БРАТЫ. ХЛЕБАРОБЫ

Сёлета ў аддзяленні “Верасніца” камунальнага сельскагаспадарчага ўнітарнага прадпрыемства “Агра-Прыпяць” сабралі чатыры з паловай тысячы тон зерня. Чвэрць гэтага аб’ёму выдалі з бункера свайго камбайна браты Іван і Васіль Жыганюкі. Іх працоўны здабытак за гэты ўборачны сезон складае 1228 тон зерня.


Яшчэ свежыя ўспаміны ў Івана Мікалаевіча і Васіля Мікалаевіча аб сёлетнім жніве. Нялёгкім было яно, але і радавала шматлікімі прыемнымі падзеямі. Ці ж забудзецца механізатарам тое свята, што адбылося прама на збожжавым палетку ў гонар іх працоўнай перамогі, калі яны першыя намалацілі тысячу тон зерня, тым самым адкрылі рахунак камбайнавых экіпажаў-тысячнікаў раёна падчас гэтай уборачнай кампаніі. Сваю працоўную перамогу Іван і Васіль лічаць заканамернай. Перад уборкай ім кіраўніцтва гаспадаркі выдзеліла новы камбайн КЗС-1218 вытворчасці “Гомсельмаш”. Машына, як сцвярджаюць браты, працавала бездакорна.


— Усё складвалася так, каб у гэтым сезоне мы намалацілі тысячу тон зерня, — гаворыць Іван Мікалаевіч. — Канешне, прыйшлося парупіцца: з дому прыходзілі на машынны двор з першымі промнямі сонца, каб падрыхтаваць камбайн да работы, а з палетка вярталіся зацемна. Ды і кіраўніцтва гаспадаркі пастаралася, каб у поле і гарачыя абеды дастаўляліся своечасова, і на адвозцы зерня транспарту хапала, і іншыя бытавыя ўмовы стварыць належным чынам. Ды і матэрыяльная стымуляцыя была высокай.


— Значна дапамагло дабіцца высокага выніку на жніве і тое, што працавалі з братам, — дадае Васіль. — Усё ж родныя людзі, і паразуменне па ўсіх пытаннях лягчэй знайсці. А яшчэ жонкам дзякуй сказаць хочацца, бо на іх плечы лёг увесь цяжар клопатаў па хатняй гаспадарцы, пакуль мы ўбіралі хлеб.


Пра такіх як Іван і Васіль кажуць хлебаробы ад Бога. Ужо дзесяткі гадоў яны працуюць на зямлі, дзе нарадзіліся і выраслі. У яе моцна пусцілі карані. Тут жывуць іх дзеці. І механізатары штогод стараюцца, каб гэтая зямля радавала высокімі ўраджаямі. А працаваць Жыганюкі, як паказваюць іх вытворчыя здабыткі, умеюць. Яшчэ ў маладыя гады, калі толькі селі за штурвал камбайна ўпершыню, адразу заявілі аб сабе. Некалькі разоў запар яны станавіліся пераможцамі раённага працоўнага спаборніцтва сярод маладзёжных камбайнавых экіпажаў. Сёлета чарговая перамога на хлебнай ніве. Яна яшчэ больш важкая і значная для братоў, бо яны лепшыя сярод самых спрактыкаваных і вопытных механізатараў раёна. Нялёгка такога дабіцца. Але хто сказаў, што хлеб селяніну даецца лёгка. Вось гэтая сялянская цягавітасць, стараннасць, любоў да абранай справы і прынеслі механізатарам плён.


Немалы ўклад унеслі Жыганюкі не толькі ва ўборку хлеба, але і нарыхтоўку кармоў на зімоўку грамадскаму статку. Яны разам працавалі на адказным участку корманарыхтоўчага канвеера — трамбавалі травяную масу ў траншэю. Ад іх старання напрамую залежыць якасць будучага корму. Таму і тут прыходзілася братам працаваць да самага змяркання. Сваёй працай браты Жыганюкі неаднаразова даказваюць, што яны знайшлі сябе ў такой важнай і высакароднай справе хлебаробскай. Бо працуюць на карысць людзям.


С. БЕЛКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.