групай астравоў, якія параслі лесам і былі абкружаны з ўсіх бакоў балотамі. На гэтых астравах было па 3-5 дзесяцін ворыўнай зямлі. Вясною і ў дажджлівы час года вялікія прасторы пераўтвараліся ў суцэльнае мора, па якім, рызыкуючы жыццём, дабіраўся селянін да сваіх пасеваў…” Гэта – непрыдуманыя радкі. Гэта афіцыйнае паведамленне кіраўніцтва райвыканкома за 1925 год у абласную сталіцу, у Мазыр.


Мала чым вызначаліся ад вялікага сяла на той час і Жыткавічы. Асноўная занятасць насельніцтва — няўдзячнае земляробства на сваіх кавалках зямлі. Крыху лепш жылося рабочым былога лесазавода Бермана. Але ў мястэчка была, у параўнанні з далёкімі адсюль вёскамі, самая сапраўдная сувязь са светам — выгадна праз яго пралегла чыгунка.


Аднак новае жыццё як магутная рака ўваходзіла ў сацыялістычнае рэчышча, і ў гэтым палескім кутку пасля цяжкіх гадоў грамадзянскай вайны і замежнай інтэрвенцыі ўсё пачало змяняцца да лепшага.


Пасля Рыжскага дагавора ў 1922 годзе, як вядома, Жыткавiцкая воласць стала пагранiчнай: у райцэнтры размясцiўся штаб 18-га пагранiчнага атрада пад камандаваннем А. Кавалёва. Гранiца праходзiла ў 15 кiламетрах ад Жыткавiч, па рацэ Случ. Гэта, безумоўна, наклала адбітак на развіццё мястэчка і раёна.


У снежнi 1921 года ў Жыткавiчах адкрыта першая хата-чытальня, працаваў фельчарскi пункт. Хутка адкрываецца дзве школы, у тым лiку — 7-гадовая яўрэйская, клуб. Адкрыта па рашэнню Мазырскага павятовага аддзела аховы здароўя Жыткавiцкая ўчастковая бальнiца. У райцэнтры былi тры прыватныя крамы. Працавалi лесапiльны завод, маслабойня, сукнавалка, крупадзёрка, 2 смалакурнi, некалькi млыноў i ваўначосак, было шмат шаўцоў i краўцоў. На 1924 год мелася 2,9 тысячы жыхароў. Пачалі адкрывацца і ў раёне хаты-чытальні, школы. Людзі цягнуліся да асветы.


У студзенi 1924 года ў Жыткавiчах быў устаноўлены помнiк У.I. Ленiну — першы на Гомельшчыне. Ен размяшчаўся каля штаба пагранiчнага атрада па вулiцы Фрунзе. У гады Вялiкай Айчыннай вайны нямецка-фашысцкiя захопнiкi разбурылi помнiк.


У 1924 годзе ў Жыткавiчах адкрыўся першы кааператыўны магазiн, а ў 1926 годзе створана раённае спажывецкае таварыства. Працаваў народны дом i масавая бiблiятэка. Праз сельскагаспадарчую кааперацыю, камітэты сялянскай грамадскай узаемадапамогі, машына-пракатныя пункты і іншыя кааператыўныя арганізацыі аказвалася дапамога беднаце і сераднякам у ачыстцы і набыцці гатунковага насення, інвентару і ўгнаенняў. Пачалі выдавацца крэдыты і ўстанаўлівацца падатковыя льготы. У раёне функцыяніравала 2 сельскагаспадарчыя кааператыўныя таварыства і 2 сельскагаспадарча-крэдытныя таварыствы. За 1928 год сяляне раёна атрымалі ад дзяржавы 27 427 руб. крэдыту. У раён было завезена 32 тоны штучных угнаенняў. Для асушэння балот было створана 8 меліярацыйных таварыстваў…


Гары, лямпачка Ільіча!


Першыя электрычныя лямпачкі ў Жыткавічах з’явіліся дзякуючы згаданаму Берману. На лесапільным заводзе яшчэ ў 1912 годзе была ўсталявана тэхніка самай найноўшай канструкцыі. Пасля там жа была ўсталявана магутная паравая машына і набыты электрагенератары. Аднак атрымаць электрычнасць памешчык не паспеў — у кастрычніку 1917 года завод Бермана быў нацыяналізаваны. На яго базе пасля быў створаны камбінат па перапрацоўцы драўніны “Чырвоны памежнік”. Толькі ў 1925 годдзе на прадпрыемстве запрацаваў лакамабіль, які спачатку пачаў забяспечваць вытворчасць, а на працягу наступных двух гадоў электрычнасць з’явілася ў раённым цэнтры, і паступова святло падавалася ў найблізкія вёскі.


З гэтага перыяду будуюцца электрасеткі планава. У 1930-м годзе арганізаваны Жыткавіцкі райпрамкамбінат. На раённым з’ездзе Саветаў у 1931 годдзе перад ім былі пастаўлены вялікія задачы. Сярод іх з’езд прапанаваў прыняць энергічныя крокі па тэхнічным пераабсталяванні райпрамкамбіната, у першую чаргу па набыцці больш магутнай сілавой устаноўкі, пераабсталяванні існуючай электрастанцыі, павелічэнні электрычнай магістралі, павелічэнні выпрацоўкі электрычнай энергіі; патрабавалася знайсці сродкі ў бюджэце для ўсталявання не меней трох дынама-машына з мэтай электрыфікацыі Пухавіцкага, Браніслаўскага і Бялёўскага сельскіх Саветаў. На 1 студзеня 1933 года і да Вялікай Айчыннай вайны на тэрыторыі сённяшняга раёна існавала тры электрастанцыі: Жыткавіцкая (60 квт), пры лесазаводзе “Пасталы” (40 квт), Тураўская (75 квт). Усе электрастанцыі практычна былі разбураныя ў гады Вялікай Айчыннай вайны.


У пасляваенны перыяд адноўлена некалькі электрастанцый на невялікіх прамысловых прадпрыемствах мясцовай прамысловасці, райпрамкамбінат аднавіў працу лакамабіля з генератарам невялікай магутнасці. Але карэнны пералом у энергазабеспячэнні спажыўцоў адбыўся роўна праз 10 гадоў пасля цяжкага выпрабавання, якое выпала на лёс нашага народа — пасля вайны эканоміка аднаўлялася вельмі цяжка…


Па сведчанні ветэранаў-энергетыкаў Аляксея Піліпавіча Ярмаша, Сяргея Аляксандравіча Мацкевіча, Уладзіміра Дарафеевіча Масла, Міхася Барана, Рыгора Маркавіча Бязносіка, а таксама звестак, якія захаваліся па дадзеных запісаў у працоўных кніжках, вядома, што пачаткам дзяржаўнай электрыфікацыі Жыткавіцкага раёна з’яўляецца менавіта 1955 год, а дакладна 5 лютага 1955 года. Менавіта ў гэты дзень Жыткавіцкі райпрамкамбінат перадаў арганізаванаму самастойнаму прадпрыемству — Жыткавіцкай электрастанцыі — лакамабіль з генератарам магутнасцю 75 квт. Кіраўніком электрастанцыі быў прызначаны Гітэльман, станцыя напрамую падпарадкоўвалася абласному энергетычнаму ўпраўленню. Тады ж былi перададзены ў эксплуатацыю электрасеткі даўжынёй каля 8 км. Электрыфiкаваны вулiцы Маркса, Чкалава, Ленiна, Энгельса, Фрунзе, Дзяржынскага, Свярдлова, часткова Камсамольская. Праз 12 гадоў, у 1967 годзе, была поўнасцю закончана электрыфiкацыя ў раёне.


У 1959 годзе на базе Жыткавiцкага райпрамкамбiната, якi адлiчваў сваю бiяграфiю з 1930 года, быў створаны раённы камбiнат бытавога абслугоўвання…


Сувязь з цэнтрам ёсць!


У 1927 годзе ў райцэнтры быў пабудаваны радыёвузел i ўстаноўлены радыёкропкi ў жылых дамах. 15 чэрвеня 1931 года адзначана выдатнай падзеяй – тэлефанаваны ўсе сельскія Саветы Жыткавіцкага раёна.


Пачатак 30-х гадоў адметны масавай калектывiзацыяй: нават на кожнай вялiкай вулiцы райцэнтра быў арганiзаваны калгас, якiя потым аб’ядноўвалiся (“Бальшавiк”, “Пралетарый”, iмя Будзёнага…) Практычна ў кожным населеным пункце раёна з’явіліся калектыўныя гаспадаркі.


У 1931 годзе створана раённая машынна-трактарная станцыя (у гэтым жа годзе мела 16 трактароў), адкрыта раённая школа, у якой рыхтавалi бухгалтараў, рахункаводаў i iншых калгасных спецыялiстаў. У 1933 годзе працавалi Дом сацыялiстычнай культуры, хата-чытальня, амбулаторыя, бальнiца, пры машынна-трактарнай станцыi арганiзаваны курсы па падрыхтоўцы трактарыстаў i вадзiцеляў аўтамашын. У 1935 годзе на вулiцы Савецкай была пабудавана новая трохпавярховая цагляная сярэдняя школа, а на вулiцы Карла Маркса працавала сямiгадовая яўрэйская. Яна праiснавала да 1938 года, потым была аб’яднана з сярэдняй.


Указам Прэзiдыума Вярхоўнага Савета БССР ад 27 верасня 1938 года Жыткавiчы аднесены да пасяленняў гарадскога тыпу, тут пражывала 4,3 тысячы чалавек. Але мiрная, стваральная праца была спынена гiтлераўскiм нашэсцем.


Праз гады выпрабаванняў


У лiпенi 1941 года Жыткавiчы акупiраваны нямецка-фашысцкiмi захопнiкамi. 17 лiпеня група пагранiчнiкаў 18 пагранiчнага атрада пад камандаваннем камандзiра кавалерыйскага эскадрона маёра Галаўко П.В. уступiла ў няроўны бой з немцамi каля вёскi Заброддзе. У гэтым баi камандзiр i каля 40 пагранiчнiкаў загiнулi.


Жыхары Жыткаўшчыны не прынялi “новых парадкаў”. У раёне Жыткавiч у пачатку вайны вяла жорсткiя абарончыя баi з захопнiкамi 75-я стралковая дывiзiя. Супраць акупантаў у гарадскiм пасёлку дзейнiчала патрыятычная група пад кiраўнiцтвам Л.С. Галавача. Члены групы: М.I. Iвашкевiч (расстраляны ў 1943 годзе), М.П. Саўчык (загiнуў у 1944 годзе). Падпольшчыкi распаўсюджвалi лiстоўкi, збiралi звесткi для партызан.


На тэрыторыi горада ў гэты час дзейнiчала яшчэ адна падпольна-патрыятычная група, якой кiраваў Гараў Ермалай Яўхiмавiч, якi да вайны працаваў ляснiчым Юркевiцкага ляснiцтва. У падпольную арганiзацыю ўваходзiлi I. Гораў, М.П. Корж, Е.Е. Гарбуз, М.Г. Ярмош, В.П. Ярмош, Р.М. Кароўчанка, А.М. Купрацэвiч. Група ўстанавiла сувязь з партызанскiм атрадам Р.М. Лiнькова, вядомага ў народзе як Баця, а таксама з Казацкай сотняй, якую фашысты сфармiравалi з лiку савецкiх палонных для аховы чыгункi. Планавалася пры падтрымцы Казацкай сотнi зрабiць нападзенне на нямецкую жандармерыю ў райцэнтры i разграмiць яе. Але гестапаўцам удалося напасцi на след падпольнай групы i арыштаваць кiраўнiка i яго сына: Е. Гораў i I. Гораў былi расстраляны 9 лiстапада 1942 года. Астатнiя члены групы i камандзiр Казацкай сотнi пайшлi ў партызаны.


У гады вайны гэтай групе ўдалося падарваць паравознае дэпо, паралiзаваць на некалькi дзён рух ваенных эшалонаў па чыгуначнай станцыi, члены групы дастаўлялi партызанам звесткi аб’ дыслакацыi нямецкага гарнiзона, руху эшалонаў на ўсход…


На тэрыторыi раёна ў час вайны дзейнiчала 6 партызанскiх атрадаў, аб’яднаных у 50-ю партызанскую брыгаду (камандзiр У.I. Гушчэня, камiсар У.М. Дзербан), Украiнскае злучэнне С. Каўпака, падпольныя райкомы КП(б)Б i ЛКСМБ.


Людзi не скарылiся захопнiкам, абаранялi сваю незалежнасць, нягледзячы на тое, што каштавала гэта дорага — плацiлi ўласным жыццём. За гады вайны нямецка-фашысцкiя захопнiкi знiшчылi ў раёне больш 10 тысяч чалавек, 1200 чалавек выгнана ў рабства… 5 ліпеня 1944 года вызвалены гарадскі пасёлак Тураў – на той час і да 1961 года – цэнтр Тураўскага раёна. 6 лiпеня 1944 года часцi 55-й Мазырскай стралковай дэвiзii 61-й армii 1-га Беларускага фронта (камандзiр — палкоўнiк К.М. Андрусенка) вызвалiлi Жыткавiчы.


Iмёны арганiзатараў партызанскага руху, воiнаў-вызвалiцеляў, многiх палескiх партызанаў увекавечаны назаўсёды ў назвах вулiц раённага цэнтра, населеных пунктаў раёна. 3 ліпеня 2009 года, у дзень 65-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопінікаў, у Жыткавічах ва ўрачыстай абстаноўцы ў Жыткавічах адкрыты помнік вызваліцелям – аб подзвігу артылерыстаў праз гады людзям будзе нагадваць пушка…


Адраджайся, краіна!


Здавалася б, дзесяцiгоддзяў будзе мала, каб усё аднавiць, пабудаваць нанава. Але разбуранай ушчэнт Беларусi дапамагала ўся вялiкая краiна — СССР. I Жыткавiчы, як i iншыя пасёлкi, гарады рэспублiкi, нанава адбудавалiся.


За пасляваенныя дзесяцiгоддзi раённы цэнтр Жыткавічы прыкметна змянiўся: вулiцы райцэнтра пралеглi ва ўсiх напрамках ад чыгуначнай станцыi. Аформiўся яго грамадскi цэнтр: тут знаходзяцца сучасныя прыгожыя будынкi раённага выканаўчага камiтэта, былога райкама партыi (сёння там размяшчаецца шэраг грамадскiх арганiзацый), раённага Дома культуры, кiнатэатра “Узыход”, унiвермага, цэнтральнай бiблiятэкi, iншых адмiнiстрацыйных, гаспадарчых, бытавых устаноў. Растуць новыя мiкрараёны (iх сёння ў Жыткавiчах 5), з’яўляюцца новыя вулiцы (сёння налiчваецца больш за 110 вулiц i завулкаў). Паўночна-усходняя частка горада адведзена пад iндывiдуальнае будаўнiцтва. Катэджавая забудова надае гэтаму раёну асаблiвую прыгажосць…


Развіваліся і населеныя пункты раёна, асабліва буйныя цэнтры гаспадарак. Актыўна вялося будаўніцтва жылля, сацыяльных аб’ектаў – школ, устаноў аховы здароўя, культуры.


Ад гарадскога пасёлка – да статуса горада


Сучасныя межы раён набыў у 1962 годзе, калі праводзілася аб’яднанне раёнаў і абласцей. У тым жа годзе да раёна была далучана большая частка Тураўскага раёна з г.п. Тураў ( адзін з самых старажытных гарадоў Беларусі, у ХІІ-ХІІІ стагоддзях – сталіца Тураўскага княства).


19 лiстапада 1971 года гарадскi пасёлак Жыткавiчы атрымаў статус горада раённага падпарадкавання: ён прыкметна змяняецца, пераўтвараецца ў буйны прамысловы i культурны цэнтр з развiтай сацыяльнай iнфраструктурай. Становiцца большым, так бы мовiць, дынамiчнейшым. Але застаецца i ранейшым — сцiплым, адметным i запамiнальным (цяпер у горадзе пражывае 16,7 тысячы чалавек).


Дзякуючы ўвазе кіраўніцтва дзяржавы незаслужана забыты раней старажытны Тураў (крыху больш 3 тысяч жыхароў) атрымлівае статус горада і гісторыка-культурнай каштоўнасці Беларусі, тут ладзяцца Дні беларускага пісьменства, фестывалі камернай музыкі, а сёлета ўпершыню прайшоў фестываль птушак — вядомасць Тураўскага поплава дасягнула еўрапейскіх краін…


Позірк у заўтрашні дзень


Наш раён спецыялізуецца ў сельскай гаспадарцы на вытворчасці малака, мяса, збожжа, бульбы. Жыткавіцкі раён багаты воднымі рэсурсамі, два рыбгасы: “Белае” і “Чырвоная Зорка” радуюць сваёй выдатнай рыбнай прадукцыяй Беларусь. У пасёлку Чырвонае стабільна працуе вядучы ў краіне ААТ “Жыткавіцкі торфабрыкетны завод”. Раён ганарыцца працоўнымі поспехамі Жыткавіцкага маторабудаўнічага завода, ААТ “Жыткавічлес”, Жыткавіцкага лясгаса, ААТ “Тураў”. Сусветны крызіс негатыўна адбіваецца сёння на выніках працы, але палешукі не апускаюць рукі…


Маюць станоўчыя вынікі ў працы Жыткавіцкае спажывецкае таварыства, будаўнічыя арганізацыі. На Жыткаўшчыне актыўна будуецца жыллё, аб’екты сацыяльнага прызначэння. Толькі за 2008 год пабудавана жылля для маладых сем’яў 7075,5 м2, 1178 м2 здадзена ў першым квартале бягучага года.Выдатна працуе прыватны сектар эканомікі. Так, прыватнае прамысловае прадпрыемства “Сатурн-1”—прызнаны лідар у вобласці і рэспубліцы.


У раёне створаны ўсе ўмовы для адукацыі і выхавання, заняткаў спортам дзяцей, падлеткаў, моладзі. Толькі ўстаноў культуры сёння ў раёне 61, бібліятэчная сістэма ўключае ў сябе 53 філіялы. Працуе тураўскі краязнаўчы музей. 34 народныя калектывы мастацкай самадзейнасці маюць званне “народнага” і 1 — “узорны”. Для арганізацыі фізкультурна-аздараўленчай работы маецца ў раёне больш 150 спартыўных збудаванняў. Адукацыйныя патрэбы забяспечваюць: 1 гімназія, 13 сярэдніх агульнаадукацыйных школ, 8 вучэбна-педагагічных комплексаў дзіцячы сад-сярэдняя школа, 13 дашкольных устаноў, два дамы дзіцячай творчасці, ВНК, цэнтр карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі, сацыяльна-педагагічны цэнтр, 1 дзіцячы сад на даму, 2 дзіцячыя дамы сямейнага тыпу. Шырока развіта медыцынскае і бытавое абслугоўванне насельніцтва.


На тэрыторыі раёна дзейнічае 21 структурнае падраздзяленне рэспубліканскіх грамадскіх арганізацый і аб’яднанняў, у міры і згодзе жывуць прадстаўнікі больш 18 нацыянальнасцяў, афіцыйна зарэгістраваны і ажыццяўляюць сваю дзейнасць 28 рэлігійных арганізацый.


Ці ёсць яшчэ на Гомельшчыне мясціна, дзе б гэтулькі было рэчак і азёр, дзе б пад лесам было занята ля шасцідзесяці працэнтаў тэрыторыі? Здаецца, што менавіта пра Жыткаўшчыну некалі сказаў паэт: “Край легенд, адвечных песень-казак, край паэм — бальзам жывых крыніц”. Што ні кажыце, а ў наш палескі куточак самы прыгожы!


Ганарыся, родны край, выбітнымі сынамі й дочкамі!


Жыткаўшчына — маленькая радзiма вядомых людзей, хто сваёй дзейнасцю праславiў сваю родную зямлю. Мы ганарымся тым, што тут, у палескай глыбiнцы, выхоўваўся беларускi майстар слова Віктар Казько(дзіцячы дом, в. Вільча), рос і вучыўся Мікола Гамолка (в.Найда; закончыў СШ №1 г. Жыткавічы), тут нарадзіліся беларускi савецкi крытык i лiтаратуразнаўца У.I. Агiевiч (ураджэнец в. Пухавiчы), пiсьменнiк, лiтаратуразнаўца Н.С. Перкiн (нарадзiўся ў м. Тураў), акадэмiк Ф.А. Лахвiч (з Грабава), прафесар У.Д. Сядзельнiк (з Запясочча), прафесар М.У. Богдан (з Хваенска), беларускi паэт П.М. Шруб (з Хiльчыц), мастак М.П. Андык ( з в. Перароў), прафесар Аляксандр Алпееў (з Найды), паэтэса, кандыдат фiлалагiчных навук Г.М. Дашкевiч (з Малешава), паэтэса Н. Рунь (з Вятчын), кампазітар, музыкант А. Сацура (Тураў)… У нашым райцэнтры нарадзiліся вядомы беларускi кампазiтар Уладзiмiр Буднiк, самабытная мастачка Наталля Чарнагалова, прафесар медыцыны Мiкалай Кацубiнскi, прафесар Харкаўскага НДI машынабудавання Iсак Маўшовiч, майстар спорту па гiравому спорту, прызёр Кубка СССР, чэмпiяната свету, дзесяцiразовы чэмпiён Рэспублiкi Беларусь, трэнер раённай ДЮСШ “Матор” Сяргей Юзюк, доктар бiялагiчных навук, лаўрэат Дзяржаўнай прэмii Рэспублiкi Беларусь А.У. Фралоў, палiтычны дзеяч М.Ф. Дамашкевiч, вядомы журналiст, першы галоўны рэдактар “Вячэрняга Гомеля”, цяпер галоўны рэдактар газеты “Наша Прысталічча” М.Ф. Хiльман, майстар спорту СССР, экс-чэмпiён СССР В.Д. Акiмаў, майстар спорту па акадэмiчнаму веславанню, чэмпiёнка СССР, цяпер настаўніца САШ №3 райцэнтра Т. Салко, кандыдат фiзiчных навук I. Харсава, дэкан матэматычнага факультэта ГГУ А.В. Лубачкiн, артыст Гомельскай фiлармонii В.С. Лiфанаў…


Чэмпіёнаў свету і майстроў гіравога спорту выхавала Жыткавіцкая ДЮСШ “Матор” — на нашай зямлі гэты від спорту нечакана атрымаў такую вялікую папулярнасць, нават штогод праводзяцца міжнародныя турніры.


На жаль, усіх выбітных сыноў і дачок Жыткаўшчыны назваць немагчыма — шмат таленавiтых людзей, як бачым, узгадавала наша зямля. І яна працягвае нараджаць новыя таленты.


Людзі высокага гарту


Жыткаўчане не забываюць тых, хто са зброяй у руках адстойваў незалежнасць Айчыны. Памятаюць подзвіг, які здзейсніў у час вайны з мілітарысцкай Японіяй Герой Савецкага Саюза В.А. Кот. А гаворачы пра тых, хто ўрабляў, упрыгожваў нашу зямлю, людзі заўсёды згадваюць пра калгасніка калгаса “1 Мая” Аляксея Міронавіча Тачылу, Героя Сацыялістычнай Працы, чалавека высокага сумлення. Ен меў гонар быць дэлегатам ХХVIII з’езда КПСС, выбіраўся членам бюро райкома партыі. І тым не менш заўсёды вызначаўся сціпласцю, тактоўнасцю. Такімі ж якасцямі вызначалася ўсё жыццё, а яшчэ незвычайным працалюбствам Герой Сацыялістычнай Працы С.I. Марусiч. Не забытыя і сёння імёны Герояў Сацыялiстычнай Працы — М.С. Iсаевай, М.В. Рудэнкі, шматлiкiх заслужаных работнiкаў рэспублiкi. Жыткаўчане ганарацца працоўнымi набыткамi, поспехамi роднага жыткавіцкага краю.


Жыткаўшчына памятае 14 сваіх сыноў, якія ў васемнаццаці-дваццацігадовым узросце былі накіраваны на вайну ў далёкі Афганістан і загінулі, яна памятае сваіх сыноў, што не вярнуліся з іншых “гарачых” кропак. І дзякаваць Богу, што нашы сыны больш не гінуць зараз у сусветных канфліктах.


Дзіва дый толькі!


Есць на Жыткаўшчыне, за нейкія два дзесяткі кіламетраў ад раённага цэнтра, невялікая вёска, з простай, па-сапраўднаму беларускай назвай — Сяменча. Спрадвеку тут людзі ўраблялі не заўсёды ўдзячную на ўраджай балотніцу-зямлю. Расцілі хлеб (ці не ад роду заняткаў — сеяць, семя, мабыць, і вёску так назвалі — Сяменча. Цяпер, канешне, паходжанне назвы ніхто дакладна не растлумачыць — магчыма, што і Сямёнаў было некалькі сярод першапасяленцаў!), лавілі рыбу (недалёка ж самае вялікае на Гомельшчыне Князь-возера), хадзілі на паляванне, бо побач быў вячысты прыгожы бор. Стагоддзямі нечапаная прырода беражліва як сімвал, сэнс жыцця чалавека перадавалася тутэйшымі людзьмі з пакалення ў пакаленне, разам з традыцыямі, легендамі і паданнямі, трывогамі і надзеямі. Мінулае ХХ стагоддзе з’інакшыла жыццё тутэйшага люду — у гэтых мясцінах прайшла меліярацыя, а на асушаных балотах, як прынята было казаць афіцыйнай мовай, акультураных землях, было створана буйное дзяржаўнае сельгаспрадпрыемства з традыцыйнай назвай для савецкага часу — “Чырвоны Бор”. Вялікія некалі ставіліся задачы па развіццю жывёлагадоўлі і раслінаводства ў гэтых мясцінах, аднак не ўсім з іх суджана было збыцца. Да сумнавядомай перабудовы для новага жыцця (думалася ж, што яно будзе толькі светлым!) зроблена ў гэтым куточку нямала: на ўскраінах вёскі вырас новы пасёлак, заасфальтаваліся былыя сцежкі-дарожкі, дзе стагоддзямі хадзілі басанож ці ў лапцях, абсалютна змяніўся ўклад жыцця. Прыйшлі новыя традыцыі. Ды не ўсе прыжыліся, засталіся.


Да гонару і на шчасце сяменчанцаў, захавалі яны ў нейкай ступені духоўную аўру старой вёскі, якую дагэтуль падтрымліваюць пажылыя яе носьбіты, аматары аўтэнтычнага фальклору. Але ж зышлі ў небыццё за непатрэбнасцю традыцыйныя мясцовыя рамёствы, якіх тут, як і паўсюль, было шмат (ці ж толькі ў Сяменчы, амаль паўсюдна новыя людзі ў новае жыццё многае з дзедавага розуму з сабой не ўзялі. І як пацвярджаюць дзесяцігоддзі — дарэмна! Усё, прайшоўшы праз найноўшыя варыяцыі, вяртаецца “на кругі свая” — патроху вяртаецца забытае, бо ў ім была і будзе яшчэ патрэба, і многаму сучаснаму вяскоўцу, што хоча жыць добра, трэба навучыцца з таго, што згублена за мінулыя дзесяцігоддзі).


Нягледзячы на доўгае і рашучае наступленне чалавека на прыроду, усё ж засталіся і тут, у “сэрцы” меліярацыі, зусім некранутыя маляўнічыя куточкі. Іх хапіла, каб цудоўнае прыроднае асяроддзе абудзіла ў людзей імкненне да прыгажосці, натхніла на творчую працу. Не выпадкова, відаць, менавіта тут, дзе некалі было ўсяго многа — і балот, і багатых бароў, і адметных традыцый — апошнія гады паціху адраджаюцца рамёствы, і асабліва шырокую вядомасць, папулярнасць набывае разьба па дрэву.


Вядома, само па сабе нічога не ўзнікае, абавязкова з чыйгосьці прыкладу пачынаецца цікавасць да пэўнага занятку. Гэта заканамернасць. Калі ж вы спытаеце ў любога хлапчаняці ў Сяменчы — хто ўпершыню на вёсцы захапіў многіх мясцовых мужчын і хлапцоў заняткамі разьбы па дрэве? — то адказ будзе стопрацэнтна адзін. Гэта — Аляксандр Масла.


Так, той самы Аляксандр Масла! Самабытны майстар, таленавіты творца, пра залатыя рукі якога ведаюць цяпер не толькі жыткаўчане, але і ва ўсёй Беларусі. Ен — удзельнік і пераможца многіх фестываляў, выстаў народнай творчасці. Майстэрня вядомага разьбяра стала сапраўдным месцам “паломніцтва” для людзей нераўнадушных, неабыякавых. Сюды ідуць і едуць павучыцца як чараваць над дрэвам. А такія творы, як, напрыклад, драўляная скульптура пры ўездзе ў горад Жыткавічы, сталі ў поўным сэнсе сімвалам часу, своеасаблівай “візітоўкай” нашага палескага кутка.


А колькі ж такіх “візітовак” выйшла з-пад рук таленавітага майстра?! Сотні! Не дзіва, што нашаму паважанаму земляку, выдатнаму палескаму разьбяру ў свой час даверана было стварыць казачную рэзідэнцыю беларускага Дзядулі Мароза ў Нацыянальным парку “Белавежская пушча”. І ён як сапраўдны паляшук, які не можа падвесці, — справіўся з пастаўленай задачай. Вынік ягонай працы: казачнай сядзібай захапляецца сёння ўся Беларусь! Радасна за земляка, які да такога прызнання ішоў не адзін дзесятак гадоў…


А яшчэ мы ганарымся тым, што Аляксандр Масла першы ў раёне стварыў аграэкасядзібу, зразумеўшы, што занятак агратурызмам — справа вельмі перспектыўная. Сёння яго “Згублены рай” карыстаецца папулярнасцю не толькі ў жыхароў Жыткаўшчыны, а сама вёска Сяменча паціху пераўтвараецца ў аграгарадок…


Дзякуй, любімая раёнка!


Першы нумар сваёй раённай газеты працаўнікі прыгранічнай Жыткаўшчыны атрымалі 18 лютага 1931 года. Газета “Прымежны камунар” (за 15 кіламетраў ад Жыткавічаў была граніца з буржуазнай Польшчай) — выходзіла да 1939 года. 18 верасня 1939 года вызвалена Заходняя Беларусь, газета “Прымежны камунар” была перайменавана — стала называцца “Ленінскі шлях”. У гады Вялікай Айчыннай вайны Жыткавіцкі раён быў акупіраваны нямецка-фашысцкімі заваёўнікамі, газета не выходзіла да кастрычніка 1944 года. У пасляваенныя гады газета натхняла працоўных Жыткавіцкага раёна на ўзнаўленне разбуранай фашысцкімі захопнікамі народнай гаспадаркі, гарадскога пасёлка, спаленых вёсак, прапагандавала лепшыя ўзоры працы, цёпла пісала аб людзях.


У красавіку 1962 года, у сувязі з ліквідацыяй Палескай вобласці газета атрымала статус міжраённай, у 1963 годзе — зноў стала раённай.


У газеце за савецкі час выхавана цэлая плеяда прафесійных журналістаў, пісьменнікаў, кіруючых кадраў. Нават цэлыя сямейныя журналісцкія дынастыі выхавала раёнка (пісьменнікі, журналісты В.Лоўгач, М. Лоўгач, В. Лоўгач). З газеты на прафесійны літаратурны шлях ступілі Мікола Гамолка, Васіль Феранц, Галіна Дашкевіч, Павел Шруб, Ніна Аксёнчык, Мікола Клімовіч, Уладзімір Гаўрыловіч.


І зараз газета прадстаўляе свае старонкі прафесійным і пачынаючым аўтарам. З многімі з іх, вядомымі пісьменнікамі, паэтамі Беларусі газета падтрымлівае цёплыя сувязі. У жніўні 2004 года выйшла ў свет кніга “Натхненне” – зборнік твораў мясцовых аўтараў (50 чалавек), якія публікаваліся ў “НП” у пасляваенны і цяперашні час.


Журналісты раёнкі сёння імкнуцца рабіць газету такой, каб яна адпавядала духу часу, паказвала самаадданую працу простага чалавека, духоўную веліч асобы, ускрывала недахопы нашага жыцця. Практычна на любое пытанне нашага чытача, якое паступіла ў рэдакцыю, творчы калектыў імкнецца даць адказ праз публікацыю праблемнага матэрыяла або праз вырашэнне пэўнай праблемы праз дзяржаўныя і недзяржаўныя структуры.


Галоўнае багацце раёна — людзі


Жыткаўшчына — значны культурны цэнтр Палесся, дзе жыве фальклорная традыцыя даўнiны. Жыве i развiваецца — невыпадкова ж, менавiта на жыткавіцкай зямлі пад эгiдай Мiнiстэрства культуры неаднаразова праводзiлiся тэатралiзаваныя святы па абрадавай паэзii палешукоў, а ў старажытным Тураве штогод ладзяцца святы ў гонар асветнiка Кiрылы Тураўскага. Наш край здаўна прыцягвае ўвагу вучоных і фалькларыстаў, гісторыкаў.


Наш край — край цікавых легенд і паданняў. Жамчужынамі Палесся лічацца азёры Чырвонае і Белае. Сінявокая Прыпяць са сваімі прытокамі, вялікія і маленькія рэчкі па-ранейшаму радуюць наша вока. Тут ёсць і запаведныя мясціны ў Нацыянальным парку “Прыпяцкі”, шматлікія заказнікі, помнікі прыроды. Гэта ўсё — НАША ВЯЛІКАЯ СПАДЧЫНА.


Галоўнае багацце раёна — яго людзi, якiя iмкнуцца зрабiць так, каб у сучасным летапiсе роднай Жыткаўшчыны з кожным пражытым днём, з кожным годам павялiчвалася колькасць годных спраў, выдатных працоўных перамог, вытворчых дасягненняў, набыткаў. Тым самым жыхары раёна, нягледзячы ні на што, мацуюць эканомiку раёна, краiны. I сваю ўласную. I таму можна з упэўненасцю заявiць, што Жыткаўшчыну чакае толькі росквіт, яна смела будзе глядзець у будучыню. Сапраўды гэта так: жывуць і працуюць у нашым раёне людзi незвычайныя. Працалюбствам сваiм прыгожыя. Сумленнасцю. Шчырасцю. Добрыя, гордыя, таленавiтыя. А галоўнае — гасцiнныя. Хацелася, каб і моладзь вучылася ў іх гэтаму.


Сёння ў раёне свята


Сёння ў нашым раёне свята — 85-годдзе з дня яго ўтварэння. Думаецца, што яго найперш адзначыць наша старэйшае пакаленне, якое абараняла ад ворагаў, будавала і адбудоўвала, расціла і гадавала, шанавала і берагло нашу зямельку для сваіх дзяцей і унукаў. Як маглі яны — нашы бацькі і дзяды — збераглі, яшчэ больш квітнеючай, — добраўпарадкаванай, эканамічна моцнай, заможнай, духоўна багатай — мы павінны яе зрабіць самі. Сваёй працай, сваім моцным жаданнем, верай, у рэшце-рэшт, чалавечнасцю. Калі паважаем сябе — будзем імкнуцца да гэтага. Калі паважаем сябе, свае карані — значыць, гэта і наша свята, а не проста радавая падзея. Нават калі за сямейным сталом мы проста ўспомнім, як шчыравалі за палачкі нашы дзяды і бацькі ў калгасе, як зламалі хрыбет фашызму, што імкнуўся паставіць на калені амаль увесь свет…


Раёну — восемдзесят пяць. Чалавечае жыццё. А бег часу не спыняецца. Дай Бог нам, маладым, перадаць спадчыну бацькоў і дзядоў — родную зямельку — сваім дзецям больш аздобленай і багацейшай!


У. ПРЫАЗЁРНЫ, С. ВЕЧАРОВЫ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.