Стараюцца працаўнікі ў аранжавых спяцоўках

На дарожнай карце нашага раёна ДЭУ-48 –- адно з самых маладых эксплуатацыйных упраўленняў, якім з першых дзён работы нязменна кіруе Сяргей Уткін. Адна з важнейшых задач калектыва — забеспячэнне бесперабойнага, бяспечнага руху аўтатранспарту па даручаных яму дарогах шляхам якаснага іх утрымання, своечасовага правядзення ўсіх відаў рамонту. А на балансе тут знаходзіцца звыш 220 кіламетраў дарог рэспубліканскага значэння, у тым ліку аўтадарогі Гомель –- Кобрын, Мінск — Мікашэвічы, Кучына — Любань — Вятчын, Жыткавічы — Давыд-Гарадок, а таксама пад’езды да гарадоў Жыткавічы і Петрыкаў.


Нямала было зроблена эксплуатацыйнікамі ДЭУ-48 за 9 месяцаў года. Так, заданне па аб’ёмах дарожных работ па відах рамонту было выканана на 100,6 працэнта. Выйшлі тут на запланаваныя аб’ёмы і па цякучаму рамонту, па ўтрыманню аўтадарог, у тым ліку і ўласнымі сіламі. На 100,5 працэнта за студзень-верасень 2009 года былі выкананы заданні па выручцы ад рэалізацыі.


Вялікія клопаты кладуцца на плечы працаўнікоў у аранжавых спяцоўках -– сапраўдных лекараў дарог, якія завіхаюцца на тым ці іншым участку ва ўсе чатыры пары года, у сцюжу і спякоту, пад калючым ветрам і ў слоту. А ў пераліку службовых абавязкаў ямачны рамонт, заліўка трэшчын, рамонт і дасыпка абочын, замена дарожных знакаў, аўтапавільёнаў, рамонт аўтобусных прыпынкаў, высечка кустоўя на адкосах і палосах адводу, скошванне травы на абочынах, устаноўка сігнальных слупоў і г.д. І для ўсіх работ па догляду за дарогамі рэспубліканскага значэння ва ўпраўленні маецца неабходная тэхніка і прычапны інвентар. Гэта МАЗы, якія могуць праводзіць падсыпку і ў зімовы час, пагрузчыкі, трактары, аўтагрэйдэры і г.д. Па меры неабходнасці і фінансавых магчымасцей машынна-трактарны парк прадпрыемства ўвесь час абнаўляецца і папаўняецца.


Зімовы сезон, што не за гарамі, для дарожнікаў заўсёды складаны і адказны перыяд. Таму і рыхтуюцца да яго ўсебакова і без спазненняў. А яшчэ вельмі непакоіць і абурае мясцовых работнікаў вандалізм на аўтадарогах, калі знікаюць, раскрадваюцца дарожныя знакі, металічныя стойкі, сігнальныя ліхтары…


Прыкметны ўклад сваёй добрасумленнай працай унеслі ў агульныя здабыткі ДЭУ-48 трактарыст Анатоль Клепусевіч, дарожныя рабочыя Андрэй Глінскі, Сяргей Мацкевіч, майстар Мікалай Вецік і многія іншыя.


С. ВІЛЬЧЫК.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.