СВОЕАСАБЛІВЫ РЭКОРД НЕ ЗА ГАРАМІ

Усяго 330 грамаў важыць бляшанка кансерваванай салодкай кукурузы, што вырабляецца ў перапрацоўчым цэху адкрытага акцыянернага таварыства “Тураў”. Але, каб гэтыя трыста трыццаць грамаў дайшлі да спажыўца, спадабаліся яму, працоўнаму калектыву прыходзіцца прыкладваць нямала намаганняў. Менавіта зараз асноўны клопат працаўнікоў кансервавага цэха — перапрацоўка салодкай кукурузы.


Падчас наведвання цэха таварыства, а было гэта раніцай, заступіўшая змена вяла абавязковую падрыхтоўку абсталявання да работы. Жанчыны і мужчыны старанна мылі і ачышчалі тэхналагічныя лініі ад учарашніх рэшткаў вытворчасці.


— Памыць, правесці санапрацоўку абсталявання з раніцы перад работай — гэта абавязковая працэдура, — расказвае дырэктар акцыянернага таварыства Сяргей Бугук. — Ад гэтага напрамую залежыць якасць будучай прадукцыі. Штодзённа яе выпускаецца прыкладна на 150-170 мільёнаў рублёў і вельмі прыкра будзе, калі яна пойдзе на брак толькі па прычыне таго, што несвоечасова памылі і пачысцілі абсталяванне. А гэта страты, і немалыя.


Вытворчы канвеер “кукурузны палетак — цэх перапрацоўкі” сёлета дзейнічае бездакорна. Таму і здабытак атрыманы па вытворчасці кансерваванай салодкай кукурузы ў гэтым сезоне нядрэнны. Па словах кіраўніка, пастаўлены своеасаблівы рэкорд — ужо выпушчана больш за 2500 тысяч умоўных бляшанак прадукцыі. Увогуле, прагназуюць, што выйдуць на тры тысячы тубаў. У параўнанні з мінулым годам рост прагназуецца ў два разы. У самы ж выніковы год салодкай кукурузы выраблялі крыху больш 1600 тубаў.


— Дзякуй сельгасвытворцам раёна, якія сёлета добра папрацавалі і вырасцілі для нас дастаткова сыравіны, — гаворыць Сяргей Віктаравіч. З кожнага гектара атрымліваем па восемдзесят цэнтнераў пачаткаў для перапрацоўкі. Прычым кукуруза добра выспела, што немалаважна для вытворчасці якаснай прадукцыі.


Круглыя суткі на палетку знаходзіцца кукурузаўборачны камбайн таварыства. Механізатары Уладзімір Чарнушэвіч і Мікалай Лузай пазменна ўбіраюць на ім пачаткі.


— Машына цудоўная, не падводзіць, — дае ацэнку свайму агрэгату камбайнер. — Галоўнае, своечасова яго рыхтаваць да работы. Працуем з напарнікам кругласутачна. Асабліва цяжка ноччу, ды яшчэ замінаюць рабоце электрычныя слупы, абжаць якія трэба нямала часу. А ў цэлым работа спорыцца, вытворчасць без сыравіны не прастойвае.


Дададзім, што Уладзімір, акрамя кукурузы, убіраў яшчэ і гарох. Вопыту эксплуатаваць такую складаную тэхніку хапае. Не адзін сезон за плячыма. Спрыяе працы камбайнераў і стараннасць вадзіцеляў, занятых на адвозцы пачаткаў. У прыватнасці, на гэтым участку рупіцца і Алег Бічка. Свой МАЗ ён своечасова падае пад выгрузку пачаткаў, таму прастояў камбайна не бывае. Хаця машына высокапрадукцыйная. Пры такой высокай ураджайнасці крыху больш дзесятка мінут патрабуецца, каб напоўніць бункер. Вадзіцелям за гэты прамежак неабходна даставіць сыравіну на кансервавы завод.


Кругласутачна, у тры змены працуе і перапрацоўчы цэх. Як зазначыла старшы майстар Галіна Шыбанава, вытворчы працэс вырабу салодкай кукурузы намнога складанейшы, чым выпуск таго ж зялёнага гарошку.


— Работніцам змены даводзіцца кожны пачатак, прывезены з поля, прапусціць праз свае рукі, каб ачысціць яго. Пасля патрэбна яшчэ і на ачыстцы зярнят пастарацца. Важна, каб у бляшанкі траплялі самыя адборныя. Ды і на канвееры таксама шмат працы, — коратка расказвае аб асаблівасцях вытворчага працэсу па вырабу салодкай кукурузы старшы майстар.


Хаця працэс і складаны, але работнікі на канвееры спраўляюцца і даволі нядрэнна. Штодня выпускаецца трыма зменамі па сто і болей тысяч туб прадукцыі. Яна адразу паступае на склады, дзе праходзіць вытрымку на якасць. Як адзначыў кіраўнік прадпрыемства, першыя партыі салодкай кукурузы ўжо праз выяздны гандаль рэалізуюцца спажыўцам. Прычым не толькі ў раёне, але і па ўсёй рэспубліцы. Для гэтага задзейнічана з дзесятак аўтамашын таварыства. Але ўжо блізка і той час, калі пакупнікі пачнуць масава наведвацца за прадукцыяй самі. Прадукцыя карыстаецца ўстойлівым попытам, бо прыцягвае сваёй якасцю і невысокай цаной.


— Галоўнае, што салодкая кукуруза для нас з’яўляецца высока прыбытковай прадукцыяй, — зазначае дырэктар. — Яе рэнтабельнасць складае дваццаць працэнтаў, што вельмі нядрэнна. Таму планы па вытворчасці гэтай прадукцыі ў нас вялікія. Напрыклад, у наступным годзе ўпакоўваць кукурузу будзем у больш зручную тару.


Закончыць перапрацоўку салодкай кукурузы тураўскія перапрацоўшчыкі мяркуюць у бліжэйшыя дні. А гэта значыць, што калектыў чакаюць новыя задачы. Плануецца пачаць перапрацоўку фасолі, кабачкоў, выпуск таматнай пасты і іншай прадукцыі. Дарэчы, зараз паралельна з вытворчасцю салодкай кукурузы ідзе закатка таматаў. Як зазначыў Сяргей Віктаравіч, калектыў будзе імкнуцца перапрацаваць усю гародніну, якую вырасцілі аграрыі раёна.


НА ЗДЫМКУ: спорыцца праца на кукурузным палетку ў камбайнера Уладзіміра Чарнушэвіча і вадзіцеля Алега Бічкі. 


С. МІКАЛАЕЎ. Фота В. КІЖНЁВА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.