“АЖЫВАЕ” КОМПЛЕКС

Першае малако атрымалі на новым малочнатаварным комплексе ў КСУПе “Чырвоны Бор”. Адбылося гэта напрыканцы тыдня.


Першую дойку правялі аператары машыннага даення Ніна Рагалевіч і Анжэла Кіршун.


Першую чаргу новага вытворчага аб’екта здалі ў эксплуатацыю напачатку бягучага месяца. І адразу ў гаспадарцы пачалі пераводзіць сюды жывёлу. Напачатку гэта было паўсотні цялушак. Праз невялікі час “новае жыллё” атрымалі яшчэ паўтары сотні рагуль. Хутка да іх дабавіліся і дойныя каровы. Падчас наведвання комплексу тут актыўна вяліся падрыхтоўчыя работы да першай дойкі. Хваляваліся і работнікі , і кіраўніцтва, і спецыялісты. Ці ўсё пройдзе паспяхова? Ці запрацуе новае абсталяванне? Ці ўдасца адразу перайсці аператарам машыннага даення і спецыялістам з ім на “ты”? Ці пойдуць у даільныя станкі каровы? Найперш гэтыя і безліч іншых пытанняў турбавалі мясцовых працаўнікоў. Яно зразумела, давядзецца мяняць і падыходы да працы, і ў арганізацыі вытворчых працэсаў. Таму і рыхтаваліся вельмі грунтоўна, уважліва слухалі рэкамендацыі і тлумачэнні спецыялістаў, якія ўстанаўлівалі абсталяванне. Пакуль людзі турбаваліся, як прыступіцца да новага абсталявання, жывёла, што размясцілі на комплексе, ужо паспела ацаніць свае новыя ўмовы “пражывання”. І па іх стану можна меркаваць, што яны рагулям спадабаліся. Прасторныя памяшканні і выгульныя двары, дастатак кармоў, якія кругласутачна ляжаць на кармавым стале, таму жывёла мае да іх свабодны доступ у любы час сутак. Гэтак жа і магчымасць прагуляцца па двары. Замест цвёрдай падлогі у памяшканнях і дварах мяккая саламянная падсцілка. Прычым людзі жывёлу практычна не турбуюць. У вызначаны час раздача кармоў і выдаленне гною праводзіцца механізавана. І робіцца гэта вельмі хутка.


Нядрэнныя ўмовы створаны на комплексе і для жывёлаводаў. Па словах кіраўніка гаспадаркі Сяргея Макарэвіча, засталося толькі абсталяваць належным чынам душавую і пакой для адпачынку жывёлаводам. Не бачыць кіраўнік праблем і з ацяпленнем бытавых і вытворчых памяшканняў. Гэтую функцыю будзе выконваць аўтаномная кацельня на мясцовых відах паліва.


— Пры будаўніцтве комплексу прадугледжана ўсё, каб максімальна прымяняць энергазберагаючыя тэхналогіі, — гаворыць Сяргей Аляксандравіч, — што і прадугледжваецца Дырэктывай нумар тры прэзідэнта. Да таго ж станоўча гэта скажацца і на кошце прадукцыі, што мае немалаважнае значэнне для эканомікі гаспадаркі.


Збудавана на тэрыторыі комплесу і нямала другіх аб’ектаў: сянажныя траншэі, склад для захоўвання канцэнтратаў, сховішчы для сена, пляцоўка для гною, падстанцыя і іншыя — усё гэта таксама будзе спрыяць паспяховай рабоце мясцовых жывёлаводаў.


Той жа камп’ютар, які ўстаноўлены для ўліку надояў ад кароў дапаможа нарошчваць вытворчасць малака, бо па яго базе можна будзе дакладна вызначыць і тэрмін лактацыі жывёліны, і зыходзячы з яе прадуктыўнасці наладзіць кармленне і ўтрыманне. Ды і ўстаноўленае даільнае абсталяванне намнога спрашчае працэс дойкі і павышае яго якасць. І гэты працэс механізаваны, чаму спрыяе даільная ўстаноўка “Елачка” і цудоўны даільны зал. У апошнім, як ужо гаварылася вышэй, давялося пераканацца асабіста. Два аператары машыннага даення імгненна падаілі за два заходы 64 каровы. Ім толькі і заставалася, што памыць вымя і падвесіць апараты, ды націснуць на кнопкі. Усю астатнюю работу робіць аўтаматыка. Нездарма Анжэла Уладзіміраўна і Ніна Віктараўна пасля дойкі далі самыя добрыя водгукі аб будучых умовах сваёй працы.


— Ні ў якае параўнанне нельга паставіць тыя ўмовы працы, калі даілі ў бачкі, з цяперашнімі, — гаварылі аператары. — Гэта ж і лягчэй намнога, і святло кругом, і бачыш, колькі якая карова малака дала.


Вучыліся асвойваць новае даільнае абсталяванне на такіх жа комплексах, што ўжо дзейнічаюць у іншых раёнах. Таму нагрузка, якая ў кожнага аператара значна ўзрасце, не палохае. Як сказаў дырэктар сельгаспрадпрыемства, на комплексе будуць задзейнічаны чатыры аператары машыннага даення. Усяго ж будзе тут працаваць дваццаць пяць работнікаў і спецыялістаў заатэхнічнай і ветэрынарнай службы.


— Гэта добра, што ў гаспадарцы з’явіўся такі буйны вытворчы аб’ект, — гаворыць Сяргей Аляксандравіч, — для нас гэта яшчэ дваццаць пяць новых працоўных месц. Увогуле ж, з увядзеннем у эксплуатацыю комплексу звязваю адраджэнне былой славы КСУПа Чырвоны Бор”.


Паралельна з асваеннем першай чаргі комплексу ідзе і будаўніцтва другой. Практычна ўзведзены сцены радзільнага аддзялення для кароў з прафілакторыем для цялят. Тут таксама будзе ўсе абсталявана сучасным абсталяваннем. Заканчэнне і гэтай будоўлі чакаецца ў бягучым годзе. Таму мясцовым працаўнікам застаецца адно – плённа працаваць і атрымліваць важкія надоі. Гэтага і пажадаем ім у будучым.


С. МІКАЛАЕЎ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.