Хлеб не той, што ў засеках

У кругласутачным рэжыме працуе ў гэтыя дні рэспубліканскае вытворчае хлебапрыёмнае ўнітарнае прадпрыемства “Жыткавіцкая хлебная база”. Усе намаганні калектыва прадпрыемства скіраваны на тое, каб прыняць і пакласці на захоўванне, дапрацаваць зерне новага ўраджаю, якое пастаўляюць гаспадаркі і ў лік дзяржзаказу. Рабочы рытм на хлебнай базе даволі высокі, хаця не так і лёгка яго падтрымліваць, бо хлеб новага ўраджаю з кожным днём усё прыбывае і прыбывае. У чым няцяжка было пераканацца, наведаўшыся на прадпрыемства.


Чарга з дзесятка МАЗаў і КамАЗаў з прычэпамі, гружаных залацістай збажыной, расцягнулася ля прахадной элеватара больш чым на сотні метраў. Па надпісах аб прыналежнасці аўтатранспарта, які прыбыў у Жыткавічы, можна вывучыць геаграфію поўдня нашай краіны. Зерне прывезлі і з Рэчыцкага, і Ельскага, з Петрыкаўскага, з Салігорскага, і з іншых раёнаў Гомельшчыны і Міншчыны. У некага гэта толькі першы рэйс, а нехта ўжо бываў на хлебнай базе неаднаразова. Толькі вадзіцелі падтрымліваюць адзін другога, робяць так, каб прастоі былі найменшымі. Хаця не заўсёды ўдаецца гэта зрабіць. Зерне вязуць самае рознае, а яшчэ яно падзяляецца на харчовае і фуражнае. Калектыву базы патрэбна прыняць кожны від і найменне паасобку, не перамяшаць. Таму бывае, што чаканне і зацягваецца.


Першыя, хто сустракае машыны з зернем на прадпрыемстве, спецыялісты — пробаадборшчыцы мясцовай лабараторыі. Маладыя дзяўчаты і жанчыны хутка і спрытна залазяць у кузавы пад’ехаўшых аўтамашын і бяруць пробы для лабараторных аналізаў, далей справа за лабарантамі, якія вызначаюць вільготнасць прывезенага зерня, натуральную вагу збажыны, і робяць іншыя неабходныя даследаванні. Толькі пасля станоўчага выніку вадзіцель са сваім грузам атрымлівае “зялёнае святло” для праезду на тэрыторыю прадпрыемства. Далей шлях да вагаў, і толькі пасля гэтага машыны кіруюцца на выгрузку. Дарэчы, у вагавой размешчаны і дыспетчарскі пункт прадпрыемства. Тут прымаюць заяўкі на аўтатранспарт ад гаспадарак раёна.


— Наколькі актыўна прадаюць зерне новага ўраджаю сельгаспрадпрыемствы Жыткаўшчыны? — пытаюся ў дырэктара хлебнай базы Васіля Бабруйкі.


— Збожжа ад нашых сельгаспрадпрыемстваў паступае штодзённа, — адказвае Васіль Пятровіч, — амаль чатыры тысячы тон пастаўлена зерня Жыткавіцкімі хлебаробамі. Гэта прыкладна 70 працэнтаў да даведзенага задання.


— А колькі вашым прадпрыемствам запланіравана прыняць хлеба? – задаю чарговае пытанне кіраўніку.


— Мяркуем, што да нас на захоўванне паступіць 50000 тон зерня, — гаворыць Васіль Пятровіч. — Больш 30000 тон ужо засыпана ў ёмістасці для захоўвання. Усяго ж зараз на базе з улікам прынятай збажыны ўраджаю мінулага года маецца больш ста тысяч тон.


На РВХУП “Жыткавіцкая хлебная база” упэўнены, што і сёлетняе заданне па прыёмцы зерня будзе выканана паспяхова.


— Прыкладна паўтары тысячы тон зерня да нас прывозяць штодзённа толькі аўтатранспартам, — расказвае начальнік дыспетчарскай службы Мікалай Сулкоўскі. — Яшчэ да двух тысяч тон пастаўляецца збожжа па чыгунцы.


Няцяжка падлічыць, якая нагрузка кожны дзень кладзецца на плечы працоўнага калектыва Жыткавіцкай хлебнай базы. Бо прыняць зерне — гэта ўсяго паўсправы. Каб пакласці яго на захоўванне, неабходна давесці дла патрэбных кандыцый, акрамя гэтага яшчэ пільна сачыць, як збажына пачувае сябе ў ёмістасцях. За ўсімі гэтымі вытворчымі працэсамі пільна, на высокім прафесійным узроўні сочаць спецыялісты хлебнай базы. Яны нядрэнна, прычым, уласнымі сіламі падрыхтавалі усё тэхнічнае абсталяванне, таму працэс прыёмкі хлеба ідзе без перабояў. Нездарма Васіль Пятровіч Бабруйка, адзначаючы лепшыя рысы свайго калектыва, у першую чаргу назваў яго высокую працаздольнасць і прафесіяналізм. “Людзі ўсе адказныя за свой участак работы, ведаюць сваю справу, на гэтым і асноўваецца наша паспяховая дзейнасць”, — зазначыў Васіль Пятровіч.


Дарэчы, на час прыёмкі зерня новага ўраджаю калектыў базы прырастае новымі кадрамі. У гэтым годзе часовых рабочых тут прынялі на работу больш дваццаці чалавек. Па запэўніванню кіраўніка, колькасны рост калектыва ніколькі не зменшыў яго якаснага складу, бо стаўку пры прыёме новых працаўнікоў рабілі менавіта, зыходзячы са ступені прафесіяналізму і майстэрства тых, каго працаўладкоўвалі.


Несумненна, што вытворчыя задачы зараз на прадпрыемстве знаходзяцца на першым плане. Разам з тым на хлебнай базе клапоцяцца і аб добраўпарадкаванні вытворчай тэрыторыі і многім іншым, што хаця і напрамую не ўплывае на вытворчасць, але яскрава сведчыць аб яе высокім узроўні.


С. БЕЛКА. Фота В. КІЖНЕВА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.