Крыніца жыцця Івана Шылава

Усё сваё жыццё Іван Максімавіч Шылаў прысвяціў пачэснай хлебаробскай справе. І ніколькі аб гэтым не шкадуе, бо яго праца прыносіла людзям толькі карысць.


Пражывае ветэран працы ў нашым райцэнтры па вуліцы Стадыённай. У яго дом журналістаў прывяла важная нагода — у гэтыя дні Івану Максімавічу споўнілася дзевяноста гадоў.


Што Шылаў чалавек ад зямлі, бачыцца адразу, калі падыходзіш да яго сядзібы. Усюды чыста прыбрана і па-гаспадарску раскладзены рэчы. Сам Іван Максімавіч чалавек гаваркі і гасцінны, што таксама выдае ў ім сялянскую жылку. Але яго лёс мог скласціся зусім іначай, калі б паступіў у юрыдычны інстытут. Пасля заканчэння дзесяцігодкі Шылаў марыў стаць адвакатам. Толькі не пашчасціла хлопцу, не прайшоў па конкурсу. Каб не сядзець на шыі ў бацькоў, а сям’я была ў іх вельмі вялікая, Іван Максімавіч пайшоў працаваць на спіртзавод таксіроўшчыкам. Займаўся прыёмам і ўлікам сыравіны для вытворчасці. А потым пачалася вайна. На фронт Шылава не прызвалі, бо па зроку меў інваліднасць. Таму на час акупацыі вярнуўся ў родную вёску Яноўку, гэта Клімавіцкі раён Магілёўшчыны, да бацькоў. Двое братоў яго ваявалі на фронце, а Іван разам з малодшымі працавалі разам з бацькамі на зямлі. Жыць жа за нешта патрэбна было сям’і. У час вайны, на думку Івана Максімавіча, шчасціла ім.


— Немцы абміналі вёску, — расказвае ён. — За час акупацыі давялося пабачыць толькі адзін раз фашыста. І той гандляваў усякай дробяззю: ніткамі, гармонікамі, гузікамі і іншым. Вось калі немцы наступалі і адступалі, тады іх у вёсцы поўна было.


Вызвалілі ад фашыстаў родныя мясціны Шылава ў сорак трэцім годзе. І хаця фронт стаяў у дзесятку кіламетраў, людзі ўзяліся за мірную працу. Івану Максімавічу прыйшлося тады нямала шчыраваць. Спачатку на пасадзе старшыні мясцовага сельсавета, а потым сакратара. Як прадстаўнік улады ён займаўся ўзнаўленнем разбураных калгасаў, арганізоўваў сяўбу азімых. Хапала клопатаў. Таксама Шылаў па загаду начальніка раённай міліцыі стварыў і ўзначальваў атрад мясцовай самаабароны. Праца ў сельсавеце ў пэўнай ступені дапамагла яму і ў сямейным жыцці. Бываючы на ФАПе, закахаўся ў яго гаспадыню. Марыя, так звалі фельчара, прыехала сюды тут па размеркаванню пасля заканчэння медыцынскага вучылішча (сама родам з Масквы), адказала мясцоваму хлопцу ўзаемнасцю. Хутка і вяселле справілі.


Жыццё не стаяла на месцы. Вайна даўно закончылася. Іван Максімавіч прыняў рашэнне, што і падвучыцца пара. Так ён стаў студэнтам Горацкай сельскагаспадарчай акадэміі. Вучыўся паспяхова, таму прапанавалі яму працягваць навучанне ў аспірантуры.


— Жонка супраць гэтага была, — расказвае Іван Максімавіч, — і так пяць гадоў чакала, пакуль на стацыянары вучыўся. А тут яшчэ тры патрэбна.


Таму як і іншым выпускнікам давялося ісці на абавязковае размеркаванне. Спадзяваўся, што пакінуць на Магілёўшчыне, але спецыялістаў там было больш чым у іншых рэгіёнах рэспублікі, таму па накіраванню паехаў працаваць у Капаткевіцкі раён Палескай вобласці. Тут яго зацвердзілі на пасаду намесніка начальніка мясцовай МТС. Старанне і веды маладога спецыяліста былі заўважаны хутка, і яго прызначылі галоўным аграномам райза (так раней называліся ўпраўленні сельскай гаспадаркі). Але не захацеў быць на гэтай пасадзе, у нейкай ступені не задавальняла заработная плата. Таму пераехаў на Жыткаўшчыну, дзе зноў стаў галоўным аграномам мясцовай МТС. Было гэта напачатку пяцідзесятых гадоў. Калі пачалася рэарганізацыя гэтых арганізацый, Івана Максімавіча прызначылі на пасаду старшыні калгаса “Запаветы Ільіча” ў Кольна.


— Гаспадарка слабая была, кралі работнікі, ды яшчэ бандыты там шкодзілі, — гаворыць Іван Максімавіч. — Вось у такіх складаных умовах і прыходзілася распачынаць кіраўнічую дзейнасць. Цяжка людзям жылося. На адзін працадзень выдавалі толькі па 200 грамаў зерня і па пяцьсот бульбы.


Таму асноўную мэту сваёй дзейнасці на старшынёўскай пасадзе Іван Максімавіч акрэсліў дакладна: умацаванне эканомікі гаспадаркі, а праз гэта і павелічэнне аплаты работнікам. Прыходзілася старшыні часта працаваць і начамі. Найперш, каб выкараніць заганныя з’явы. Дзевяць гадоў адпрацаваў на пасадзе. Пасля гэтага нейкі час узначальваў прафсаюзную раённую арганізацыю работнікаў АПК. Самымі ж плённымі гадамі сваёй дзейнасці на Жыткаўшчыне лічыць тыя, калі працаваў на пасадзе галоўнага агранома ўпраўлення сельскай гаспадаркі. Па ўраджайнасці розных культур раён займаў вядучыя пазіцыі ў вобласці і рэспубліцы. Неаднаразова гаспадаркі Жыткаўшчыны былі ўдзельнікамі Усесаюзнай выставы дасягненняў народнай гаспадаркі ў Маскве.


— Заслужана ўсё гэта было, — зазначае Іван Максімавіч, — бо стараліся працаваць на ўраджай, мацавалася тэхнічная і тэхналагічная база гаспадарак. Таму і атрымлівалі адпаведныя вынікі, асабліва на Тураўшчыне.


Працоўная дзейнасць Шылава адзначана радзімай шматлікімі ўзнагародамі. Не прывык ён сядзець без справы. Нават тады, калі выйшаў на заслужаны адпачынак, яшчэ доўга працаваў і ў сельскай гаспадарцы, іншых арганізацыях раёна. Агульны працоўны стаж Івана Максімавіча складае больш пяцідзесяці гадоў.


Нягледзячы на свой узрост Іван Максімавіч даволі актыўна сочыць за раённымі падзеямі і грамадскім жыццём у краіне. Дапамагае яму ў гэтым тэлебачанне ды яшчэ раённая газета. Уважліва пажылы чалавек слухае і чытае навіны, на розныя падзеі мае свой погляд. Асабліва непакояць ветэрана тыя заганныя з’явы, што маюцца ў нашым грамадстве, што п’юць людзі, шмат злачынстваў учыняецца, экалогія псуецца і гэтак далей.


— Калі такое было, каб брат забіваў брата або сын бацьку, — гаворыць Іван Максімавіч, — а віной усяму п’янства. Ці ж будзе парадак, калі людзі п’юць столькі гарэлкі і мала працуюць? Зразумела, не будзе. Вось над чым цяпер уладзе працаваць патрэбна.


Канечне, час ад часу пранізвае сэрца ветэрана смутак. Усё ж успамінае пра сваіх родзічаў, жонку, якіх даўно пахаваў. Што на старасць даводзіцца жыць аднаму. Праўда, не наракае: і сацыяльны работнік ходзіць, і суседзі глядзяць. А што яшчэ пажылому чалавеку патрэбна — належны догляд ды пашана.


С. БЕЛКА. Фота В. КІЖНЁВА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.