Узрост добрым справам не перашкода

Нягледзячы на тое, што на новы, 2010 год Лідзіі Фамінічне споўніцца роўна сем дзесяткаў гадоў, застаць яе дома не заўсёды лёгка. Яна — з кагорты тых людзей, пра якіх у вядомай песні спяваецца: “Старость меня дома не застанет, я в дороге, я в пути…” Жыццёвае крэда Лідзіі РАКОВІЧ, бадай-што, можна акрэсліць коратка і вычарпальна: з людзьмі і для людзей. Вось і напярэдадні гэтай публікацыі мы гутарылі з ёю ў службовым кабінеце раённага савета ветэранаў, дзе ў той дзень яна несла дзяжурства з 9 гадзін раніцы і да абеда.


— Нас, членаў прэзідыума, сем чалавек, — распавяла жанчына, — таму дзяжурыць кожнаму прыпадае раз на тыдзень. Мой дзень — чацвер. Вось бачыце, колькі ўжо званкоў паступіла. Ды і заходзяць да нас людзі з самымі рознымі клопатамі. Тут і падзякі, і скаргі, і прапановы. У гэтым кабінеце, як нідзе, адчуваецца гарачы пульс жыцця ветэранскай арганізацыі нашага раёна.


Родам Лідзія Фамінічна з Чачэрскага раёна, хаця большую частку свайго жыцця аддала Жыткаўшчыне. Бацькі яе былі калгаснікамі, таму пасля заканчэння сярэдняй школы яна мела жаданне звязаць свой далейшы лёс з сельскай гаспадаркай. Але родзічы прапанавалі дзяўчыне замяніць сельскую гаспадарку лясной, і яна згадзілася. З 1958 па 1961 гады вучылася ў Полацкім лясным тэхнікуме, а пасля яго заканчэння, згодна размеркавання, была накіравана на работу памочнікам ляснічага Хвойкаўскага лясніцтва. Работа ёй падабалася, лесаводам яна была цікаўным, нераўнадушным, часта даводзілася замяняць як бухгалтара, так і ляснічага, калі тыя былі на вучобе ці ў водпуску.


Хвойкаўскаму лясніцтву Лідзія Фамінічна аддала 13 гадоў стваральнай працы, там і цяпер расце, шуміць яе лес. Тут жа ў 1963 годзе і замуж выйшла. За вадзіцеля калгаснай грузавой машыны Аркадзя Раковіча. Жылі спачатку ў яго бацькоў, а праз год уласны дом пабудавалі. Сям’ю моцную стварылі, у якой вырасла трое дзяцей, усе — хлопцы.


У 1974 годзе пераехалі ў Жыткавічы. Свой дом у Хвойцы прадалі, а ў райцэнтры перасяліліся ў новы. Муж уладкаваўся вадзіцелем у аўтабазу, а яна — у лясгас. Працавала інжынерам-лесамеліяратарам, інжынерам лясных культур, адказвала за тэхніку бяспекі. З 1987 года і да выхаду на пенсію працавала інжынерам лесакарыстання. Яшчэ пяць гадоў, ужо будучы на пенсіі, Лідзія Фамінічна выконвала абавязкі тэхніка-радыёлага. А за гады работы ў лясной гаспадарцы атрымала і вышэйшую адукацыю: у 1981 годзе закончыла Бранскую політэхнічную акадэмію.


Яна заўсёды была ў гушчыні людзей, актыўна прымала ўдзел у грамадскім жыцці, у мастацкай самадзейнасці. Такая, мабыць, нарадзілася. Вось і на пенсіі не можа сядзець без грамадскіх спраў. Ды яно, зрэшты, і не можа быць інакш — з 2001 года Лідзія Фамінічна Раковіч узначальвае ў Жыткавіцкім лясгасе ветэранскую арганізацыю, у якой налічваецца 132 чалавекі, у тым ліку 10 удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны.


— Нашы ветэраны, па вялікаму рахунку, не адчулі на сабе адмоўны ўплыў так званага крызісу, — прызнаецца Л. Раковіч. — І гэта дзякуючы пастаяннай адчувальнай падтрымцы з боку адміністрацыі на чале з дырэктарам Міхаілам Уладзіміравічам Ляўковічам і прафкама, якім кіруе Надзея Іванаўна Шабаева. Немалаважную ролю адыгрывае і той факт, што калектыў мае ўласныя даходы з гаспадарча-разліковай дзейнасці.


Так, ветэраны лясгаса не забыты і не пакрыўджаныя. Хутчэй, наадварот — пакет сацыяльных паслуг тут, як і раней, не парушаны. А гэта значыць, што кожны з іх мае права выпісаць 10 кубічных метраў паліўных дроў па палавіннаму кошту. На 50 працэнтаў датуецца і іх транспарціроўка. Ільготы датычаць і другіх бакоў жыцця лясгасаўскіх ветэранаў вайны і працы. Не забыты хворыя ў бальніцы, штогод усе запрашаюцца на бясплатныя экскурсіі па гарадах Беларусі. У апошнія гады яны наведалі Тураў, Мазыр, Полацк.


— Знаёмства з Мазыром, напрыклад, пачалі з наведвання Свята-Міхайлаўскага кафедральнага сабора, — успамінае старшыня ветэранскай арганізацыі. — Тут мы пабывалі на службе, пасля ў царкоўным музеі, які знаходзіцца ў храме. Музей гэты ўнікальны сваімі экспанатамі, мноства старажытных ікон ручнога роспісу. Ен другі такі пасля музея, што ў Мінскім кафедральным саборы.


Ветэраны лясгаса шчодра дзеляцца з маладымі лесаводамі набытым вопытам, сваёй жыццёвай мудрасцю, даюць ім карысныя парады. Хіба ж мала цікавага могуць расказаць такія людзі як былы дырэктар лясгаса Уладзімір Георгіевіч Кароль, майстар лесу Зінаіда Міхайлаўна Долатцава і многія другія. Есць што сказаць і Лідзіі Фамінічне Раковіч, у душы якой па-ранейшаму, па-маладому гарыць агмень добрых спраў і чалавечага паразумення.


С. КУЛАКЕВІЧ. Фота В. КІЖНЕВА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.