Свята хлебаробаў у Хойніках

Абласны фестываль-кірмаш “Дажынкі-2009” адбыўся 13 лістапада ў горадзе Хойнікі. Удзел у прадстаўнічым і галоўным хлебаробскім свяце вобласці прыняла і дэлегацыя Жыткавіцкага раёна, якую ўзначаліў старшыня раённага выканаўчага камітэта Мікалай Какора.


…Яшчэ з самага ранку гарадскі мікрараён Міліяратараў гудзеў у гэтым невялікім палескім гарадку нібыта пчолы ў вуллі. Сюды, у абласную сталіцу сёлетняга хлебаробскага свята, з’ехаліся не толькі лепшыя аграрыі з усіх раёнаў вобласці. Тут можна было пабачыць і гандляроў з розных рэгіёнаў, і народных майстроў, даведацца пра духоўныя і матэрыяльныя набыткі арганізацый і ўстаноў упраўленняў культуры і адукацыі аблвыканкама, пачуць заліхвацкія спевы самадзейных артыстаў. Падзівілі гараджан і гасцей горада выхаванцы Гомельскага дзяржаўнага інстытута МНС, мазырскія спецназаўцы, якія падаравалі людзям паказальнае выступленне. Не магла не прыцягнуць увагі як гаспадароў гэтай зямлі, так і яго гасцей выстава сучаснай тэхнікі, на якой працуюць і будуць працаваць аграрыі. Сапраўды шмат цікавага можна было пабачыць на імправізаваных сядзібах, якія прадстаўлялі сельскія выканаўчыя камітэты Хойніччыны. Гэтаксама цікава было наведаць выставу сельгасвытворцаў вобласці. Як жыткаўчаніну, мне было вельмі прыемна пачуць нямала добрых слоў у адрас нашых вытворцаў — салодкая кукуруза і зялёны гарошак Тураўскага кансервавага завода карыстаюцца попытам у спажыўцоў вобласці.


Дарэчы, на сёлетніх абласных “Дажынках” да свята ўраджаю быў пад Хойнікамі адкрыты новы спіртавы завод. Як мяркуецца, перапрацоўваць збожжа тут будуць адразу з некалькіх раёнаў. Першая прадукцыя з новага ўраджаю будзе выраблена ўжо праз тыдзень.


Але ж найбольшую ўвагу прыцягнула ў гэты дзень галоўная падзея хлебаробскага свята. У гарадскім цэнтры культуры і адпачынку адбылася ўрачыстая цырымонія ўзнагароджання лепшых аграрыяў і вялікі святочны канцэрт.


Адкрыў урачыстаць прывітальным словам старшыня Гомельскага абласнога выканаўчага камітэта Аляксандр Якабсон. Аграрыі Гомельскай вобласці ў 2009 годзе ўзялі высокую планку дасягненняў. Такую адзнаку працаўнікам сяла даў кіраўнік вобласці. І гэта ён зрабіў не выпадкова. Так, сёлета Гомельская вобласць не толькі захавала атрыманы ў 2008 годзе ўраджай збожжавых культур у 1 млн.т, але і павялічыла вагу хлебнага караваю. Больш таго, як падкрэсліў старшыня аблвыканкама, доўгія гады мільённы паказчык для рэгіёна лічыўся малаверагодным. Сёння гэта — рэальнасць, дасягнутая за кошт добрай арганізацыі працы, структурных пераўтварэнняў, новых тэхналагічных і навуковых падыходаў у працы сельгасвытворцаў. У вобласці ўпершыню дасягнутая рэкордная ўраджайнасць збожжа — у сярэднім 34,1 ц/га. Больш чым на трэць павялічыліся валавыя зборы бульбы, рапсу, цукровых буракоў, падкрэсліў А. Якабсон.


“Мы наблізіліся да 20% рэнтабельнасці і выйшлі на бясстратную працу ўсіх сельгасарганізацый, — адзначыў старшыня аблвыканкама. — За мінулы перыяд імі атрыманы прыбытак каля Br220 млрд. Гэта вялікі поспех рэгіёна і адначасова высокая планка дасягненняў, якую мы проста абавязаныя ўтрымліваць на належным узроўні”.


Кіраўнік вобласці адзначыў далей, што ў кіраўнікоў аграрных прадпрыемстваў ужо ёсць неабходны вопыт працы ў рынкавых умовах і разуменне, за кошт якіх фактараў можна палепшыць вытворчыя паказчыкі. Да гэтага варта дадаць і значную дапамогу, якую дзяржава аказвае аграрнай галіне. Толькі за чатыры гады рэалізацыі Дзяржаўнай праграмы адраджэння і развіцця вёскі з усіх крыніц фінансавання ў рэгіён накіравана звыш 8,5 трлн. беларускіх рублёў.


Старшыня аблвыканкама адзначыў, што ў вобласці адбываецца мадэрнізацыя і інтэнсіфікацыя сельскай гаспадаркі, комплекснае пераабсталяванне аграрнай галіны, пераспецыялізацыя гаспадарак з улікам эканамічнай эфектыўнасці і рынкавай кан’юнктуры. У АПК паступае вялікі аб’ём інвестыцый. Да прыкладу, у 2008-2009 гадах на набыццё тэхнікі і спецыяльнага абсталявання было выдаткавана Br715 млрд. Сёлета закуплена 750 новых збожжа- і кормаўборачных камбайнаў і трактароў, 260 грузавых аўтамабіляў Мінскага аўтазавода, 144 камбінаваных глебаапрацоўчых агрэгатаў. Уведзеныя ў эксплуатацыю 11 новых зернеачышчальна-сушыльных комплексаў, якія ўжо сёлета былі задзейнічаныя падчас уборачнай. Амаль Br180 млрд. было засвоена пры будаўніцтве ў кожным раёне новых малочнатаварных фермаў, абсталяванне якіх адпавядае лепшым сусветным узорам.


Аляксандр Якабсон выказаў удзячнасць тысячам хлебаробаў Гомельскай вобласці. На абласным фестывалі-кірмашу “Дажынкі-2009” ён прыняў удзел ва ўшаноўванні і ўзнагароджанні пераможцаў абласнога спаборніцтва па ўборцы ўраджаю 2009 года, а таксама лепшых земляробаў, механізатараў, хлебаробаў, жывёлагадоўцаў вобласці.


Лідэрства сярод рэгіёнаў вобласці заваяваў Калінкавіцкі раён. Аграрыі — нашы суседзі — дасягнулі найбольш важкіх вынікаў працы на хлебнай ніве. У бягучым годзе імі сабрана звыш 68,8 тыс. т збожжа (без уліку збожжа кукурузы). Дарэчы, калінкавічане займаюць лідзіруючую пазіцыю ў абласным спаборніцтве другі год запар.


А вось у спаборніцтве сярод сельскагаспадарчых і іншых арганізацый, іх філіялаў лепшым прызнана камунальнае сельскагаспадарчае ўнітарнае прадпрыемства “Брагінскі” Брагінскага раёна. Тут валавы збор збожжа (без уліку збожжа кукурузы) склаў 7,9 тыс.т.


Канешне, прыкра, што ніводзін з жыткавіцкіх сельгасвытворцаў не змагло выйсці на такія высокія параметры вытворчасці. Аднак і на нашай вуліцы, як кажуць, было свята! І ў нас сёлета ёсць пераможца! Прыемна было бачыць на фестывальнай сцэне нашага земляка Сяргея Федаровіча — маладога механізатара ААТ “Агратэхсервіс”, які заняў першае месца ў абласным спаборніцтве па адвозцы кармоў. Асабіста яму паціснуў руку старшыня абласнога выканаўчага камітэта Аляксандр Якабсон і ўручыў заслужаную ўзнагароду.


Яшчэ за аднаго чалавека давялося парадавацца на галоўным хлебаробскім свяце — першаму намесніку начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Галіне Чорнай у гэты памятны момант уручана Ганаровая грамата абкама прафсаюза АПК.


А свята — працягвалася. Яго настрой жывілі — і гэтаму варта, мабыць, павучыцца! — лельчыцкія маладзёжныя жаночы і мужчынскі народныя гурты. А падтрымаў іх па-зямляцку выдатны беларускі калектыў — Нацыянальны акадэмічны хор імя Цітовіча і яго кіраўнік М. Дрынеўскі.


На думку членаў дэлегацыі Жыткаўшчыны, такія святы патрэбны, бо ў час іх правядзення аддаецца даніна павагі самым адданым гаспадарам беларускай зямлі. А жыткаўчанам ёсць над чым працаваць: нашы хлебаробы могуць паспяхова справіцца з пастаўленымі перад імі задачамі на наступны год. І, магчыма, прадстаўляць раён у наступным годзе будзе значна большая колькасць пераможцаў абласнога спаборніцтва.


У. МІКАЛАЕЎ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.