Ты малітва мая, Вятчын!

Успаміналі вясенні дзень, як жудасны сон…


У сакавіку 1943 года ў вёсцы Вятчын фашысты знішчылі 570 жыхароў вёсак Дзякавічы і Буда. Усіх іх сагналі ў адрыну і спалілі жывымі. На гэтым месцы цяпер — брацкая магіла, якая доўгія дзесяцігоддзі знаходзілася пад шэфствам Вятчынскай сярэдняй школы.


Месцічаў чакала такая ж бяда. Усе — жанчыны, дзеці, старыя — былі сагнаны ў памяшканне школы. Будынак быў ужо абкладзены саломай і абліты бензінам, вакол стаялі нямецкія салдаты з аўтаматамі і сабакамі. Нікому нічога не гаварылі, не дазвалялі выходзіць. Далёка ад памяшкання школы даносіліся плач дзяцей і крыкі жанчын. Але раптам прыскакаў на кані нямецкі салдат і перадаў загад аднаго нямецкага афіцэра аб тым, каб жыхароў вёскі не палілі.


А справа ў тым, што адна жанчына (мне так і не ўдалося ўдакладніць хто?) не выдала гэтага афіцэра. Ен быў моцна паранены і жанчына дапамагла яму. У той час, калі павінны былі спаліць вятчынцаў, афіцэр знаходзіўся ў Капцэвічах. Даведаўшыся аб жудасных намерах, ён адправіў у Вятчын салдата з загадам не паліць людзей. На шчасце, салдат паспеў. Сотні людскіх жыццяў былі захаваны. Усё сваё жыццё яны ўспаміналі падзеі таго дня, як жудасны сон. Колькі трэба было перажыць, знаходзячыся ў памяшканні школы, чакаючы сваёй пакутлівай смерці. І якое шчасце яны адчулі, калі іх адпусцілі жывымі.


Новы час – новае жыццё


…Мінула дваццаць гадоў пасля вайны. Дзякуючы працавітым рукам вятчынцаў непазнавальна змяняўся выгляд вёскі. Яна стала адным з буйнейшых культурных цэнтраў раёна.


У вёсцы была пабудавана амбулаторыя і ўчастковая бальніца на 10 ложкаў, у якой працаваў вялікі медперсанал на чале з выпускніком Віцебскага медыцынскага інстытута, урачом Марціновічам Аляксандрам Уладзіміравічам. Доўгі час ён працаваў у Вятчынах і карыстаўся вялікай павагай і аўтарытэтам сярод вяскоўцаў.


Дарэчы, будаўніцтва ФАПа і бальніцы ў пасляваенныя гады вялі ўрач-тэрапеўт Бабарыка М.І. і фельчар Касцюкевіч С.А. Акрамя асноўнага свайго занятку, гэтыя людзі прымалі ўдзел у вырубцы і нарэзцы лесу, планіроўцы памяшкання і г.д. Толькі дзякуючы іх самаадданай працы бальніца была пабудавана, абсталявана неабходным інвентаром і пачала выконваць свае функцыі.


У бальніцы працаваў стаматалагічны кабінет, акушэр-гінеколаг, тэрапеўтычны кабінет. Штат складалі 4 санітаркі, 4 медыцынскія сястры (Саўчыц М.І., Гарчанка М.Н., Асіпенка Н.А., Савасценя Я.С.), якія прыехалі сюды на працу і засталіся назаўсёды. Вяскоўцы часта ўспамінаюць урача Гарчанка Аляксандра Арцёмавіча і ўдзячны яму за сардэчныя адносіны да пацыентаў.


На жаль, у 80-я гады бальніцу расфарміравалі, застаўся толькі фельчарска-акушэрскі пункт. Хаця ж у аналагічных пры такой жа колькасці людзей населеных пунктах раёна іх будавалі…


У 60-я гады ў вёсцы былі пабудаваны лазня і камбінат бытавога абслугоўвання. У КБА можна было заказаць розныя вырабы з трыкатажу, абутак, швейныя вырабы. Таксама прымалася бялізна ў пральню.


Нарыхтоўвалі і расцілі лес


На дзесяткі кіламетраў вакол вёскі раскінуліся змешаныя лясы. Тут заўсёды вялася лесанарыхтоўка драўніны, яе пераапрацоўка. Жыхары вёскі жылі з лесу, асабліва ў неўраджайныя гады ды ў часы ліхалецця — шмат грыбоў і ягад дараваў ён мясцовым насельнікам.


Адразу пасля вайны, у 1946 годзе, тут пачаў сваю дзейнасць лясгас. Першым ляснічым была Белая Наталля Іванаўна. Штат працаўнікоў лясной гаспадаркі быў яшчэ невялікі, кантора знаходзілася ў хаце ляснічага.


У 1948 годзе ў лясгасе былі дзве брыгады па 13 чалавек у кожнай. Пачынаючы з вясны рабочыя садзілі маладняк. Летам праполвалі, рабілі прасвятленне, ачыстку лесу.


Калі пасаду ляснічага заняў Людвікевіч Антон Паўлавіч, кантора была ў яго хаце. Леснікамі ў той час былі Буякевіч Павел Тарасавіч і Буйка Іван Міхайлавіч.


Узімку брыгады займаліся нарыхтоўкай дроў і дзелавой драўніны. Па два чалавекі ручной пілой наразалі лес, абсякалі сучкі. Кожны рабочы за дзень наразаў 5 – 7м3. Больш чым 40 гадоў адпрацавала ў лясгасе Гаўрыловіч Ганна Савічна. Увесь час шчыравала брыгадзірам. Шмат гадоў аддалі гэтай справе Мірановіч Алена Мікалаеўна, Мірановіч Вольга Мікалаеўна, Варона Марыя Мікалаеўна, Бародзіч Анастасія Якаўлеўна. Многа гадоў, спачатку леснікамі, а потым аб’ездчыкамі, працавалі ў лясгасе Шчур Любоў Фёдараўна і Мірановіч Алена Данілаўна.


З 1960 пасаду ляснічага займаў А. Баранаў. Адпрацаваў ён каля 10 гадоў. Гэта быў вельмі гаспадарлівы, граматны чалавек, які добра ведаў і любіў сваю справу. Лясніцтва заўсёды выконвала план па вырубцы і вывазцы драўніны, займала прызавыя месцы па раёну. З году ў год павялічваліся паказчыкі работы, паляпшаліся ўмовы працы, у гэтыя гады з’явіліся ў лясгасе бензапілы.


У 1974 годзе на пасаду ляснічага быў назначаны Бедункевіч Антон Антонавіч. У гэты час пачалося будаўніцтва піларамы, устаноўлена новае абсталяванне. З дня адкрыцця на пілараме працавалі Гаўрыловіч Іван Міхайлавіч, Мірановіч Іван Якаўлевіч, Мірановіч Уладзімір Мікалаевіч. Быў у лясгасе і трактар.


Добрыя людзі маёй вёскі


…У 60-я гады ў вёсцы было адкрыта новае аддзяленне сувязі і філіял ашчаднага банка, загадчыкам якіх з пачатку існавання быў Стахіевіч Міхаіл Мікалаевіч. Надта любіў ён сваю справу. Вяскоўцы паважалі Стахіевіча, бо заўсёды стараўся дапамагчы, калі нешта не атрымлівалася. А яшчэ ён — актыўны ўдзельнік мастацкай самадзейнасці. Разам з жонкай Міхаіл Мікалаевіч радаваў сваім талентам не толькі вяскоўцаў, але і жыхароў суседніх вёсак. Стахіевіч М.М. неаднаразова абіраўся дэпутатам мясцовага сельскага Савета.


Пасля аддзяленне сувязі ўзначаліла Гаўрыловіч Ніна Мікалаеўна. Таксама старанны, уважлівы да справы, людзей чалавек.


У 1974 годзе, пасля заканчэння лесагаспадарчага тэхнікума, прыехала па накіраванню ў Вятчыны на працу Мірановіч Надзея Фядотаўна. Амаль тры дзесяткі гадоў апрацавала яна ў лясной гаспадарцы. Надзея Фядотаўна — добры арганізатар, прафесіянал. Яна заўжды дапамагала маладым спецыялістам, старалася перадаць ім свой вопыт. Так як кіраўнікі заўсёды мяняліся, менавіта яна фактычна вяла самы адказны ўчастак работы. Гэта спецыяліст сваёй справы. І вельмі прыемная жанчына, самадзейная спявачка, якая жыве дзеля людзей…


Розныя (бязрадасныя) факты з жыцця вёскі


У 80-я гады спыніла існаванне піларама — яна проста згарэла. Вяскоўцы былі ў роспачы. Зразумела, як жыць, калі няма дзе абрэзаць лес, ды і дошку набыць? Хіба навозішся за трыццаць сем кіламетраў з Жыткавічаў? Парадокс, але гэтая праблема існуе да цяперашняга часу. Праблема з набыццём піламатэрыялаў, паліва ў лясной вёсцы стала таксама адной з прычын нежадання месцічаў будавацца ў родных мясцінах. Разам са знікненнем рабочых месцаў людзі масава пакідалі вёску.


З 1979 года ў Вятчынскім лясгасе працаваў перапрацоўчы цэх, дзе з хвойнай лапкі рабілі муку, якую адпраўлялі ў Пціч. Гэта была вельмі карысная справа, але ў 1990 годзе праца цэха была спынена. Ніхто людзям не растлумачыў чаму… Ды і што там казаць: у параўнанні з 70-мі ў 90-я гады аб’ём усіх работ — ад сельскагаспадарчых да прамысловых — быў зніжаны больш чым напалову. Сумна.


І лёс камбіната бытавога абслугоўвання аказаўся незайздросным: у 1993 годзе яго як нерэнтабельнае прадпрыемства закрылі. Нібыта бытавымі паслугамі і не трэба людзям карыстацца. А ці даедзеш у райцэнтр, калі рэйсавы аўтобус некалькі раз на тыдзень, і то найбольш па выхадных днях? Што на гэта адкажаш людзям?..


Паглядзім, як рэзка зніжаецца колькасць насельніцтва. Калі ў 1950 годзе яго колькасць набліжалася да трох тысяч, то ў 1960-м ужо 2200 чалавек, у 1970-ым каля 1600 чалавек, у 1980-ым — 1080 чалавек, у 1990-ым — каля 800 чалавек, у 1998-ым — 690 чалавек, у 2008-ым — каля 350…


“Была б гаспадарка – была б і вёска…”


Менавіта так сёння кажуць мне з болем у голасе старыя і нямоглыя людзі, мае аднавяскоўцы. Яны згадваюць цяжкія і адначасова гады ўздыму дзейнасці мясцовай гаспадаркі “ІІ пяцігодка”, ля вытокаў якога стаялі родныя мне людзі, а дзядуля, Ігнат Адамавіч, узначальваў яго ў самыя цяжкія гады для жыцця людзей. А гэта была неблагая гаспадарка.


У 1970 годзе ў калгасе “ІІ пяцігодка” было 5 камбайнаў, 7 грузавых машын (шафёрамі на якіх працавалі Гаўрыловіч Пётр Савіч, Гаўрыловіч Мікалай Ігнатавіч, Гаўрыловіч Іван Андрэевіч, Рагалевіч Міхаіл Андрэевіч, Касабуцкі Іван Мікалаевіч), 4 трактары Т-40, трактары Т-25 (на якіх працавалі Касабуцкі Іван Цярэнцьевіч, Грышаеў Міхаіл Пятровіч і інш.). Калгас меў таксама 16 трактароў МТЗ, сеялкі, культыватары, плугі, каткі, бароны.


Вялікія плошчы былі заняты пад зерневыя культуры і бульбу. Калі ў 1957 годзе да 60-годдзя Вялікага Кастрычніка план калгаса “ІІ пяцігодка” быў: малака — 490 тон (на адну карову 1870 кг), мяса — 160 тон, бульбы — 72 тоны, то да 1970 года гэтыя паказчыкі павялічыліся на чвэрць!


Штогод павялічваліся ўраджаі збожжавых культур, бульбы, пагалоўе жывёлы. У 1970-м годзе ў вёсцы налічвалася болей 100 коней. Працавалі 4 паляводчыя брыгады, кожная брыгада мела сваю канюшню і па 25 коней.


У гэты час былі закуплены новыя чорна-пёстрыя пароды буйной рагатай жывёлы. Пасвіць кароў пачалі на акультураных выганах. Усё гэта спрыяла павелічэнню паказчыкаў, пад’ёму сельскай гаспадаркі, дабрабыту калгаснікаў. Яны пачалі будаваць дамы. Амаль у кожнай гаспадарцы з’явіліся тэлевізары, халадзільнікі і інш. Адным словам, вёска набывала сучасны выгляд.


І тут у студзені 1980 года калгас “ІІ пяцігодка” быў аб’яднаны з калгасам “Кастрычнік”. Дзеля лепшага жыцця — як абяцалі людзі з раёну.


З 1983 года загадчыцай Вятчынскай малочнатаварнай фермы працавала Аксёнчык Марыя Мікалаеўна. Ферма налічвала каля 100 галоў дойных кароў і каля 100 маладняку. На ферме працавала 5 даярак, 3 цялятніцы, слесары, рабочыя і інш. Штат працоўных фермы налічваў 25 чалавек. Цяпер ад фермы засталіся толькі рэшткі будынін. Апошнія гады паляводчая брыгада працавала пад кіраўніцтвам Цішкаўца Івана Арсенцьевіча. Вырошчваліся нядрэнныя ўраджаі бульбы, кармавых буракоў, морквы, цыбулі, капусты, збожжавых культур. Цяпер фактычна і брыгады няма. Адны пенсіянеры. Але яны адгукаюцца на просьбы брыгадзіра, выходзяць на сельгасработы і зараз. Вось такія мае вятчынцы. Працалюбівыя.


Ім проста не пашчасціла, на мой погляд, з кіраўніцтвам. Не патрапіўся такі тут чалавек, як Сулкоўскі ці Гаршкалеп (былыя старшыні калгасаў у Бялёве), які б думаў не разбурыць, а пабудаваць.


На ростанях


Спадзяванні вяскоўцаў на лепшае жыццё з суседзямі не апраўдаліся. Паціху ўсе сацыяльназначныя і вытворчыя аб’екты спынялі сваё існаванне. У 2009 годзе спыніла дзейнасць і Вятчынская базавая школа. Пакуль існуе ФАП і клуб, які стаў Вятчына-Рудненскім, крама райпа, лясніцтва Нацыянальнага парка “Прыпяцкі”. Вялікі будынак двухпавярховай школы, патэнцыял якога яшчэ не вычарпаны, хутка можа быць разабраны. Калі яго ніхто не купіць і не створыць тут нейкае прадпрыемства. Магчыма, экалагічна-турыстычнага напрамку, магчыма, па перапрацоўцы драўніны… Дзе ты, багацей? Выратуй вёску! Дай ёй новы шанец! Такая малітва і ў мяне, і ў апошніх яе жыхароў… Малітва за жыццё.


У. ГАЎРЫЛОВІЧ.


Р.S. А я ў чарговую зіму буду рабіць след у цнатлівым снезе, прабіваючыся да роднай хаты. Да яе ж ні даехаць, ні прайсці — за ўсе дзесяцігоддзі савецкай улады на роднай вуліцы Лясной ніхто не парупіўся ні з бульдозерам, ні коўш пяску не прывёз, каб падсыпаць разбітыя дарогі. Добра што гарыць ліхтар — адзін на пятнаццаць хат. Гэта ўсё, на што здольна мясцовая ўлада. У яе грошай, зразумела, няма. Але ж і старым жыць трэба. І трэба, каб сюды дабіралася хаця б “хуткая дапамога”. Бо без яе — што ўжо там, лажыся і памірай. Але людзі вераць, што вёска будзе жыць.

“Ты малітва мая, Вятчын!”

На жнівеньскі Яблычны Спас пайшоў на вясковыя могілкі. У нас адведваюць месцы спакою продкаў на першы дзень Вялікадня і на Яблычны Спас. Мая сям’я трымаецца заведзенага. Заўважыў дзве акалічнасці. Першая, што на могілках былі толькі дзве жанчыны. Сталага ўзросту. А другая, заўважыў, як апошнія гады пабольшалі могліцы на свежыя жаўтапесныя насыпы-бугаркі. Вяртаўся дахаты і пра гэта ўвесь час думаў. Адыходзяць людзі — і старога веку, і маладзейшыя, якім бы радавацца яшчэ жыццю. Але ж самотнасць і незапатрабаванасць, у дадатак — нецікавасць жыцця, якое вызначаецца ў вёсцы асабліва ў восеньска-зімовую пару, калі ніхто, бадай, і парог хаты не пераступіць, скарачае чалавечыя дні. Бо жыццё тут, як мне падаецца, без пазітыву. Проста цягнецца дзень да дня. А было ж, было тут жыццё! Сапраўднае. Шкада, што не вернеш і тых традыцый, якія не сталі для выхадцаў вёскі і іх дзяцей абавязковым, — адведаць свае магілы на Вялікдзень ці на Спас. Шкада… Пра цяжкія і лепшыя моманты з жыцця раней вялікай вёскі Вятчын, каб не згубіліся за часам сабраныя мной і мясцовымі краязнаўцамі крупінкі звесткак, хачу расказаць чытачам у гэтым апошнім, трэцім артыкуле з цыкла “Ты малітва мая, Вятчын!” (гл. нумары газеты №№61, 68, дзе мы вялі размову аб гісторыі і адукацыйных традыцыях старажытнага населенага пункта). Напісанае ж не знікае…


На зломе дзесяцігоддзяў


… 20-я гады мінулага стагоддзя. Як і паўсюль, у кожнай вятчынскай хаце і ў навакольных хутарах людзі пачалі гаварыць пра калектыўную гаспадарку. Калектывізацыя ж тут пасоўвалася вельмі і вельмі марудна. Людзям вельмі цяжка было змірыцца з тым, што ім патрэбна было аддаць у калгас сваю карову, якая была для іх карміцелькай, або каня, без якога ў гаспадарцы як без рук. Ніяк не даходзіла да сялянскай свядомасці, чаму яны павінны некаму аддаць сваё кроўнае. Аднак час прымушаў рабіць так, як казалі прыезжыя людзі.


Актывісты ж хадзілі па дварах, угаворвалі. Ім дапамагалі прадстаўнікі-агітаратары лесазавода “Пасталы”, які размяшчаўся крыху больш дзесяці кіламетраў ад вёскі. Нарэшце, толькі ў 1929 годзе ў вёсцы быў арганізаваны калгас. 50 сямей напачатку намерыліся працаваць разам. Першым старшынёй мясцовага калгаса быў нейкі Сяўко, затым яго пераемнікам быў абраны Трафім Верабей. Калі пра першага пэўных звестак не захавалася, то другога хвалілі людзі. Казалі, што чалавек гаспадарлівы і кемлівы. З першых дзён працы ён звяртаў увагу не толькі на гаспадарчыя справы, але і на адукацыю, медыцынскае абслугоўванне, культуру. Пасля Вераб’я на пасадзе старшыні калгаса былі: П. Касабуцкі, І. Мірановіч, А. Рагалевіч, А. Буякевіч. Усе гэтыя людзі былі паважаныя ў вёсцы, вялі за сабой людзей.


Непераадольнае імкненне да ведаў і культуры


У 1925 годзе ў вёсцы была адчынена бібліятэка-перасоўка, а затым праз нейкі час і хата-чытальня. Кнігі і газеты дастаўляліся з райцэнтра. Першым яе загадчыкам быў М. Вераб’ёў. У абавязкі загадчыка хаты-чытальні ўваходзіла знаёміць людзей з новай ідэалогіяй, праводзіць агітацыйную работу. Да самай вайны Міхаіл Мікалаевіч выконваў свае абавязкі. У хаце-чытальні знаходзілася тры-чатыры дзесяткі кніг, брашур, а з абсталявання была толькі тумбачка, дзе захоўваўся ўвесь бібліятэчны “скарб”. М.Вераб’ёў пасля стаў сакратаром партыйнай арганізацыі калгаса і адначасова загадваў хатай-чытальняй.


Толькі пасля Вялікай Айчыннай, ажно ў 1949 годзе, была арганізавана сельская бібліятэка пры клубе з кніжным фондам да 500 экзэмпляраў. За год да гэтага ў вёсцы быў пабудаваны новы будынак клуба. На тым месцы, дзе ён быў да вайны. Загадчыкам сельскага клуба з 1951 года і на працягу шасці гадоў працаваў Міхаіл Гаўрыловіч. Міхаіл Паўлавіч — таленавіты чалавек, добры арганізатар. У клубе ладзіліся розныя канцэрты, сустрэчы, лекцыі, даклады. Працаваў гурток мастацкай самадзейнасці. Вечарамі, пасля працоўнага дня, моладзь спяшалася ў клуб на танцы, на рэпетыцыі самадзейных пастановак. Вяскоўцы з радасцю ўспамінаюць тыя часы, як весела праходзілі ў клубе пад гармонік танцы. Колькі было вясковай моладзі! М. Гаўрыловіч быў часова і загадчыкам бібліятэкі, што спрыяла ўцягненню ў культурна-масавую работу жыхароў розных узростаў.


У 1960 годзе быў пабудаваны новы будынак калгаснага клуба, дзе і размясцілася бібліятэка, а таксама калгасная кантора. Кніжны фонд бібліятэкі павялічыўся да 3200 экзэмпляраў. Кнігі змяшчаліся на сцелажах, быў адзін стол і шкаф. Арганізаваны свабодны доступ да літаратуры.


Пасля Гаўрыловіча М.П. доўгі час загадчыкам клуба быў малады, адукаваны спецыяліст, Гаўрыловіч Уладзімір Фёдаравіч. Вельмі добра ён граў на баяне, арганізоўваў розныя культурныя мерапрыемствы, асаблівую ўвагу ўдзяляў рабоце з падрастаючым пакаленнем. Уладзімір Фёдаравіч цесна супрацоўнічаў са школай — разам праводзілі цікавыя мерапрыемствы. Гэта быў самы росквіт творчай работы Вятчынскага сельскага клуба. Выдатна працавалі і добра ўмелі адпачыць. Самымі актыўнымі ўдзельнікамі мастацкай самадзейнасці былі Стахіевіч Мікалай Міхайлавіч, Мірановіч Мікалай Андрэевіч, Царук Лідзія Міхайлаўна. Мірановіч Надзея Саламонаўна, Асіпенка Аляксандра Іванаўна, Стахіевіч Надзея Цярэнцьеўна…


На чале сельсавета – сумленныя людзі


Дагэтуль памятаюць вяскоўцы былога старшыню Вятчынскага сельскага Савета Уладзіміра Паўлавіча Комара. Вялікую ролю ў жыцці вяскоўцаў ён адводзіў укараненню культуры. Адзін з першых камуністаў у вёсцы ішоў смела наперад, змагаўся за новае, перадавое. Вялікую дапамогу яму аказвалі актывісты: А. Буякевіч, Т. Верабей, М. Аксёнчык. Не сцерлася за гадамі і памяць пра Чэркаса П.С. Нягледзячы на цяжкасці, старшыня Вятчынскага сельсавета рабіў крок за крокам, каб таксама ўзвысіць культурны ўзровень вяскоўцаў. Пад яго кіраўніцтвам быў пабудаваны будынак сельскага Савета, клуба. Пятра Сямёнавіча паважалі за справядлівасць, спагадлівасць, добрыя адносіны да людзей.


Сакратаром у сельскім Савеце з 1944 года працавала Буякевіч Алена Карпаўна. Кантора сельскага Савета спачатку была ў прыватных хатах. Потым, калі быў пабудаваны новы будынак, у адной палове будынка размясціўся сельскі Савет, у другой — аддзяленне сувязі. Сакратарамі сельскага Савета з 1948 года быў Цішка В.І., затым Асіпенка І.А. У 1953 годзе адбылося аб’яднанне Вятчынскага і Дзякавіцкага сельскіх Саветаў. Старшынёй Дзякавіцкага сельсавета стаў Весялоў. Больш чым 40 гадоў працавала сакратаром у сельсавеце Рагалевіч Таццяна Сяргееўна. Мудрая і спагадлівая жанчына. Цудоўны спецыяліст. Больш за 25 гадоў пасаду старшыні Дзякавіцкага сельсавета займаў Рагалевіч Леанід Мікалаевіч, якога дагэтуль паважаюць у населеных пунктах за сумленную працу.


Сельская гаспадарка пасля цяжкіх выпрабаванняў


З 1947 года ў калгасе “ІІ пяцігодка” пачала працаваць малочная ферма. Пагалоўя жывёлы налічвалася няшмат: 200 кароў, 100 цялят. Калгаснікі пабудавалі два хлявы, у якіх знаходзілася па 100 кароў, і хлеў для цялят.


Кожная даярка даглядала па 20 кароў, надоі, аднак, былі невялікія. Пасвілі кароў у лесе. А на дзённую дойку даярак вазілі на стойла. Падаіўшы кароў, малако ставілі на воз, а даяркі ішлі пешшу дадому. Потым, увесь летні сезон, даяркі начавалі ў лесе. Ехалі туды звечара і заставаліся там да ранішняй дойкі. Пасля яе вярталіся дадому. Гэта зараз немагчыма ўявіць, як цяжка прыходзілася працаваць, нават даводзілася ахвяраваць нечым уласным дзеля працы! А яны, мае зямлячкі, Гаўрыловіч Ганна Кірылаўна, Гаўрыловіч Аўроння Данілаўна, Аксёнчык Надзея Кірылаўна, Аксенчык Вольга Раманаўна, Буякевіч Ганна Раманаўна, Касабуцкая Еўга Кірылаўна і іншыя жылі і працавалі ў такім невыносным рытме не адзін год.


Я практычна выгадаваўся на ферме, дзе то падменнай даяркай, то цялятніцай, то аператарам па адкорму буйной рагатай жывёлы працавала мая мама, Яўгенія Ігнатаўна. Мы ўсёй сям’ёй змагаліся за калгасныя прывагі, за лепшыя надоі. І гэта вельмі цяжкая немеханізаваная праца. Вельмі. А так жылі ўсе…


Раней, акрамя дойкі, даяркі нарыхтоўвалі кармы і раздавалі іх каровам. Вычышчалі таксама стойлы, даглядалі цялят, нарыхтоўвалі лёд для ахалоджвання малака. Гэта проста невыносна. Але нашы жанчыны рабілі ўсё!


Згадваюць часам вятчынцы і пра свой маслазавод. Быў такі. Прыёмшчыцай малака з канца 50-х гадоў была Гаўрыловіч Вольга Сямёнаўна. У яе абавязкі ўваходзіла прыняць малако ад даярак і даставіць яго на маслазавод не пракісшым. Ен знаходзіўся тут жа, у вёсцы. Сваю дзейнасць ён пачаў з мая 1951 года, гэта быў філіял ад Жыткавіцкага раймаслапрома. Загадчыцай на заводзе была Мірановіч Надзея Самойлаўна. Завод уяўляў сабой невялікае памяшканне, у якім знаходзіліся сепаратар для перагонкі малака і аддзялення смятаны, басейн з лёдам для ахалоджвання прадукцыі, маслабойка, што складалася з бочкі, унутры якой знаходзіўся барабан з лопасцямі, а звонку была ручка. Калі яе варочалі, барабан круціўся і так збівалая масла. Праца гэта таксама была не такая ўжо і лёгкая, бо ўсё рабілася ўручную. Масла прасавалі, складалі ў скрынкі і адпраўлялі на базу ў Мазыр. Перагон і маслянку адпраўлялі назад на ферму і аддавалі цялятам і парасятам.


Ахвяры вайны


З пачатку вайны да прыходу Чырвонай Арміі 6 ліпеня 1944 года ў вёсцы Вятчын нямецкімі вылюдкамі было знішчана: расстраляна, павешана, замучана 80 чалавек мірных жыхароў, адпраўлена на катаргу ў Германію каля 30 чалавек. За гады ваеннага ліхалецця на розных франтах загінула 158 жыхароў вёскі Вятчын. Ва Усходняй Прусіі загінулі 4 чалавекі: Аксёнчык Фёдар Адамавіч, Асіпенка Міхаіл Міронавіч, Мірановіч Іван Пятровіч, Стахіевіч Рыгор Іванавіч, у Германіі загінулі: Асіпенка Міхаіл Нічыпаравіч, Буякевіч Іван Мікалаевіч, Гаўрыловіч Сава Харытонавіч, Касабуцкі Андрэй Сцяпанавіч; у Польшчы загінулі: Гаўрыловіч Ілья Ігнатавіч, Касабуцкі Рыгор Адамавіч, Шчур Вячаслаў Фёдаравіч. Пакутлівай смерцю ў канцлагерах загінулі: Гаўрыловіч Сямён Харытонавіч, Касабуцкі Іван Аляксеевіч, Мірановіч Міхаіл Ісаевіч, Верабей Мікалай Трафімавіч.


Пры вызваленні вёскі Добрая Калінінскай вобласці 30 жніўня 1942 года загінуў і мой дзядуля Гаўрыловіч Васіль Ігнатавіч. Бацькаў бацька (дзіўна, але роўна праз чвэрць стагоддзя, дзень у дзень, нарадзіўся я…).


Лёс многіх загінуўшых воінаў невядомы. Невядома як і дзе яны загінулі і пахаваны…


Вечная ім слава.


Паліцэйская “сталіца”


Поўным ходам ішла мабілізацыя. Усіх мужчын да 1922 года нараджэння забіралі на фронт. Туды адразу патрапілі: Аксёнчык Міхаіл Ільіч, Аксёнчык Сяргей Аўсеевіч, Аксёнчык Філіп Яўсеевіч, Асіпенка Нічыпар Анікеевіч, Аксёнчык Ціхан Ігнатавіч, мой дзядуля па матчынай лініі Буякевіч Ігнат Адамавіч, Бандарэвіч Андрэй Данілавіч, Бандарэвіч Міхаіл Данілавіч, Град Зміцер Міхайлавіч, Гаўрыловіч Васіль Ігнатавіч, Гаўрыловіч Аляксей Ігнатавіч, Гаўрыловіч Мітрафан Іосіпавіч, Касабуцкі Міхаіл Мікалаевіч, Мірановіч Сава Міхайлавіч, Мірановіч Васіль Савіч, Мірановіч Васіль Паўлавіч, Мірановіч Міхаіл Савіч, Мірановіч Іван Маісеевіч, Мірановіч Дзмітрый Цімафеевіч, Мірановіч Захар Пятровіч, Мірановіч Раман Мікалаевіч, Людвікевіч Павел Антонавіч, Слівец Ілья Іванавіч, Рэхцік Сяргей Платонавіч, Хаменка Аркадзь Ксенафонтавіч і многія іншыя.


Як успаміналі пасля вайны яе ўдзельнікі, вясковыя мужчыны сабралі ў ваенкамаце ў Жыткавічах. З раённага цэнтра яны пешшу дабіраліся да Рэчыцы, адкуль рушылі на Гомель. З Гомеля таксама пешшу ішлі на Бранск і так да самага Арла. У Арле прайшлі кароткачасовую спецыяльную падрыхтоўку і на фронт.


Вясковыя людзі, якіх адарвалі ад сваіх сямей, радзімага кутка, ішлі на барацьбу з ворагам, каб хутчэй вярнуцца дамоў.


Многія з першых мабізаваных землякоў ніколі больш не вярнуліся на родныя сядзібы. Многія з вятчынцаў, якіх не паспелі мабілізаваць альбо па гадах не маглі быць прызваны, пайшлі ў партызаны. Ваявалі ў атрадзе пад кіраўніцтвам Давідовіча, Міхайлоўскага, Гушчэні.


Роўна праз месяц пасля аб’яўлення вайны, 22 ліпеня 1941 года, у вёску Вятчын увайшлі немцы. Старшынёй сельскага Савета ў гэты час быў Герман Эйвальд Аўгуставіч, які адразу з прыходам немцаў перайшоў на іх бок і некаторы час служыў у паліцыі ў Мікашэвічах. Кажуць, шмат гора прынёс людзям…


У вёсцы засталіся жанчыны, дзеці і старыя. На іх плечы ляглі ўсе нялёгкія выпрабаванні на паланёнай ворагам тэрыторыі. Паліцаі адбіралі ў галодных людзей апошні кавалак хлеба, сала, яйкі, кароў, свіней. Здзекваліся над людзьмі, катавалі, забівалі сем’і партызанаў.


Гітлераўцы не маглі не ўлічваць геаграфічнае становішча вёскі паміж Жыткавічамі, Соснамі і Любанем і вялікую колькасць насельніцтва вёскі (у навакольных вёсках пражывала значна менш людзей). У верасні 1941 года ў вёсцы быў створаны нямецкі штаб і паліцэйскі гарнізон. На службу ў паліцыю пайшлі нямала “пакрыўджаных” на савецкую ўладу. Знайшлося і сваіх каля дзесятка адшчапенцаў, якія свядома служылі немцам. Шмат прыслугачоў фашысцкага рэжыму з’явілася і ў суседніх вёсках. Вятчынцы ненавідзелі прадажнікаў. І калі нават пасля вайны, адбыўшы турэмнае зняволенне, выжыўшыя былыя паліцаі наведвалі вёску, вяскоўцы не віталіся з імі. Балела людзям памяць і праз дваццаць пяць — трыццаць гадоў….


Першае вызваленне ад гітлераўцаў


Імя гэтага чалавека залатымі літарамі ўпісана ў гісторыю партызанскага руху на тэрыторыі Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Фёдар Іларыёнавіч Паўлоўскі — адзін з кіраўнікоў партызанскага руху на тэрыторыі Палескай вобласці ў 1941-1944 гадах, адзін з першых савецкіх партызан, удастоены 6 жніўня 1941 года высокага звання Героя Савецкага Саюза, легендарны камандзір 123-й Акцябрскай партызанскай брыгады імя 25-годдзя БССР. Напярэдадні Вялікай Айчыннай ён працаваў упаўнаважаным наркамата нарыхтовак па Акцябрскім раёне Палескай вобласці.


У пачатку ліпеня 1941 года Паўлоўскі разам з першым сакратаром Акцябрскага райкама партыі Ціханам Бумажковым арганізаваў у гэтым раёне партызанскі атрад “Чырвоны Кастрычнік”, які ў першых баях зрабіў значныя страты нямецкім акупантам. Баявыя поспехі атрада “Чырвоны Кастрычнік” пад камандаваннем Паўлоўскага і Бумажкова, атрымалі вялікі грамадскі рэзананс сярод насельніцтва Палескай вобласці. У канцы верасня партызанскі атрад “Чырвоны Кастрычнік” пад камандаваннем Федара Паўлоўскага вызваліў ад ворага шматлікія населеныя пункты ў розных палескіх сельсаветах. Тым самым быў пакладзены пачатак стварэнню Акцябрскай партызанскай зоны з цэнтрам у пасёлку Рудабелка. Да канца 1941 гада ўсе вёскі гэтага раёна былі вызваленыя ад нямецкіх акупантаў і іх памагатых.


Гэты кіраўнік мае непасрэднае дачыненне да першага вызвалення шэрагу населеных пунктаў нашага раёна ад гітлераўцаў. Аб’яднаўшыся для сумесных дзеянняў, атрады Ф.І. Паўлоўскага і А.І. Далідовіча 14 студзеня 1942 года ліквідавалі варожы гарнізон у вёсцы Вятчын.


Вось што піша пра гэта ў сваёй кнізе “Сакрэт поспеху “гарнізона Ф.І.Паўлоўскага” Эмануіл ІОФФЕ, прафесар: “… Для пачатку Фёдар Іларыёнавіч Паўлоўскі і Сямён Васільевіч Маханько вырашылі правесці даўно задуманы імі рэйд. Галоўны ўдар меркавалася нанесці па варожым гарнізоне, размешчанаму ў Капаткевічах. Там знаходзіліся даволі буйныя харчовыя склады акупантаў.


План рэйду быў усебакова абмеркаваны на нарадзе камандзіраў. Падчас яе высветлілася, што вёску Вятчын, Жыткавіцкага раёна, гітлераўцы таксама ператварылі ў апорны пункт.


— З разгрому вятчынскага гарнізона і пачнём, — сказаў Паўлоўскі, — гэта будзе накшталт іспыту перад нападам на Капаткевічы.


У ноч на 11 студзеня партызаны выступілі ў паход. Ішлі цаліной, па глыбокім снезе. Але зазіраць у карту не было неабходнасці. Многія партызаны яшчэ да вайны ўздоўж і папярок абходзілі гэтую мясцовасць.


У вёсцы Парэчча партызаны сустрэлі вялікі варожы абоз. Раптоўным налётам яны перабілі ахову і захапілі ўсе фурманкі з харчам. У другой палове дня 12 красавіка атрад Паўлоўскага спыніўся ў лесе, у некалькіх кіламетрах ад вёскі Вятчын. Праз некаторы час Фёдару Іларыёнавічу далажылі, што тут непадалёк размясціўся А. І. Далідовіч са сваімі байцамі. Паўлоўскі неадкладна адшукаў яго і дамовіўся аб сумесных дзеяннях.


Як толькі прыцямнела, партызаны атакавалі вёску адначасова з двух напрамкаў. Заспетыя знянацку, гітлераўцы не змаглі аказаць арганізаванага супраціўлення. Пасля кароткага бою яны кінуліся з вёскі, але патрапілі пад кулямётны агонь загадзя выстаўленых партызанскіх засад. Каля пяцідзесяці варожых салдатаў і афіцэраў былі знішчаны, а астатнія здаліся ў палон. Вятчынскі гарнізон скончыў сваё існаванне…”


Толькі невялікай частцы акупантаў і паліцыянтаў ўдалося збегчы. Партызанам дасталіся багатыя трафеі, у тым ліку вялікая колькасць адабранага гітлераўцамі і іх прыслужнікамі ў вятчынцаў і навакольных вёсках збожжа. Частку яго раздалі мясцоваму насельніцтву.


Рэйд партызан тым часам працягваўся. У гэтыя студзеньскія дні былі вызвалены ад паліцаяў таксама вёскі Замошша, Вятчынская Рудня, Дуброва. Рухаючыся да Капаткевіч, партызаны здзяйснялі налёты на ўправы, створаныя акупантамі ў вёсках і сёлах, грамілі паліцэйскія гарнізоны. У Навасёлках і Філіповічах было схоплена некалькі здраднікаў Радзімы, якія дапамагалі фашыстам рабаваць насельніцтва. Здраднікі атрымалі па заслугах…


У красавіку 1942 года ў поле зроку паліцыі патрапілі былы старшыня калгаса Рагалевіч Антон, Гаўрыловіч Мікалай і яшчэ тры чалавекі, прозвішчы якіх за цягам часу згубіліся. Яны былі арыштаваны, іх катавалі, а потым былі расстраляны. Паліцаі паказвалі, што так будзе з кожным, хто не выконвае іх загады і выступае супраць іх улады.


Тым жа часам у Вятчынах не было ніякай пастаянай улады. То немцы затрымліваліся ў вёсцы на некаторы час, нечакана з’яўляліся паліцаі, то партызаны прыходзілі — і так да самага вызвалення.


У. ГАЎРЫЛОВІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.