ЦЯЖКАСЦІ ПРАФЕСІЯНАЛАЎ ЗАГАРТОЎВАЮЦЬ

Летам наступнага 2010 года Жыткавіцкі маторабудаўнічы завод будзе адзначаць 30-годдзе свайго заснавання і дзейнасці. Узрост, як быццам бы, малады і разам з тым не дзіцячы. Змянілася ўжо тут не адно пакаленне, былі ўзлёты і падзенні, радасці і расчараванні, перамогі і пралікі. Зараз, на вялікі жаль, завод разам з другімі прадпрыемствамі нашай рэспублікі праходзіць сваю крызісную паласу. І бадай што лепшым падарункам мясцоваму калектыву да яго юбілею стаў бы выхад з гэтага становішча. Дзеля чаго і працуе на прадпрыемстве металаапрацоўкі кожны яго сумленны і свядомы маторабудаўнік. А цяжкасці, як паказвае жыццё, прафесіяналаў толькі загартоўваюць.


І немалаважна адзначыць наступны цікавы факт. Калі браць пачатак і сённяшні дзень завода, то варта сказаць, што завод вяртаецца на кругі свая. На пачатку сваёй вытворчай дзейнасці ён пачынаў са зборкі турбастарцёраў для авіяцыйнай галіны, а зараз вярнуўся да іх рамонту, прайшоўшы за гэты час не адзін этап выпрабаванняў і перабудовы. Хаця па-ранейшаму ільвіную долю прадукцыі тут складае вытворчасць шасцярончатых помпаў.


Як жа склаліся справы на прадпрыемстве за 9 месяцаў 2009 года? Адкрытае акцыянернае таварыства “Жыткавіцкі маторабудаўнічы завод”, нягледзячы на ўсе цяжкасці і выпрабаванні, па-ранейшаму застаецца флагманам прамысловасці ў нашым раёне, яго асноўным валаўтваральным прадпрыемствам. Тэмп росту таварнай прадукцыі за 3 кварталы бягучага года склаў 68 працэнтаў. Але, як сказаў пры сустрэчы ў сваім каментарыі дырэктар завода Віктар Кур’яновіч, гэта не самы нізкі паказчык сярод прадпрыемстваў, што ўваходзяць у вытворчае аб’яднанне “Мінскі маторны завод”. Наадварот, па тэмпах росту ЖМЗ займае адзін з радкоў у верхняй частцы табліцы. Як і раней, асноўным спажыўцом застаецца Мінскі маторны завод, які ў апошні час некалькі павялічыў свае заяўкі. Сюды рэалізоўваецца звыш 50 працэнтаў агульнай прадукцыі завода, хаця за адпаведны перыяд мінулага года гэты паказчык складваў звыш 70 працэнтаў, 15 працэнтаў помпаў і другой прадукцыі ідзе на завод “Гомсельмаш”.


Завод увесь час імкнецца пашырыць наменклатуру вырабляемай прадукцыі і геаграфію яе паставак. На сённяшні дзень, напрыклад, прадпрымаюцца меры па пастаўцы прадукцыі на другасны рынак Рэспублікі Беларусь, расшырэнню рынкаў збыту прадукцыі ў Расійскую Федэрацыю і краіны далёкага замежжа. Як станоўчы прыклад можна адзначыць той факт, што за трэці квартал бягучага года было заключана сем дагавораў з новымі спажыўцамі прадукцыі, у тым ліку ў Расіі: Маскве, Варонежы і Ліпецку. Значна ўзраслі заказы з маскоўскага машынабудаўнічага вытворчага аб’яднання “Салют”. А гэта ў значнай ступені станоўча адбілася на такіх паказчыках як тэмпы росту і экспарт паслуг. Калі ў мінулым годзе, напрыклад, экспарт на завод “Салют” складаў 10,9 працэнта, то за студзень – верасень 2009 года ён узрос да 18,6 працэнта. Станоўчыя тэндэнцыі намеціліся і ў рабоце з Омскім авіяцыйным заводам імя Баранава. І калі на пачатку 2009 года на ЖМЗ была адмоўная рэнтабельнасць, то зараз выйшлі на станоўчую ў 1,22 працэнта.


У ходзе рэалізацыі інвестыцыйнага праекта “Тэхнічнае пераўзбраенне і мадэрнізацыя вытворчасці” было ўкладзена 3,5 мільярда рублёў як сваіх, так і заёмных сродкаў. Па меры фінансавых магчымасцей ідзе тэхнічнае пераўзбраенне, закупляюцца станкі, абсталяванне як айчыннай вытворчасці, так і з-за мяжы. У лістападзе бягучага года, у прыватнасці, матэрыяльна-тэхнічная база прадпрыемства папоўніцца новым станком для рубкі метала.


Аб тым, што ў заказах-заяўках і вытворчасці прадукцыі заўважаны, вобразна кажучы, пэўны ўсплеск, сведчыць той факт, што завод перайшоў з чатырохдзённага рэжыму на пяцідзённы. Калектыў за 9 месяцаў 2009 года скараціўся ў параўнанні з мінулым годам з 650 да 567 чалавек. Цяпер, як сведчыць статыстыка, калі і назіраецца, згодна сярэдняспісачнай колькасці, змяншэнне, то ідзе яно не такімі тэмпамі, як раней.


Разам з тым, як паведаміў начальнік аддзела працы і зарплаты ЖМЗ Сяргей Суматохін, у бягучым годзе тут знайшлі свае першыя рабочыя месцы 14 выпускнікоў пасля заканчэння сярэдне-спецыяльных устаноў і 4 — пасля вышэйшых. Адчынілі дзверы ў рабочае жыццё токары і аператары ЧПУ, фрэзероўшчыкі і інжынеры-канструктары, інжынеры-электронікі і інжынеры-электрыкі, работнікі аддзела галоўнага металурга. Дзяўчаты ў асноўным працуюць на шліфоўцы. Да паслуг моладзі інтэрнат, прычым 70 працэнтаў камунальных паслуг пагашаецца прадпрыемствам. Да таго ж маладыя кадры маюць пэўныя даплаты: прадстаўнікі рабочых прафесій на працягу 3 месяцаў, а інжынерна-тэхнічныя работнікі –- года.


— Адміністрацыя працуе ў цесным кантакце з мясцовай прафсаюзнай арганізацыяй, якой кіруе начальнік транспартнага цэха Віктар Хомчыц, — гаворыць намеснік дырэктара па эканоміцы, ідэалагічнай рабоце Канстанцін Савасценя. –- Сёлета, напрыклад, была арганізавана бясплатная дастаўка людзей на бульбяныя палеткі ў час пасадкі і ўборкі “другога хлеба”. Ля вёскі Браніслаў бульба вырошчвалася на 98 участках. Прафсаюз аказвае матэрыяльную дапамогу хворым дзецям, пры ўступленні ў шлюб, пры нараджэнні дзіцяці. А ўсіх у прафсаюзе знаходзіцца 450 чалавек. Дарэчы, з кастрычніка працуе група “Здароўе”: жадаючыя мужчыны і жанчыны могуць наведваць спартыўную залу Жыткавіцкай САШ №3, мясцовы басейн.


Аптымістычны настрой перадалі нам у той дзень начальнік цэха №7 Валерый Гаўрыловіч, наладчык абсталявання Валерый Шыла, другія маторабудаўнікі. Так, цяжкасці ёсць і будуць. Толькі ж крызіс не вечны. І не на адным заводзе свет клінам сышоўся. Запрацуе лепш агульнарэспубліканскі канвеер, узрастуць заказы з-за мяжы — будзе свята і на нашай вуліцы. А пакуль яго трэба набліжаць добрасумленнай працай.


С. ВЕЧАРОВЫ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.