Шмат клопатаў на палетках

Гавораць: прыйшла восень, работ восем. Наведаўшы гэтымі днямі КСУП “Коленскае”, пераконваешся ў справядлівасці вышэй прыведзеных слоў.


Практычна кожны палетак, іншыя вытворчыя ўчасткі сустракалі гулам трактароў і аўтамабіляў, іншых працуючых механізмаў і машын. Клопаты мясцовых працаўнікоў зразумелыя — патрэбна не толькі ўбраць вырашчаны ўраджай, але і дбаць пра будучы. Менавіта восенню закладваецца яго падмурак. Сяўбу азімых культур у гаспадарцы неабходна правесці на паўтары тысячах гектараў. Шмат ужо зроблела на азімым кліне, але яшчэ і нямала давядзецца папрацаваць, каб справіцца з даведзеным заданнем. Тым больш што аптымальныя тэрміны сяўбы азімых культур праходзяць. Засеяць толькі на зерне патрэбна больш за сто гектараў. Таму механізатару Віктару Галавачу няма часу на адпачынак. На сваім “Беларусу” ў счэпе з пасяўным агрэгатам старанна шчыруе на палетку, дабіваючыся нядрэннай выпрацоўкі. Механізатар ён вопытны, і добра разумее свае абавязкі, таму імкнецца выконваць сваю работу з высокай якасцю. Плён працы кольненскіх сейбітаў штодзённа складае больш за паўсотні гектараў засеяных плошчаў. Гэты паказчык сведчыць толькі аб адным, што мясцовыя земляробы робяць усё магчымае, каб адсеяцца ў вызначаныя агратэхнічныя тэрміны.


Хапае клопатаў і ў механізатара Мікалая Шапавалава. Заняты ён на копцы бульбы. Плён яго працы — накапаныя амаль пяцьсот тон клубняў “другога хлеба”. І гэты паказчык яшчэ не канчатковы, бо працы на бульбяным палетку хапае. Варта адзначыць, што таварныя клубні гаспадарка паспяхова рэалізуе на восеньскіх кірмашах.


Дарэчы, дапамагае мясцовым працаўнікам капаць бульбу і майстар вытворчага навучання ДПТВ-182 Іван Грыгаровіч. Скажам, гэта не адзіны прадстаўнік вучылішча, які ў такія напружаныя дні прыйшоў на дапамогу сельгаспрадпрыемству. На ўнясенні мінеральных угнаенняў працуе майстар вытворчага навучання Уладзімір Гулюта. І для навучэнцаў ДПТВ таксама маецца нямала работы. Акрамя шэфскай дапамогі, яны праходзяць у гаспадарцы вытворчую практыку, тым самым спасцігаюць азы нялёгкай сялянскай працы.


Паралельна з уборкай бульбы ў КСУПе вядуцца работы па ўборцы цыбулі. На гэтым вытворчым участку працуюць механізатары Станіслаў Козел, Васіль Шакалян і Андрэй Шатуха. Больш за дзвесце шэсцьдзесят тон цыбулі паступіла ўжо з палетка на дапрацоўку і захоўванне.


Кожная гадзіна на вагу золата ў гэтыя нядоўгія вераснёўскія дні і ў корманарыхтоўшчыкаў гаспадаркі. Асноўны клопат у іх — убраць кукурузу. Яе плошча сёлета складае 800 гектараў. 200 з іх будзе ўбірацца на зерне. Першы пробны абмалот паказаў, што ўраджай кукурузнага зерня будзе нядрэнным. А пятнаццаць з паловай тысяч тон кукурузнага сіласу, якія закладзены корманарыхтоўшчыкамі ў траншэі, — паказчык таго, што ў сельгаспрадпрыемстве створана выдатная кармавая база для грамадскай жывёлагадоўлі.


Сумленнай і стараннай працай працаўнікі гаспадаркі забяспечваюць яе эканамічную стабільнасць і асабісты дабрабыт.


С. МІКАЛАЕЎ. Фото В. КІЖНЕВА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.