Прыярытэты – Году роднай зямлі

Пяцьдзесят дзве бібліятэкі па-ранейшаму абслугоўваюць на нашай Жыткаўшчыне тых людзей, для якіх кнігі, часопісы і газеты, друкаванае слова застаюцца галоўнымі крыніцамі ведаў, прыгажосці і мудрасці. Многія з гэтых устаноў, а асабліва на перыферыі, перажываюць у апошнія гады нялёгкія часы і пасля вымушанай рэарганізацыі бібліятэчнай сеткі сталі бібліятэкамі-клубамі, ці то клубамі-бібліятэкамі. Так, напрыклад, бібліятэк-клубаў у нашым раёне 7. Значна ўмацавалася матэрыяльная база бібліятэк у аграгарадках, праведзены рамонты, пабелка, афарбоўка.


За 6 месяцаў года цэнтральнай бібліятэчнай сістэмай было абслужана 19023 чытачы, кнігавыдача дасягнула 259830 экземпляраў, наведванне склала 160880 чалавек. Ільвіная доля сярод гэтых паказчыкаў па-ранейшаму прыпадае на Жыткавіцкую раённую бібліятэку — нязменнага флагмана сярод устаноў свайго тыпу.


Праблемы матэрыяльнага, фінансавага характару не маглі не адбіцца адмоўна на абнаўленні фондаў бібліятэк, на паступленні новай літаратуры, часопісаў. У тым ліку і з Расійскай Федэрацыі. Перавага, безумоўна, надаецца кнігам беларускіх дзяржаўных выдавецтваў. Сярод паступаючай літаратуры пераважаюць кнігі энцыклапедычнага, навукова-папулярнага характару. З пачатку бягучага года за выдзеленыя 17,5 мільёна рублёў іх было набыта 2180 экземпляраў. Стабільнай рабоце бібліятэчных устаноў садзейнічае і той фактар, што тут няма свабодных вакансій.


— У межах правядзення мерапрыемстваў да Году роднай зямлі ў бібліятэках нашай сістэмы вялася паслядоўная работа па прапагандзе краязнаўчых матэрыялаў, — падводзіць рысу пад зробленым з пачатку года дырэктар Жыткавіцкай ЦБС Людміла Кронда. — Вялікая ўвага была ўдзелена захаванню і прымнажэнню нацыянальных, духоўных і культурных здабыткаў, гістарычнай спадчыне і прыродных багаццяў краю, самабытных традыцый, на выхаванне моладзі ў духу любові да Айчыны.


У сувязі з гэтым сярод бібліятэк быў аб’яўлены агляд-конкурс “Краіна бацькоў — мой гонар і лёс”, а таксама конкурс творчых работ “Бацькі маіх бацькоў і іх бацькі — хто вы?” Святкаванне Года роднай зямлі супала з 20-годдзем вываду нашых войск з Афганістана, і ў бібліятэках былі праведзены мерапрыемствы ў гонар воінаў-інтэрнацыяналістаў. Не абышлі ўвагай і такую дату як 40-годдзе з дня заснавання нацыянальнага парка “Прыпяцкі”. Так, у Азяранскай сельскай бібліятэцы быў праведзены конкурс літаратурнай творчасці “Мой запаведны куток” і наладжана выстава-гербарый “Лекавыя расліны нацыянальнага парка”, у цэнтральнай бібліятэцы была праведзена інфармацыйная гадзіна “Прыпяцкія вандроўкі”, гутарка ля кніжнай выставы “Месцы запаведныя”, у гарадской бібліятэцы мікрараёна Азерны — эколага-краязнаўчая гульня “Па сцежках Прыпяцкага запаведніка”.


Важнай падзеяй у жыцці нашага краю стала 85-годдзе ўтварэння Жыткавіцкага раёна. У парку імя М. Гамолкі цэнтральнай бібліятэкай сумесна з Тураўскім краязнаўчым музеем была падрыхтавана гісторыка-краязнаўчая кампазіцыя “Старонкі гісторыі роднага краю”, кніжная выстава “Край ад калыскі дарагі”, фотагалерэя знакамітых людзей Жыткаўшчыны “Таленты роднай зямлі”, выстава карцін “Тураўскія краявіды”. У Сяменчанскай сельскай біліятэцы прайшоў краязнаўчы вечар “Мая родная вёска: край — гасцінны і прыгожы”, у Хваенскай — конкурс дзіцячага малюнка “Мой родны край”. Немалая работа ў гэтым накірунку была праведзена таксама ў Тураўскай гарадской, Грычынавіцкай, Любавіцкай, Людзяневіцкай сельскіх бібліятэках.


На працягу года вялася работа па стварэнню інфармацыйных матэрыялаў аб родным краі, складаліся так званыя летапісы вёсак. Значны краязнаўчы матэрыял сабраны ў Людзяневіцкай, Вятчынская, Перароўскай, Дзедаўскай, Хваенскай, Тураўскай бібліятэках.


Памятнай датай для Жыткаўшчыны стаў юбілей нашага земляка, вядомага беларускага кампазітара Уладзіміра Будніка. З гэтай нагоды сумесна з дзіцячай музычнай школай быў падрыхтаваны і праведзены вечар памяці “Я прайдуся па Палессі, як песня”, у цэнтральнай бібліятэцы — музычная гадзіна “І над родным краем звіняць яго песні”, у Азяранскай бібліятэцы адбылося знаёмства “Уладзімір Буднік — наш зямляк”.


Бібліятэкары Жыткаўшчыны актыўна ўключыліся ў падрыхтоўку святкавання 65-й гадавіны вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Была праведзена эстафета памяці “Дакраніся да подзвігу сэрцам”, у рамках якой арганізоўваліся розныя мерапрыемствы: вечары-сустрэчы, урокі мужнасці, акцыі “Дарога да дому ветэрана”, бібліяграфічныя агляды, урокі гісторыі, кніжныя выставы, літаратурна-музычныя кампазіцыі і г.д.


Для арганізацыі свабоднага часу дзяцей і моладзі пры бібліятэках створаны аматарскія аб’яднанні эколага-краязнаўчага і гісторыка-краязнаўчага накірункаў. Так, пры Людзяневіцкай бібліятэцы дзейнічае клуб “Адраджэнне”, на пасяджэннях якога, у прыватнасці, былі праведзены віктарына “Слаўная зямля сыноў сваіх” аб знакамітых людзях раёна, урок мужнасці “Абаронцы Радзімы — мае землякі”. Пры Марохараўскай бібліятэцы створаны клуб “Спадчына”, члены якога прынялі ўдзел ва ўроку памяці “Ваенныя лёсы землякоў — удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны”. Вялікую ўвагу збору мясцовых краязнаўчых матэрыялаў удзяляе клуб “Фалькларыст” пры Дзякавіцкай сельскай бібліятэцы. На яго рахунку — сустрэча са старажыламі вёскі “Праз гады вяртаючыся назад”, віктарына “Гісторыя родных мясцін” і г.д. Удзельнікі клуба “Пралеска” пра Кажановіцкай сельскай бібліятэцы з густам аформілі кніжна-ілюстраваную выставу “Захаваем нашу зямлю блакітнай і зялёнай!”.


Краязнаўчая дзейнасць Жыткавіцкай ЦБС застаецца адным з асноўных накірункаў у рабоце бібліятэк.


С. КУЛАКЕВІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.