Дарылі паэту кветкі…

Адметны голас у нашага самадзейнага паэта-земляка Канстанціна Кашэвіча, вершы якога часта друкавалі на старонках раённай газеты, агучваліся самім аўтарам у час шматлікіх мерапрыемстваў са многіх сцэн устаноў культуры Жыткаўшчыны. І вось нечаканы і прыемны сюрпрыз бацьку-паэту зрабілі яго сыны: дзякуючы іх высілкам у адным з выдавецтваў Санк-Пецярбурга выйшлі трыццаць асобнікаў вершаванага зборніка на беларускай мове “Песня над Прыпяццю”.


З гэтай нагоды ў Тураўскім Доме культуры адбылася яе прэзентацыя. Нягледзячы на праліўны дождж у зале сабралася нямала людзей розных узростаў і прафесій. Вечарыну вяла дырэктар Дома культуры Валянціна Ярмоліч. Канстанцін Кашэвіч выдатна дэкламаваў свае вершы, напісаныя ў розныя перыяды свайго жыцця, таленавіта выконваў песні пад акампанемент баяніста Фёдара Батуры, шчыра і цікава адказваў на пытанні прысутных у зале. Творчую сустэчу ўзбагаціў і слайд-фільм, які дэманстраваўся ў час аповедаў, вершаў і песень. А самадзейныя артысты Дома культуры падарылі мясцоваму паэту-самавуку цікавую 30-мінутную канцэртную праграму. Завяршылася яна песняй “Родная зямля”, якую творчы калектыў Дома культуры выканаў разам з Канстанцінам Кашэвічам.


Непрыкметна праляцелі дзве гадзіны сустрэчы. Але людзі не хацелі разыходзіцца і міні-гутаркі працягнуліся ў фае будынка. Прыйшоўшыя на вечарыну дарылі паэту апошнія асеннія кветкі.


С. ВІЛЬЧЫК.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.