Праца на сталёвых магістралях

Прайшло ўжо 123 гады, як праз наш райцэнтр пралегла чыгунка. Гэтая сталёвая магістраль, так бы мовіць, нібы другое жыццё ўдыхнула ў развіццё Жыткавіч. З чыгуначнай станцыі Жыткавічы адгружалі ў тыя далёкія часы розныя грузы, пасажыры адпраўляліся ў такія гарады як Брэст, Бранск, Мазыр і іншыя. З кожным годам чыгунка адыгрывала ўсё большае значэнне ў эканамічным развіцці нашага раёна. Аб чым сведчаць паказчыкі грузаперавозак і пасажырапатоку. Іх павелічэнне вельмі адчувальнае. Возьмем, напрыклад, год сёлетні. Па словах начальніка станцыі Жыткавічы Аляксандра Белянка, з пачатку года на чыгуначнай станцыі загружана 6740 вагонаў рознымі грузамі. Гэта амаль 400 тысяч тон, што ў параўнанні з мінулагоднім аналагічным перыядам на 17 працэнтаў болей. Па чыгунцы для прадпрыемстваў раёна паступіла і было выгружана больш тысячы вагонаў з грузамі, што на 30 працэнтаў больш, чым за такі час летась. Нямала людзей карысталіся чыгуначным транспартам для свайго перамяшчэння. Калектывам станцыі абслужана 48 тысяч чалавек. І гэта за паўгода.


— На жаль, пасажыраў карысталася нашымі паслугамі на 1000 чалавек менш, — гаворыць Аляксандр Іванавіч, — але гэта я звязваю з паляпшэннем узроўню матэрыяльнага дабрабыту насельніцтва. У многіх з’явіліся свае ўласныя аўтамабілі.


Канешне, гэтая невялікая акалічнасць у пэўнай ступені ўсё ж не вельмі станоўча адбіваецца на настроі чыгуначнікаў. Як ні кажы, а канкурэнцыя — рэч не такая прыемная ўжо і траціць кліентаў не хочацца.


Разам з тым, работы ў жыткавіцкіх чыгуначнікаў даволі многа. Калектыў станцыі Жыткавічы цесна працуе са многімі прадпрыемствамі і арганізацыямі раёна. На чыгуначнай станцыі вядзецца пагрузка шчэбню, які здабываецца “Гомельаблдарбуд” у кар’еры ў Глушкавічах. Менавіта з Жыткавіцкай чыгуначнай станцыі гэты будаўнічы матэрыял адпраўляецца вагонамі спажыўцам у многія рэгіёны рэспублікі. Адсюль жа бярэ свой старт да спажыўцоў і торфабрыкет, які вырбляецца на прадпрымстве ў пасёлку Чырвонае. З чыгуначнай станцыі Жыткавічы ажыццяўляюць адпраўку сваіх грузаў і прадукцыі прадпрыемствы лясной галіны ДЛГУ “Жыткавіцкі лясгас” і ААТ “Жыткавічлес”. Праз станцыю паступаюць грузы і для будаўнікоў раёна і сельгаспрадпрыемстваў. Напрыклад, зараз па чыгунцы на элеватар ідуць вагоны з зернем новага ўраджаю. Яго за час уборкі будзе дастаўлена чыгуначным транспартам сорак тысяч тон. Аб’ём даволі значны. Да таго ж па сталёвых магістралях збажына з хлебнай базы будзе адпраўляцца на перапрацоўчыя прадпрыемствы. А гэта таксама пройдзе праз станцыю Жыткавічы. Нездарма кіраўнік структурнага падраздзялення Гомельскага аддзялення Беларускай чыгункі Аляксандр Белянок спадзяецца на далейшае развіццё партнёркіх і дзелавых сувязей з гаспадарчымі структурамі раёна, што ў далейшым яны будуць толькі мацнець, а пры ўзнікненні нейкіх непаразуменняў заўсёды будзе знойдзена кампраміснае рашэнне.


Гэты год аб’яўлены ў краіне Годам роднай зямлі. Чыгуначнікі не засталіся ў баку ад такой высакароднай справы, як добраўпарадкаванне сваіх вытворчых аб’ектаў. У гэтым годзе ўстаноўлена агароджа чыгункі ў раёне будаўнічай пляцоўкі ля гасцініцы. Рыхтуецца праект па замене дзвярэй у зале для пасажыраў на новыя больш сучасныя. Будуць заменены акенцы ў білетных касах з перспектывай падключэння тэрміналаў для продажу білетаў па пласцікавых картах. У планах і рамонт пасажырскіх платформ, будаўніцтва агароджы з паўночнага боку чыгункі. Усё гэта для зручнасці пасажыраў, а таксама іх бяспекі. Ды і прыгажэй стане тэрыторыя.


На працягу гэтага года работнікамі і спецыялістамі станцыі не дапушчана зрываў у працы, выкананы даведзеныя паказчыкі. На цяпершані час працоўны калектыў станцыі па мерках нашага горада немалы. Тут працуе больш ста чалавек розных прафесій: машыністы манеўровага лакаматыва, спецыялісты, якія забяспечваюць работу чыгуначнай аўтаматыкі і сувязі, работнікі білетных кас, таварнай канторы, вагоннікі і іншыя. У многіх з іх вялікі працоўны стаж за плячыма, многія неаднаразова дабіваліся высокіх вытворчых паказчыкаў. Вось і зараз два работнікі станцыі за плённую працу прадстаўлены для ўзнагароджвання Ганаровай граматай і Падзячным лістом райвыканкама. Гэта дзяжурны па станцыі Г.А. Варанцоў і білетны касір М.Б. Жукавец. Па два дзесяцігоддзі гэтыя людзі адпрацавалі на чыгунцы. І заўсёды вызначаліся сумленнымі адносінамі да справы, стараннасцю, паказвалі свой высокі прафесіяналізм. І такіх майстроў справы ў калектыве чыгуначнай станцыі шмат. Аляксандр Іванавіч шчыра віншуе спецыялістаў-чыгуначнікаў з прафесійным святам, жадае калектыву здароўя і новых працоўных здзяйсненняў. Менавіта ад гэтага і залежыць плённая праца на сталёвых магістралях.


Падрыхтаваў С. МІКАЛАЕЎ.


НА ЗДЫМКУ: дзяжурны па станцыі Жыткавічы Генадзь Варанцоў (злева направа), саставіцель цягнікоў, выдатнік Беларускай чыгункі Аляксандр Дзядкоў, аператар ДСП Галіна Табула.


Фота В. КІЖНЕВА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.