Акорды “ Палескай вясёлкі”

Радасць і весялосць, прыгожая музыка і спевы, задорныя танцы, а таксама ўсмешкі і гарачыя апладысменты гледачоў — усё гэта фінал раённага фестывалю дзіцячай творчасці “Палеская вясёлка”.


Адбылося гэтае цудоўнае мерапрыемства ў мінулую нядзелю ў раённым Доме культуры. Адзначым адразу, што фестываль стаў значнай падзеяй у культурным жыцці раёна. Аб чым можна меркаваць па размаху, з якім праводзілася гэтае дзіцячае свята. Толькі ў фінальнай яго частцы было задзейнічана больш сарака салістаў, вакальных і танцавальных калектываў. А яшчэ ж былі і адборачныя туры, дзе дэманстравалі сваю творчасць значна больш рабят, якім не пашчасціла прабіцца ў фінал фестывалю.


Заключны канцэрт сабраў самых лепшых і здольных, самых таленавітых. Таму і выканальніцкае майстэрства выступоўцаў было вельмі высокім. А гэта стварала своеасаблівую атмасферу ўрачыстасці…


Пранікнёна гучаць словы вядучых мерапрыемства, якія вітаюць удзельнікаў фестывалю. Гэтак жа шчыра і ўрачыста прывітаў рабят намеснік старшыні райвыканкама Валерый Рагалевіч. Пасля таго, як вядучымі былі прадстаўлены члены журы, распачалася галоўная дзея свята — вялікая канцэртная праграма. Вельмі стараліся юныя выканаўцы, каб іх нумары спадабаліся членам журы і гледачам. Нікога не пакінула раўнадушным у зале выкананне Вікторыяй Басарановіч з Мілевіцкага сельскага Дома культуры песні “Купалінка”. Самыя патаемныя струны душы ўсіх прысутных у зале закрануў спеў дзяўчынкі. Бурныя апладысменты падаравалі гледачы і маленькім танцорам, якія прадстаўлялі Ленінскі сельскі Дом культуры. Запамінальным было выступленне і Машы Мазговай, салісткі Чырвоненскага сельскага Дома культуры. Замілаванне выклікала і выступленне дзяўчынак з ансамбля “Забава” раённага Дома культуры.


Увогуле, можна сказаць, што кожны нумар быў па-свойму самабытным і непаўторным. Нехта выкарыстаў у сваім выступленні народныя матывы, нехта сучасныя эстрадныя рытмы. Таму канцэрт, які доўжыўся некалькі гадзін, глядзеўся на адным дыханні. Менавіта гэтаму спрыяла самабытнасць і індывідуальнасць маленькіх артыстаў.


Нялёгка прыйшлося членам журы пры вызначэнні прызёраў і пераможцаў фестывалю. На гэта імі было затрачана не меней гадзіны. Пакуль журы падводзіла вынікі, гледачоў сваёй творчасцю радавалі выхаванцы Жыткавіцкай дзіцячай школы мастацтваў.


Падводзячы вынікі старшыня журы Валерый Рагалевіч зазначыў:


— Усе пераканаліся, наколькі шчаслівымі былі дзеці, што ім давялося выступіць на такім прадстаўнічым форуме. Гэта вялікая падзея не толькі для іх, але і іх сем’яў, педагогаў. Фестываль даў ім магчымасць праявіць свае творчыя здольнасці, раскрыць свой талент. Яшчэ адна перавага гэтага мерапрыемства ў тым, што ў яго рамках можна выявіць як мага больш таленавітых рабят, каб далучыць да прыгожага, заняць іх карыснай справай.


Таксама Валерый Маркавіч павіншаваў пераможцаў і прызёраў фестывалю, а тых рабят, каму не ўдалося заняць прызавыя месцы, падбадзёрыў, каб яны не расчароўваліся, у іх яшчэ будзе магчымасць праявіць сябе на будучых такіх фестывалях.


— Конкурс проста цудоўны. Столькі талентаў на адной сцэне сабралася, таму нялёгка было вызначаць пераможцаў, — такое меркаванне выказала член журы, дырэктар Жыткавіцкай школы мастацтваў Таццяна Варапаева. — Асабліва радуе, што шмат рабят прыехала з вясковых устаноў культуры. І можа нехта з іх у будучым звяжа свой лёс з песеннай творчасцю. Здольнасці ў дзяцей ёсць для гэтага.


Ганаровыя дыпломы пераможцам і прызёрам фестывалю ўручыў намеснік старшыні райвыканкама Валерый Рагалевіч. У намінацыі “вакальныя ансамблі” трэцяе і другое месца было прысуджана дзіцячым калектывам “Усмешка” Рычоўскага СДК і “Сонейка” Жыткавіцкага ГДК. Першае ж месца ў гэтай намінацыі ў ансамбля “Забава” Жыткавіцкага РДК. Сярод танцавальных калектываў месцы размеркаваліся наступным чынам: трэцімі сталі малодшая група народнага ансамбля танца “Прыпяць” Тураўскага ГДК, другімі — танцавальны калектыў Жыткавіцкага ГДК, першымі — танцавальны ансамбль “Раднічок” Ленінскага СДК. Сярод салістаў перамогу святкавала Вікторыя Басарановіч (Мілевіцкі СДК), другое месца ў Машы Мазговай (Чырвоненскі СДК), трэцяе — у Дануты Швед (Жыткавіцкі РДК). Адзначаны спецыяльнымі граматамі і іншыя калектывы і салісты, якія прынялі ўдзел у заключным канцэрце фестывалю.


Дарэчы, парадавалі рабяты не толькі сваімі выканальніцкімі здольнасцямі, але і работамі дэкаратыўна-прыкладнога і выяўленчага мастацтва. З іх была цэлая выстава, якая радавала і вабіла вока наведвальнікаў, прыцягвала дасканаласцю і прыгажосцю твораў. Закончылася мерапрыемства сумесным чаепіццем з тортам. Пастараліся арганізатары свята парадаваць прысмакамі рабят. Менавіта за салодкім сталом удалося пагутарыць з пераможцамі і іх кіраўнікамі пра прайшоўшы фестываль. Ва ўсіх толькі станоўчыя эмоцыі і водгукі.


— Я верыла ў перамогу Вікі. Вельмі здольная і актыўная дзяўчынка. Ужо многа гадоў займаецца ў гуртку пры нашай установе культуры, — зазначае дырэктар Мілевіцкага сельскага Дома культуры Ірына Прахарэнка. –- Варта і ў далейшым праводзіць такія фестывалі, бо яны далучаюць дзяцей да народных традыцый, а яшчэ дапамагаюць раскрыцца таленавітым рабятам з вёскі.


Вікторыя, якая стаяла побач са сваім кіраўніком, відаць, яшчэ не ў поўнай меры ўсвядоміла, што яна на гэтым свяце прызнана лепшай. Таму адказвала на пытанні нясмела, крыху саромелася.


— Мой поспех — гэта сумесная праца: і мая, і майго кіраўніка, і маёй мамы, — сказала Віка. — І песню абрала для выступлення народную, бо яна зачароўвае сваёй меладычнасцю і прыгажосцю. А яшчэ яе спявалі нашы бабулі і прабабулі. Чаму б не прадоўжыць традыцыю?


Валянціна Кацубінская, мастацкі кіраўнік РДК і кіраўнік ансамбля “Забава”, не хавала сваёй радасці ад поспеху сваіх выхаванцаў. Сакрэт перамогі, па яе словах, просты, яны многа рэпетыравалі, таму было спадзяванне на выдатнае выступленне. Што тычыцца дзетак, то Валянціна Іванаўна справядліва лічыць, няма дзяцей неталенавітых, галоўнае разгледзець гэты талент, даць штуршок для яго росквіту. Такія мерапрыемствы і прызначаны для гэтага.


А вось рабятам з танцавальнага калектыву Ленінскага СДК іх захапленне дае ўпэўненасці ў сваіх сілах, смеласці, а яшчэ добрага настрою. Таму з задавальненнем яны наведваюцца на рэпетыцыі, выступаюць з танцавальнымі нумарамі як на сцэне сваёй установы культуры, так і навакольных вёсак.


— Склад нашага калектыва пастаянна абнаўляецца, — расказвае дырэктар Ленінскага Дома культуры Людміла Чопчыц. — Працуем разам ужо даўно. Рэпертуар у ансамбля разнастайны, асабліва любяць танцаваць сучасныя танцы, але не забываем і на народныя. Гэта выхоўвае павагу і любоў да сваёй роднай спадчыны, да тых традыцый, якія накоплены вякамі нашым народам.


І па арганізацыі, і па правядзенню, і па водгуках удзельнікаў фестываль “Палеская вясёлка” ўдаўся. Хочацца спадзявацца, што ён пакіне толькі добры след у дзіцячых сэрцах, а яшчэ стане чарговай прыступкай для іх духоўнага росту.


С. БЕЛКА.

See the description jordanacademics.org on the website.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.