Сустрэча школьных сяброў

Тыдзень таму ў райцэнтры адбылася неардынарная падзея, можна нават сказаць, юбілейная. У дзесяты раз сёлета прайшла сустрэча выпускнікоў сярэдніх школ горада Жыткавічы 1945-53 гадоў нараджэння.


Урачыстая частка “Спасаўскай сустрэчы” — менавіта так яе называюць самі выпускнікі — ладзілася цяпер, як і ў мінулыя гады, у вялікай зале раённага Дома культуры. Больш сотні жанчын і мужчын, якія па ўзросце самі сталі бабулямі і дзядулямі (усім ім далёка за пяцьдзесят; многія прыехалі здалёк упершыню, каб пабачыцца на светлае праваслаўнае свята — Яблычны Спас — са сваімі аднакласнікамі) са шчаслівымі ўсмешкамі сустракалі школьных сяброў. Асаблівымі і надзвычай шчымлівымі былі вітанні і абдымкі са сваімі пажылымі настаўнікамі, якія нават і не пазнавалі былых сваіх выхаванцаў і губляліся ад такой увагі. Што ж тут, столькі гадоў прайшло…


І вось на сцэне з’яўляюцца вядучыя свята. Гэта Анатоль Казак і Валянціна Бойка, якія вітаюць тых, хто дагэтуль у сваім сэрцы хавае ўспамін пра самы залаты час у жыцці — пра дзяцінства, якое было цяжкім (такі быў пасляваенны перыяд) і лёгкакрылым, бесклапотным, калі было шчасна і весела, бо гэта былі школьныя гады. З асаблівай цеплынёй і любоўю вядучыя назвалі прыйшоўшых на сустрэчу паважаных настаўнікаў. А змаглі пабыць у гэты вечар са сваімі былымі вучнямі толькі некалькі чалавек. Сярод іх: Галіна Емяльянаўна Давыдзенка, Лідзія Іванаўна Трыбуналава, Вольга Іванаўна Фралова, Аляксандра Паўлаўна Салаўёва, Галіна Сцяпанаўна Ксяндзова. У зале таксама прадстаўнікі органаў улады, кіраўнікі сярэдніх школ №№1 і 2 райцэнтра. Сімвалічна, што сустрэча пачалася музычным помнікам, які землякам пакінуў Уладзімір Буднік (А.Пісанік выканаў песню “Палессе”). Імя кампазітара, дарэчы, згадвалася на ўрачыстым мерапрыемстве неаднаразова, бо сын Жыткавічаў — гонар усёй Беларусі…


А першае слова было прадастаўлена актыўнаму арганізатару сустрэч выпускнікоў і пастаяннаму іх удзельніку, прадпрымальніку з Мінска Феліксу Гітэльману. Ён хораша распавядае пра школьныя гады, адзначае, што кожны год з хваляваннем чакае чарговай жыткавіцкай спасаўскай сустрэчы. Як і да пяцігадовага юбілею, да сёлетняга на яго выдавецкім прадпрыемстве выдадзена невялікая кніга-альбом, падрыхтаваная да друку яшчэ адным нашым земляком В.Феранцам. Як адзначыў Ф.Гітэльман, хоць кніга не пазбаўлена недахопаў, якія трэба выправіць і дапоўніць новым выданнем да пятнаццатай сустрэчы, атрымаўся цікавы аповяд пра цудоўны горад Жыткавічы, пра яго сыноў і дачок, якія дзе б не былі сэрцам і душой разам з ім…


Строгай, справядлівай запамяталася выпускнікам Галіна Емяльянаўна Давыдзенка. Яна з хваляваннем прызналася: ніколі не думала, што сустрэнецца са сваімі вучнямі, калі ім будзе па шэсцьдзесят тры. І вельмі шчаслівая, што кожны год адбываецца такая сустрэча ў родным горадзе…


Шчымлівым было прывітанне са сцэны ўнукаў галоўных герояў вечарыны – ім вядучыя ўручылі памятныя сувеніры. Таксама прывіталі выпускнікоў намеснік старшыні Жыткавіцкага райвыканкама Валерый Рагалевіч і галоўны рэдактар райгазеты Уладзімір Гаўрыловіч. Было прасторна ад цудоўных музыкальных нумароў, якія выканалі А.Вольскі (сола на саксафоне), Г. Лой і інш.


Сёлета першая і другая гарадскія школы адзначаць юбілеі. Сярэдняя школа №2 (раней яна была №1) адзначыць паўстагоддзе, а цяперашняя першая — саракагоддзе. Ад імя выпускнікоў, якія нарадзіліся ў 1945-53 гадах, са сцэны прагучаў зварот да выпускнікоў 2020 года — тым, хто 1 верасня бягучага года пераступіць парогі гэтых школ. Адначасова выпускнікі ўручылі памятныя каштоўныя падарункі — ДVD-прайгравальнікі — у гонар аб такой незабываемай сустрэчы двум гарадскім школам. Дырэктары школ А. Птушко і У.Фіцнер сардэчна падзякавалі выпускнікам за ўвагу да ўстаноў адукацыі райцэнтра.


Са сцэны гучалі ў гэты вечар і шматлікія ўспаміны, прасякнутыя ўдзячнасцю роднаму гораду, настаўнікам, з вуснаў выпускнікоў, якія прыехалі і з Расіі, і з Украіны. “Такога паветра, як у нашых Жыткавічах, няма нідзе!” — прызнаваліся яны са слязамі на вачах. У зале, сярод людзей, якімі ганарыцца Жыткаўшчына, была і таленавітая мастачка Наталля Чарнагалова, якая нядаўна вярнулася з творчай двухмесячнай камандзіроўкі з Велікабрытаніі.


Завяршылася ўрачыстая частка ўручэннем падарункаў і кветак ветэранам педагагічнай працы, выдатным выкананнем песень прафесійных спевакоў В. Ліфанава і Т. Саўчыц і агучаным зваротам ад імя выпускнікоў кіраўніцтву раёна аб прысваенні імя Уладзіміра Будніка Жыткавіцкай дзіцячай музычнай школе. Гэты зварот выклікаў шмат станоўчых эмоцый і апладысменты.


… Шмат успамінаў, радасных хвілін перажылі выпускнікі горада Жыткавічы на другой частцы вечарыны. Раз’язджаліся ўсе са слязамі на вачах, каб зноў сабрацца разам на сваю “Спасаўскую сустрэчу” у наступным годзе. Ад сябе скажам, унікальную ў сваім родзе сустрэчу. Аналагаў яе на тэрыторыі Гомельшчыны не зафіксавана. Таму жыткаўчанам можна ганарыцца, што маюць такую трывалую традыцыю.


У.МІКАЛАЕЎ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.