Асноўны ўчастак працы

Сёлета жніво ў КСУПе “Дзякавічы” ідзе як ніколі паспяхова за ўсе апошнія гады. Па словах дырэктара гаспадаркі Мікалая Кудзелькі, гэтаму спрыяе тое, што сельгаспрадпрыемству ўдалося значна абнавіць камбайнавы парк.


Абмалот збажыны ў КСУПе вядуць тры экіпажы на новых уборачных машынах вытворчасці “Гомсельмаш”. Дзве з іх атрыманы ў гэтым годзе, адна -– у мінулым. Для камбайнераў і вадзіцеляў, работнікаў тока кіраўніцтва гаспадаркі стварыла ўсе ўмовы для плённай працы. Да таго ж і надвор’е пачало спрыяць мясцовым хлебаробам. І кожны пагодны дзень яны стараюцца выкарыстаць з максімальнай аддачай. Па стану на 10 жніўня збажына на палетках сельгаспрадпрыемства ўбрана і абмалочана на палове плошчаў. Намалочана амаль 700 тон зерня. Ды і ўраджайнасць цяперашняя намнога большая, удвая перавышае леташнюю. Па 23,4 цэнтнера зерня з гектара выходзіць. Асабліва парадавалі насенныя ўчасткі ўраджайнасцю. Тут намалочвалі амаль па трыццаць цэнтнераў.


— Уборка збажыны ў гаспадарцы вядзецца нядрэннымі тэмпамі, — расказвае галоўны эканаміст КСУПа Ганна Краеўская. — За дзень пры добрым надвор’і ўбіраем да 4,5 працэнта плошчаў. Усяго ж у нас зерневымі і зернебабовымі культурамі ў гэтым годзе занята 524 гектары. Думаю, што з уборкай справімся без дапамогі з боку іншых гаспадарак.


Словы спецыяліста падмацоўваюць сваёй працай камбайнеры і вадзіцелі, якія задзейнічаны на адвозцы зерня. Так камбайнавы экіпаж у складзе Канстанціна Жураўлевіча і Вячаслава Купрацэвіча на сваім КЗС-10 намалаціў амаль 300 тон зерня. Крыху менш адпаведна выдалі з бункераў сваіх уборачных машын камбайнавы экіпажы ў складзе Мікалая Вараб’я і Рамана Жураўлевіча, Аляксандра Рагалевіча і Анатоля Чэркаса. На адвозцы зерня з поля на ток вынікова працуюць вадзіцель Мікалай Чэркас, які на аўтамашыне МАЗ перавёз больш 300 тон і механізатар Барыс Чэркас, які на МТЗ-1221 таксама набліжаецца да рубяжу ў тры сотні тон зерня.


Канешне, не абыходзіцца і без праблем. Асабліва непакоіць кіраўніка сельгаспрадпрыемства сушыльная гаспадарка. Старая яна, ды і магутнасцей малавата для перапрацоўкі тых аб’ёмаў, што выдаюць камбайнавыя экіпажы. Бываюць дні, калі з поля на ток дастаўляецца амаль па сотні тон зерня. Таму наладжана кругласутачная работа гэтага важнага звяна збожжаўборачнага канвеера. Дзяжураць тут пастаянна і спецыялісты, і кіраўнік неаднаразова наведваецца. Усё ж без кантролю пры любой рабоце немагчыма. Хаця работнікі зараз на сушыльным комплексе падабраліся нядрэнныя, пільна сочаць за станам абсталявання, аператыўна, калі гэта патрабуецца, выпраўляюць непаладкі. Адным словам, і тут кіпіць праца. У гарачы час жніва на дапамогу дарослым прыйшлі вучні мясцовай школы, якія старанна працуюць на зернетаку. Таму машыны са збожжам на таку доўга не затрымліваюцца, разгружаюцца і назад, у поле.


Разлічваецца сельгаспрадпрыемства і з дзяржавай. На элеватар ужо адпраўлены першыя тоны зерня. Заданне ж па здачы збожжа дзяржаве даведзена да сельгаспрадпрыемстваў у памеры 200 тон.


З настроем працуюць дзякавіцкія хлебаробы, бо каравай сёлета абяцае быць важкім. Як адзначыла Ганна Іванаўна Краеўская, па папярэдніх падліках валавы збор зерня складзе амаль 1300 тон. А гэта значыць, што на высокія заробкі могуць разлічваць усе ўдзельнікі жніва. Умовы аплаты і стымулявання перад пачаткам кампаніі да ўсіх давяла галоўны эканаміст. Пры плённай працы камбайнеры могуць зарабіць за дзень больш чым сто тысяч рублёў. Не прыходзіцца сумнявацца, што паклапаціліся ў гаспадарцы і аб ахове працы, і аб пажарнай бяспецы ўдзельнікаў жніва. Напярэдадні ўсе яны прайшлі адпаведны інструктаж. Думаюць у сельгаспрадпрыемстве і пра будучую сяўбу азімых. Зараз прыкладваюцца намаганні, каб пасеяць у аптымальныя тэрміны азімы рапс. Гэта да 20 жніўня. Плошчы ж пад гэтую культуру сёлета павялічаны, таму працуюць механізатары ў дзве змены. Кіпіць праца на дзякавіцкіх палетках не толькі са збажыной, хаць апошнія зараз з’яўляюцца асноўным участкам працы.


С. БЕЛКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.