Жыткавіцкія газавікі лепшыя

— Добры дзень! Гаргаз. Балон заказвалі? Падрыхтуйце дакументы і грошы.


Менавіта гэтыя словы даводзіцца чуць абанентам газавых балонных установак, калі ў дом гаспадароў прыязджаюць работнікі газавага прадпрыемства, каб замяніць балон. Ужо некалькі гадоў у МВУ “Жыткавічыміжрайгаз” працуе экіпаж па дастаўцы балоннага газу абанентам у складзе вадзіцеля Уладзіміра Саўчыца і слесара Віталія Макарэвіча. Вышэйазначаныя словы з’яўляюцца адной з састаўных прафесійнага іміджу гэтых спецыялістаў. Бо сказаць іх патрэбна так, каб кліент не страціў добрага настрою, але і адчуў, што яго заяўку і пажаданні выканаюць на высокім узроўні. Такі пазітыў Уладзімір Мікалаевіч і Віталій Аляксандравіч стараюцца несці да людзей штодня. І гэта ім удаецца, бо на работу спецыялістаў не паступае нараканняў ад абанентаў. А гэта адно са сведчанняў высокага прафесійнага майстэрства экіпажа. Нездарама кіраўніцтва “Жыткавічыміжрайгаз” вылучала Макарэвіча і Саўчыца на абласны конкурс сярод экіпажаў па дастаўцы звадкаванага газу. Мерапрыемства адбылося на базе МВУ “Жыткавічыміжрайгаз” напрыканцы мінулага тыдня. Удзел у ім прынялі дзесяць экіпажаў з усіх газавых прадпрыемстваў вобласці. Забягаючы наперад, скажам, што па сваёй арганізацыі і падрыхтаванасці конкурс атрымаў самыя добрыя водгукі, што сведчыць наколькі стараліся гаспадары, каб годна прыняць гасцей і сваіх сапернікаў.


Уладзімір Мікалаевіч і Віталій Аляксандравіч добра разумелі, што спаборнічаць ім прыйдзецца таксама з вопытнымі прафесіяналамі. Таму рыхтаваліся да конкурсу вельмі грунтоўна.


— І тэорыю паўтарылі, і неаднаразова праверылі сябе ў практычных практыкаваннях, — гаворыць Віталій Аляксандравіч. –- Настройваліся, каб паказаць найлепшы вынік.


Відаць, гэта дапамагло. Ужо ў першым этапе абласнога мерапрыемства, а яго ўдзельнікам патрэбна было даць правільныя адказы на тэарэтычныя пытанні, газавікі з Жыткавіч паказалі на ўсю моц свае здольнасці. Першым тэарэтычны экзамен здаваў суддзям слесар Віталій Макарэвіч. З дзесяці пытанняў, а тэматыка іх самая розная: ад правілаў па пажарнай бяспецы да прыёмаў аказання першай медыцынскай дапамогі, Віталій Аляксандравіч даў правільныя адказы на сем. І прынёс першыя балы ў капілку сваёй каманды. Гэта дазволіла іх экіпажу адразу ўвайсці ў лік мацнейшых канкурсантаў. Не падвёў і калега. Больш таго, ён выступіў яшчэ лепей. Дапусціў пры адказе толькі адну недакладнасць. Дзякуючы такому паспяховаму выступленню на першым тэарэтычным этапе экіпаж па дастаўцы звадкаванага газу з МВУ “Жыткавічыміжрайгаз” захапіў лідарства. Але гэтую перамогу патрэбна было ўтрымаць і развіць яшчэ ў практычнай частцы прафесійнага спаборніцтва. Тым больш што і сапернікі ставілі перад сабой задачы не менш амбіцыйныя і спадзяваліся паправіць сваё турнірнае становішча ў практычнай частцы.


Практычны этап быў не менш складаным. На ім канкурсантам патрэбна было прадэманстраваць сваё майстэрства па ўстаноўцы газавага балона і ўхіленню няспраўнасцей як у балоннай устаноўцы, так і газавай пліце. Іх спецыяльна падстройвалі члены журы. Апошнія ўмовы намнога ўскладнялі заданне, бо суддзі кантралявалі строга не толькі правільнасць выканання ўсіх аперацый, але і час, за які экіпажы спраўляліся з заданнямі.


Макарэвічу і Саўчыцу выпала дэманстраваць свае практычныя навыкі першымі. А гэта выклікала дадатковае хваляванне ў канкурсантаў. Хаця, здавалася, патрэбна было выканаць сваю паўсядзённую работу. Зайсці ў імправізаваную кватэру і замяніць балон. Скажам, што выступленні каманд газавікоў на гэтым этапе насілі характар невялікіх тэатральных пастановак. Таму спрыялі і добра выкананыя ролі гаспадароў кватэры членамі судзейскай брыгады, ды і самі канкурсанты нядрэннымі акцёрамі выглядалі падчас візіту. Гаспадары, так бы мовіць, аказаліся прывярэдлівымі. Не, каб парадавацца прыбыццю спецыялістаў газавай службы, якія прыехалі выручыць з бяды. Яны, наадварот, стараліся і канфлікт справакаваць, і заблытаць каварнымі пытаннямі. Але гаспадарам кватэры не ўдалося збіць спецыялістаў з толку. Яны старанна выконвалі сваю работу, выяўлялі і ўхілялі непаладкі ў пліце і балоннай устаноўцы, запаўнялі неабходныя дакументы, кансультавалі гаспадароў наконт правільнасці эксплуатацыі газавага абсталявання і многае іншае. Канешне, дапускаліся пэўныя хібы, але спісаць іх можна толькі на хваляванне вадзіцеляў і слесараў. Па словах начальніка тэхнічнай інспекцыі “Гомельаблгаз” Аляксандра Лепшы, усё ж майстэрства работнікаў, якія прыехалі на конкурс, высокае. Некаторыя больш чым па дзесятку гадоў аддалі гэтай справе.


—Гэты конкурс і праводзіцца з мэтай, каб работнікі газавай гаспадаркі вобласці змаглі прадэманстраваць свае здольнасціпа стварэнню бяспечных умоў пры эксплуатацыі газавага абсталявання, — гаворыць Аляксандр Парфёнавіч. –- Ды і для павышэння свайго майстэрства такія мерапрыемствы з’яўляюцца добрай пляцоўкай, бо спецыялісты вучацца адзін у другога, пераймаюць вопыт. А павучыцца ёсць чаму. Вось, напрыклад, якое цудоўнае прыстасаванне для пераноскі балонаў ад аўтамашыны да скрыні прывезлі з сабой мазыране.Пазайздросціць можна: і лёгкае, і зручнае.


Адна за другой выступаюць каманды ў практычным этапе. Журы адразу выносіць свой вердыкт, называе дапушчаныя недапрацоўкі. А далей, як і патрабуе ранг такіх мерапрыемстваў, адбылося ўзнагароджванне пераможцаў. Першае месца заняў экіпаж па дастаўцы балоннага газу ў складзе Вадзіцеля Уладзіміра Саўчыца і слесара Віталія Макарэвіча з МВУ “Жыткавічыміжрайгаз”. Гэтае паведамленне суддзяў было сустрэта апладысментамі і сапернікаў, і работнікаў прадпрыемства, якія спецыяльна прыйшлі на цырымонію закрыцця конкурсу. Чарговая перамога жыткавіцкіх газавікоў у абласным працоўным спаборніцтве яшчэ раз яскрава засведчыла, наколькі высокі прафесіяналізм у спецыялістаў гэтага прадпрыемства.


С. МІКАЛАЕЎ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.